Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гутарка з дырэктарам Вілейскага цэнтра эстэтычнага выхавання пры аддзеле культуры райвыканкама Таццянай ЗАХАРЫЧ.

Выхаваць сапраўднага чалавека. Кожны з нас не раз чуў гэты выраз. А ці кожны задумваўся, што за ім хаваецца? Выхаваць клапатлівых сына ці дачку, якія радуюць поспехамі ў школе, інстытуце, на працоўным месцы? Не толькі. Станоўчымі ў сям’і, паважанымі ў грамадстве? І гэтага яшчэ мала. Для таго, каб лічыць сябе сапраўдным чалавекам, трэба яшчэ любіць свой край і яго людзей, родную зямлю, шанаваць традыцыі продкаў і беражліва перадаваць іх сваім дзеткам, не забываць мову дзядоў і бацькоў – карацей, заўсёды і ўсюды памятаць пра свае карані.

Пра асаблівасці духоўных каштоўнасцяў нашага народа можна меркаваць па адметнасці яго традыцый (гэта звычкі, святы), фальклору (народныя песні, легенды, казкі, паданні), а таксама па зместу вышэйшых формаў культуры, якімі з’яўляюцца, да прыкладу, літаратура, тэатр, кіно… Пра ўсё гэта – гутарка з дырэктарам Вілейскага цэнтра эстэтычнага выхавання пры аддзеле культуры райвыканкама Таццянай ЗАХАРЫЧ.

– Асноўнай задачай нашай установы, – расказала Таццяна Мікалаеўна, – якраз і з’яўляецца далучэнне насельніцтва – ад чатырохгадовых дзетак да дарослых людзей, бо мы лічымся клубнай установай – да духоўных каштоўнасцяў, беларускай нацыянальнай культуры, гісторыка-культурных традыцый Вілейшчыны, народных промыслаў і рамёстваў, розных відаў мастацтва, творчай дзейнасці. Прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў, духоўна-маральнае выхаванне з’яўляюцца асноўнымі ў вучэбна-выхаваўчым культурна-творчым працэсе цэнтра. У нас працуюць студыі, сярод якіх – два фарміраванні з найменнем «народны» і тры – аматарскія аб’яднанні. Мастацкія калектывы цэнтра – удзельнікі, дыпламанты і лаўрэаты абласных, рэспубліканскіх, міжнародных мерапрыемстваў, дабрачынных акцый. За гады існавання цэнтра – з 1990 года – выставы ўдзельнікаў яго студый былі паказаны ў Дзяржаўным музеі гісторыі музыкальнай і тэатральнай культуры, пасольстве Японіі ў Беларусі, Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці, Доме дружбы, Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Зубраня», у краязнаўчых музеях многіх гарадоў, на мерапрыемствах розных узроўняў. Прыемна, што ў свой час цэнтр атрымаў грант Мінаблвыканкама для рэалізацыі праекта «Шлях да прыгажосці». Сёння мы актыўна супрацоўнічаем з Дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтва. Дарэчы, штогод выпускнікі цэнтра становяцца студэнтамі гэтага ўніверсітэта. Прыемна, што сёлета наша выпускніца Ганна Згрунда прыходзіць у цэнтр маладым спецыялістам, а студэнты Кірыл Чэрнік і Вікторыя Зінкевіч абараняюць дыпломныя праекты «Горад на Віллі» і «Святло Нараджэння Хрыстова». А як не ўзгадаць пра наша супрацоўніцтва з Міжнародным дабрачынным фондам «Сям’я – адзінства – Бацькаўшчына», таварыствамі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі,»Чырвоны Крыж», школай-інтэрнатам для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, раённым аддзяленнем Дзіцячага фонду, дабрачынным гісторыка-культурным фондам памяці Першай сусветнай вайны «Крокі»… Шчыра прызнаю, вельмі няпроста назваць усіх тых, з кім супрацоўнічаем і сябруем.
– Здавалася б, невялічкі калектыў педагогаў цэнтра, а робіць такую справу! Відаць, аб’ядналіся з ім людзі, якія жывуць сваёй прафесіяй, аддаюцца ёй поўнасцю.
– Так і ёсць, калектыў у нас і сапраўды з’яднаны адной мэтай, і гэта радуе. Многія з педагогаў працуюць з дня заснавання цэнтра. Калектывы, кіраўнікамі якіх з’яўляюцца гэтыя творчыя людзі, ведаюць сёння не толькі ў горадзе і раёне. Студыі «Дамісолька» (Г. Я. Гуркіна, канцэртмайстар В. М. Бабурына), «Вілейскія забаўлянкі» (А. У. Лапацкая), «Чароўны квадрат» (А. Г. Шахрай, мастак І. В. Занкевіч), «Пушысцікі» (Т. Д. Малькевіч, мастак Н. М. Прушак), «Маляванка» (А. Р. Судніковіч), «Чарадзейка» (С. М. Хазава), “Куфэрак» (Л. А. Арол), аматарскае аб’яднанне «Спадчына» (М. М. Жыльцова), вакальная студыя «Сола» (В. М. Бабурына) і іншыя фарміраванні.
– Ведаю, што ўстанова супрацоўнічае з праваслаўнай царквой…
– Трэба адзначыць, што клуб духоўнай культуры “Крыніцы чысціні” цесна супрацоўнічае з Вілейскім Благачыннем Мінскай Епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, храмам Прападобнай Марыі Егіпецкай, Выдавецтвам Беларускага Экзархата. Рэалізуюцца праекты «Святло Нараджэння Хрыстова» (Калядны канцэрт, выставы і духоўна-асветніцкія праграмы), «Дні праваслаўнай кнігі», «Незабыўныя імёны Вілейшчыны», «Славутыя землякі», «Любая Вілейшчына мая».
– Якія запамінальныя мерапрыемствы праведзены цэнтрам у бягучым годзе?
– Іх нямала. У краязнаўчым музеі адбыліся выставы, майстар-класы студыі «Маляванка», мастака А. Р. Судніковіч «Цвяток Радзімы васілька», народнай студыі арыгамі «Чароўны квадрат» мастака І. В. Занкевіч і выпускніка студыі Івана Барбука. Цесна супрацоўнічаем і з агульнаадукацыйнымі навучальнымі ўстановамі горада. У іх прадстаўлялі спектаклі «Чырвоная Шапачка і залатое правіла», музычна-гульнёвыя праграмы студыі «Вілейскія забаўлянкі», а таксама майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладному і выяўленчаму мастацтву. Не забудзецца і літаратурна-музычная прэзентацыя «Іду са словам да людзей» – да 80-годдзя з дня нараджэння паэта Івана Лашуткі. Нашы студыі, разам з гісторыка-краязнаўчым музеем, распачалі рэспубліканскі праект «Культура не ведае правінцый: Вілейшчына». Сярод дзіцячых работ на выставе былі прадстаўлены і малюнкі навучэнцаў Вілейскай школы-інтэрната. Выставы былі прымеркаваны да Дня абароны дзяцей. Гэта адбылося ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Працуем не дзеля славы, а для таго, каб раскрываць таленты, выхоўваць, прывіваць любоў да беларускага слова, нашых традыцый, ды жывой музыкі. Дзякуй усім прадпрыемствам горада і раёна,установам культуры і адукацыі, якія нам дапамагаюць, усведамляючы важнасць справы выхавання чалавека. Людзі цягнуцца да светлага, свайго, беларускага – і гэта пацвярджаюць поўныя залы гледачоў на многіх нашых мерапрыемствах. Дзеля гэтага і працуем. Запрашаем усіх – і дзяцей, і дарослых – у нашы студыі.
– Дзякуй Вам, Таццяна Мікалаеўна, за вялікую справу, якую Вы робіце разам з калектывам цэнтра.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена
Таццянай ЗАХАРЫЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 129 queries