Напрыканцы жніўня ў Старынках адзначалі Мядовы Спас і развітваліся з летам. Як і іншыя мерапрыемствы, гэта сабрала вялікую колькасць гледачоў – людзей неабыякавых, зацікаўленых, актыўных. Не па адным, а сем’ямі збіраюцца яны на кожнае свята – такая традыцыя. Да бацькоў прыязджаюць дзеці, унукі – і гаманкой, вясёлай становіцца вёска.
У гэты раз таксама было на што паглядзець. У канцэртнай праграме прымалі ўдзел не толькі свае артысты, супрацоўнікі Старынкаўскага Дома культуры, але і іншыя – з Селішчанскага сельскага клуба, Ільянскага Дома культуры, Абадоўскага сельскага клуба і Забалацкага Дома культуры, не засталася ўбаку і Старынкаўская бібліятэка. Пётр Кулеш, ураджэнец Старынак, які зараз жыве ў Мацькаўцах, а вучыцца на трэцім курсе ўніверсітэта культуры і мастацтваў, таксама прымаў удзел у свяце. Менавіта ён удзельнічаў у тэлепраекце «Імперыя гуку» і стаў яго лаўрэатам. Не менш парадавалі і свае, самабытныя артысты – Васіліна Русак, Людміла Тонкавіч з Абадоўцаў, вядомая тым, што ўсе яе песні і сцэнарыі – аўтарскія, і многія іншыя. А каб свята адбылося «на ўзроўні», паспрыялі спонсары – Юрый Горбач, Андрэй Краўчонак, Генадзь Язінскі. Як расказала Алена Церах, загадчыца Старынкаўскага ДК, паміж іх і названымі ўстановамі культуры склаліся добрыя ўзаемаадносіны, у цесным супрацоўніцтве яны пастаянна ладзяць у розных населеных пунктах святы і ўжо нямала аб’ездзілі вёсак з канцэртнымі праграмамі.
– А як інакш? – не пытаецца, а сцвярджае Алена Іванаўна. – Ад нас, культработнікаў, залежыць і настрой людзей, і тое, як праводзяць яны свой вольны час. Збіраюцца на такія мерапрыемствы не толькі маладыя людзі, але і больш сталыя. І гэта прыемна, што не сядзяць дома, а цікавяцца жыццём вёскі, удзельнічаюць у ім.
Безумоўна, свята аб’ядноўвае пакаленні. Таму на танцах у Старынкаўскім клубе можна ўбачыць і прадстаўнікоў не толькі маладога пакалення, і людзей пенсійнага ўзросту. Назвала Алена Іванаўна імя яшчэ аднаго пастаяннага «ўдзельніка» свята – Вадзіма Язінскага. Вадзім Мікалаевіч працуе ўчастковым і прысутнічае на кожным мерапрыемстве. Ён не проста забяспечвае парадак згодна службовым абавязкам, пастаянна працуе з моладдзю, гутарыць з людзьмі. «Не проста ўчастковы, а чалавек» – так характарызуе яго Алена Церах.
Тут, у мясцовым клубе, не толькі арганізоўваюць святы, але і захоўваюць традыцыі продкаў. Не забываюцца на тое, як валяць валёнкі, узнаўляюць абрадавы звычай «пячы ката». Традыцыі і сучаснасць як і пакаленні,у Старынках побач.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота Алены ЦЕРАХ







