Падатковае заканадаўства прадугледжвае для сельгасвытворцаў, у тым ліку і для фермерскіх (сялянскіх) гаспадарак, права выбару аднаго з трох магчымых варыянтаў выплаты падаткаў: агульны парадак падаткаабкладання; спрошчаная сістэма падаткаабкладання; адзіны падатак для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі.
На тэрыторыі нашага раёна пераважная большасць з іх прымяняе адзіны падатак для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэтая сістэма выплаты падаткаў даволі простая. Акрамя таго, фермерскім гаспадаркам дазволена бухгалтарскі ўлік весці ў «Кнізе ўліку маёмасці і дзейнасці фермерскай (сялянскай) гаспадаркі».
Падаткаабкладанне вытворцаў сельгаспрадукцыі даволі ашчаднае. Стаўка адзінага падатку складае 1 адсотак ад валавай выручкі, якая ўключае ў сябе выручку ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) і пазарэалізацыйныя даходы. Акрамя гэтага падатку выплачваюцца таксама падатак на дабаўленую вартасць, дзяржаўныя пошліны, абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Плацельшчыкі адзінага падатку павінны выконваць абавязкі падатковых агентаў, у тым ліку налічваць і плаціць падаткі пры выплаце заработнай платы і іншых даходаў.
Пры стварэнні фермерскай гаспадаркі дзяржава прадастаўляе магчымасць не плаціць падаткі на працягу трох гадоў з моманту рэгістрацыі. Такая ільгота дзейнічае, аднак, толькі пры вырабе і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі ўласнай вытворчасці. Калі ж фермерская гаспадарка ў гэты перыяд ажыццяўляе і іншыя віды дзейнасці, напрыклад, рознічны гандаль ці транспартную дзейнасць, то выплата падаткаў праводзіцца толькі ад гэтых відаў дзейнасці.
Апошнім часам сярод жыхароў буйных гарадоў, у тым ліку і нашых усходніх суседзяў, набывае папулярнасць такі від адпачынку, як аграэкатурызм. Заканадаўства дазваляе займацца такой дзейнасцю як фізічным асобам, так і вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі. Падатак складае ўсяго 1 базавую велічыню на год, а атрыманыя даходы іншымі падаткамі не абкладаюцца.
Міхаіл ЦІМАШОЎ,
начальнік падатковай інспекцыі