Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Шчасце пачынаецца з працы

Героі гэтых публікацый у свой час аддалі перавагу вясковаму ўкладу жыцця. І ніколькі не шкадуюць.

На гэтым блакітным доміку на ўездзе ў Клесіна з левага боку позірк затрымае, напэўна, кожны. І падумае, што жывуць тут працавітыя і гаспадарлівыя людзі. А яшчэ – нераўнадушныя да прыгажосці. Як-ніяк, а знаходзяць сярод будзённых клопатаў вольную хвілінку, каб упрыгожыць сядзібу. Вунь і парачку буслоў, сімвалізуючых сямейны дабрабыт, «пасялілі» на дрэве, імправізаваны калодзеж зладзілі ды забаўную жабку з камення змайстравалі, пасадзілі маладыя яблынькі. Адразу бачна, што людзі абжыліся тут грунтоўна і не збіраюцца шукаць шчасця ў іншым месцы.
Адамовічаў, – расказвае старшыня Людвіноўскага сельсавета Наталля Шавялёва. – Працавітыя людзі, харошыя. Трохгадовую дачушку гадуюць і неўзабаве чакаюць папаўнення ў сям’і.
Звяртаю ўвагу на дагледжаны гаспадарчы двор, які хаваецца за домам. Павольна гуляюць тут дарослыя гусі, качкі і куры, носяцца, нібыта гуляючы ў даганялкі, іх дзеткі. Адзначаю, што гаспабудоў тут неяк нязвыкла многа.
– А як жа вы думаеце? – з усмешкай гаворыць Наталля Леанідаўна. – Пяць кароў трымаюць людзі, каня, парасят.
А вось і гаспадар. Дзмітрый, вярнуўшыся з дзяжурства (ён працуе вартаўніком), нешта завіхаўся па сваёй немалой гаспадарцы. Слова за слова – завязалася гутарка. Хлопец з дзяцінства часта бываў у дзядулі, які жыў якраз у гэтым доме. Прывык да вясковай працы, да сельскага ўкладу жыцця, таму, стварыўшы сваю сям’ю, застаўся тут. І Юля, жонка, нягледзячы на малады ўзрост, з выбарам мужа згадзілася. Цяпер, калі Адамовічы маюць маленькую дачушку і чакаюць другое дзіцятка, практычна ўвесь цяжар па гаспадарчых клопатах лёг на плечы мужа. Нялёгка даводзіцца, але Дзмітрый спраўляецца.
– Вось толькі з крэдытам разлічыцца, – марыць ён, – тады палягчэла б. А без крэдытаў нам – ніяк, пабочнай дапамогі няма, на адзін заробак не вельмі разгонішся. Таму і купляў і кароў, і даільны апарат, і бензакасу, і веласіпедзік дачушцы за грошы, якія ўзяў у крэдыт.
Паціху разлічымся, упэўнены ў сабе і гаспадарцы Дзмітрый. Вось і сродкі за здадзенае дзяржаве малако – адчувальная падтрымка для сямейнага бюджэта. А ўвогуле, мне спадабаліся аптымізм маладой сям’і, іх жаданне пашыраць сваю гаспадарку, мець большы прыбытак і развівацца.
…Маленькая прыгажунька Аленка моцна трымаецца за рукі бацькоў і з цікаўнасцю пазірае на незнаёмых людзей. Дзяўчынцы спакойна з надзейнымі татам і мамай. Упэўненасць у заўтрашнім дні, спакой і гонар за мужа-працаўніка чытаюцца на твары Юлі. Ёй, прызнаецца, пашчасціла ў сямейным жыцці, яна мае ўтульны дом, сваю гаспадарку, моцную сям’ю. А што яшчэ трэба для шчасця?
На здымку: сям’я Адамовічаў на сваім падворку.

Добра жыць у Добравічах

Колькі арыгінальных, па-свойму прыгожых падвор’яў даводзілася мне бачыць, не злічыць. Але кожнае новае знаёмства з творчымі, неабыякавымі да прыгажосці людзьмі зноў і зноў прыемна ўражвае.
Валянціне і Аляксандру Палудваранінам, здавалася б, было наканавана жыць у горадзе. Напачатку так і было.
– Ды дзе ж ты будзеш жыць у горадзе з маім мужам, які, што называецца, вясковец да мозга касцей! – усміхаецца Валянціна Іосіфаўна. – Падумалі-падумалі і вярнуліся на маю малую радзіму ў Добравічы. Спачатку пажылі ў маёй мамы, а пасля купілі гэты домік.
Цяпер Палудвараніны працуюць на ферме, гадуюць дзвюх дачушак. А ў вольны час з вялікім задавальненнем працуюць на сваім падвор’і, надаючы яму непаўторную прыгажосць і адметнасць. Прыгожая альтанка, дэкаратыўны вадаёмчык, вымашчаныя каменнем дарожкі і мноства самых розных кветак. Ад усёй гэтай прыгажосці, здаецца, усміхаецца нават сам дом, пафарбаваны ў вясёлы аранжавы колер. Валянціна Іосіфаўна ўжо ведае, што іх падвор’е мясцовая ўлада прапаноўвае на раённы конкурс. Што ж, гаворыць яна, можна і паўдзельнічаць. Урэшце, зусім не галоўнае – стаць лідарам, заняць высокае месца. Важней за ўсё, што ад усёй гэтай рукатворнай прыгажосці камфортна і самім гаспадарам, і ўсім, хто бачыць плады іх працы.
На здымку: лепшае ў Добравічах падвор’е Палудваранінаў.
Ірына БУДЗЬКО . Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 235 queries