Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Малітва пра хлеб

Ідзе жніво. Не ў прыклад іншым сельгаскампаніям, ёсць у ім адметная ўрачыстасць. Яна адухаўляе ўдзельнікаў, кладзе на іх абліччы адбітак заклапочанай радасці. З аналагічным настроем выпраўляемся ў дарогу, трымаючы курс на збожжавыя палеткі, і мы, журналісты. Аб’ектывы фотакамер выхопліваюць каларытныя сюжэты вялікай штогадовай дзеі, якая вершыцца сёння ў полі. Добры след у душы пакінула нядаўняя сустрэча з камбайнавымі экіпажамі «Нарачанскіх зораў». Вытворчы матыў адлюстраваны аўтарам гэтых радкоў у фотарэпартажы, апублікаваным у суботнім нумары. А вось пра маральны каларыт кампаніі, які тут назіраю не першы год, і хочацца сказаць некалькі слоў. Па-першае, пра настрой людзей, зразумелы іх парыў на дзейнасць. Паважаючы нашу журналісцкую працу, удзельнікі дзеі знаходзяць некалькі хвілін на інтэрв’ю і то, калі яны прыпадаюць на абедзены час. Ні доўгіх перакураў на ржышчы, ні прастояў з-за няспраўнасці механізмаў. Адладжаны механізм уборачнай не дае збояў. Але, галоўнае, душэўны стан людзей: непадробленая цікавасць да вынікаў і поўная аб іх інфармаванасць, у свядомасці – бачная прысутнасць ідэі, якая кіруе настроем і ўчынкамі людзей.
– Сапраўдныя мужыкі, – гледзячы на фотаздымак першай паласы зрабіла вывад наш рэдакцыйны карэктар. Ведаю, што яна мела на ўвазе. У постацях маладых хлопцаў-камбайнераў, застыўшых на маладым ржышчы, гаспадарская грунтоўнасць, у абліччах – задаволенасць сваім прызначэннем на гэтай зямлі. Дзе вартасць асобы вызначаецца меркай яе адказнасці за лёс даручанай чалавеку справы, адказнасцю яго перш за ўсё перад самім сабой, перад бацькоўскай хатай, родным кутком – стартавай пляцоўкай для паспяховага ўзлёту.
Ідзе жніво. Ідзе хлеб. Нялёгкі. Менавіта хлебам прырода заўсёды выпрабоўвае чалавека на яго хлебаробскую годнасць. Ім жа аддзячвае за неўтаймаваную волю і нораў стваральніка. Як вынік гэтага плённага супрацоўніцтва прыроднай стыхіі і чалавека – штогоднія намалоты збажыны з пастаянна ўзрастаючымі вынікамі. Згодна прагнозу, больш 9 мільёнаў тон ураджаю збожжавых атрымае сёлета краіна. Гэту лічбу назваў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, падчас рабочай паездкі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнка ў Мінскую вобласць. Сёлета краіне няма неабходнасці закупляць фуражнае збожжа, яго ў дастатковай колькасці нарыхтуюць сельгаспрадпрыемствы краіны.
Прыемна ўсведамляць, што ў 9-мільённы намалот будзе ўклад і нашай Вілейшчыны, рэгіёна з багатымі хлебаробскімі традыцыямі. Дзе ўжо сёння ў такіх гаспадарках, як «Нарачанскія зоры» і «Сцешыцы», зафіксавана ўраджайнасць вышэй сарака цэнтнераў. А тэмпы жніва, напрыклад, у ААТ «Сцешыцы» на ўзроўні паўднёвых раёнаў Міншчыны, дзе кампанія выходзіць на фінішную прамую.
…У вёсках гаспадыні ўжо не пякуць хлеб. А водарны пах свежавыпечанага цеста не струменіцца больш з комінаў і вокнаў бацькоўскіх хат. Баюся, што рэцэпты саматужных майстроў страчаны намі назаўсёды. І недзе там, у віртуальнай рэальнасці, вітае вобраз дзяжы з падкіслай рашчынай, набрынялай, нібыта кароўе вымя. Памяць, дадзеная нам у адчуваннях, – гэта таксама спадчына, спаконвечная і непераходзячая. Яна – той духоўны набытак, які мы павінны з беражлівай ашчаднасцю, як каштоўны дыямент, перадаць сваім дзецям. Каб памяталі яны, адкуль ёсць і пайшоў хлеб, галоўнейшы скарб роднай зямлі. «Хлеб наш надзённы дай нам сёння”, – гэтымі словамі наканаваў нам маліцца Хрыстос.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries