Прыярытэт бягучага года – беражлівасць. Ды і не толькі бягучага. Разумная ашчаднасць, гаспадарлівасць ніколі і нікому не шкодзілі. Наадварот, зберагалі рубель – і дзяржаўны, і сямейны, які, як вядома, ніколі не лішні.
Само жыццё прымушае быць ашчаднымі. І ў працоўных калектывах, і дома. Сёння марна растрачаныя вада, газ, цяпло цягнуць на адчувальныя сродкі. Крыўдна, што выкідваюцца яны на вецер, калі маглі б застацца ў свайго ўладальніка і выкарыстоўвацца на патрэбнае. Праўда, пакуль не ўсе гэта ўсвядомілі. Упэўнена, што пакуль – з 1 жніўня, напрыклад, на 14 працэнтаў падаражала электраэнергія…
– Да мяне на пару дзён прыязджала пляменніца пагасціць, – расказала на днях знаёмая. – Такая марнатраўца! Як стане ўранні мыцца-прыбірацца, дык вада з паўгадзіны льецца ў поўную сілу. А ёй хоць бы што. Ці талерку памыць пойдзе, дык хвілін з дзесяць яе трэ. І святло ва ўсіх пакоях запаліць, і тэлевізар трэба каб працаваў з ранку да ночы, хоць і не глядзіць яго, а за камп’ютарам сядзіць. А кававарка ўвогуле не выключалася! Не ведаю, як яна там дома, а для мяне і маіх блізкіх гэта быў сапраўдны стрэс… Вось і не стрывала, пачала выключаць за ёй святло, тэлевізар, рабіла заўвагі і наконт вады. Дык жа не спадабалася – фыркнула і паехала. І сястра моцна пакрыўдзілася, маўляў, раз у некалькі гадоў прыехала дзяўчына, а тут – такі прыём. Карацей, рассварыліся, у сястрыцы ціск падскочыў, расплакалася, ужо колькі часу не звоніць мне. А я таксама не буду, бо не лічу сябе вінаватай.
Такая вось непрыгожая сітуацыя атрымалася. Разумею Марыну (так завуць маю знаёмую) – ёй няпроста глядзець на марнатраўства, бо сама жанчына вельмі беражлівая і гаспадарлівая. І блізкіх сваіх да гэтага прывучыла. Усюды ў іх энергазберагаючыя лямпачкі (кажуць, што вельмі выгадна), не гарыць без патрэбы святло, не выліваецца ўпустую вада. А тут – маладая асоба са сваімі, як кажуць, норавам і звычкамі. Вось і не стрывала гаспадыня… Вынік усяго гэтага сумны.
Беражлівасць – паняцце шырокае. І не толькі гаспадарскі падыход да разнастайных рэсурсаў яна ў сябе ўключае. А што ж яшчэ? Як мне здаецца, ёсць і яшчэ адзін, не менш важны яе бок – захаванне пачуццяў, беражлівыя адносіны да тых, хто побач, уменне зразумець, падказаць – тонка і па-чалавечы. Каб зберагчы прыгожыя адносіны, здароўе адно аднаго.
Ірына БУДЗЬКО
Пад знакам Года беражлівасці
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ








