– Жорка, ну дзе ты? – штурхнуўшы веснічкі, выгукнула гаспадыня сядзібы. І адразу на яе кліч аднекуль з-за хлява паказалася спачатку доўгая жаўтаватая дзюба, а пасля і ўся цыбатая постаць птушынага стварэння. Бусел Жорка, годна выгнуўшы грудку, прамаршыраваў па двары, плаўна распушыўшы крыло свайго бела-чорнага фрака. Як маэстра, перад выхадам на сцэнічную пляцоўку. Гэта і быў выхад Жоркі на агледзіны. Гаспадыня сялібы Таіса Андрашчук, жыхарка Ерхаў, запрасіла аўтара гэтых радкоў для знаёмства са сваім незвычайным навасёлам. І расказала гісторыю, крыху неардынарную. Але такія надараюцца на скрыжаванні двух светаў – жывёльнага і чалавечага. Калі ўзнёслыя ўзаемным даверам, яны імкнуцца адно да аднаго. Першы – у пошуках паратунку. Другі – адчыняючы для дабрыні сваё спагаднае сэрца.
– Вунь, бачыце, пэўна, маці сядзіць, – Таіса ківае на страху сваёй хаты, адкуль за дваровай дзеяй назірае дарослы бусел (ці бусліха). І расказвае гісторыю свайго Жорыка, кароценькую і немудрагелістую, як пакуль што і само жыццё ерхаўскага навасёла.
… Некалькі год таму буслы звілі гняздо ў вярхоўі старой ліпы, якраз насупраць Таісінай хаты. Выводзілі птушанят. Адляталі ў вырай. Вярталіся… Неяк Таіса па дарозе дамоў літаральна чуць не наступіла на пульхны, пакрыты пяшчотным шэрым пухам камячок. Буслянятка! Раўнадушныя буслы не праяўлялі бачнай увагі да нашчадка. І гаспадыня ўзяла малога ў дварышча. Пакарміла… Праходзілі дні. Бусляня, праявіўшы настойлівы нораў, дыхтоўна асталявалася на сялібе, пазбавіўшы месца жыхарства мілага, кудлатага Баксіка. (Сабачаня Таіса набыла ў Вілейцы, прачытаўшы аб’яву ў раёнцы). Выкарыстаўшы сабачую лагоднасць у сваіх карыслівых мэтах, яго выцесніла з законнай будкі курыца-квактуха. І сама засялілася туды са сваімі куранятамі. Уладкаваўшыся так-сяк на сене ў хляве, Баксік зноў быў вымушаны рэтыравацца. Месца чымсьці прыйшлося даспадобы навасёлу Жорыку.
– Бачу, буслы сваіх малых ужо ставяць на крыло, – раўніва пазірае Таіса ў бок буслянкі. – Мой Жорык сыценькі, накормлены. Яму цяжэй лётаць. Але я вучу…
Жанчына пяшчотна падхоплівае птаху пад крыльцы і, узняўшы над зямлёй, далікатна шпурляе перад сабой. Зрабіўшы колькі няпэўных узмахаў, буслік плаўна апускаецца на падвор’е.
– Навучу, – нібы сама сябе пераконвае жанчына. – Ён яшчэ гняздо сваё ўбачыць. І няўдалых бацькоў. З вышыні.
Можна не сумнявацца, што тактыку палёту ім дваім сапраўды ўдасца спасцігнуць. А ерхаўскага навасёла чакае шчаслівы птушыны лёс.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
Жыхарка Ерхаў вучыць лятяць бусла
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов