– У вас такая збажына чыстая – ні травінкі…
– Не любіць нашы палі пустазелле, – жартаўліва парыруе Віктар Драчылоўскі, – галоўны аграном «Нарачанскіх зораў».
Ладны, вокам не акінуць, палетак трыцікале хвалюецца пад ветрам. Над скошаным ржышчам – чыстая сцяна сцебластою. Навобмацак колас тугі, зярняты ладныя, адно ў адно. Набярэш такіх прыгоршчу, укінеш у рот – і адчуеш першародны прысмак хлеба. А ўдзельнікі ўборачнага атрада, прыкусваючы скібкамі, апетытна ўмінаюць боршч, жартаўліва падначваючы раздатчыцу абедаў Альбіну Вішнеўскую. Яны з вадзіцелем аўтобуса Аляксандрам Клімовічам ужо аб’ехалі паўгаспадаркі. Пабывалі ў корманарыхтоўшчыкаў, дзе новы прэс-падборшчык туга спавівае рулоны мурожнай, падвяленай на сонцы травы ў герметычную плёнку. Тэхналогія нямецкая, але ўжо апрабаваная на айчынных палетках.
Альбіна з Аляксандрам накармілі механізатараў, якія заняты пажніўнай апрацоўкай зямлі і цяпер трымаюць курс да другога ўборачнага атрада, што дыслацыруецца з супрацьлеглага боку поля. У краявідаў – знаёмыя абрысы. Не далей, як сёлетняй вясной, давялося з гэтага месца рыхтаваць матэрыял аб ходзе пасяўной кампаніі ў «Нарачанскіх зорах». І вось, як на далоні, – яе вынік. Той, што радуе, дазваляе і цябе адчуваць удзельнікам вялікай тайны прыроды – тайны нараджэння яго вялікасці хлеба.
– Цэнтнераў 50 з гектара возьмем, – акідвае позіркам поле галоўны аграном. – Тут у нас сорт «мадэрата», а там, ківае ў бок, дзе на гарызонце рухаюцца постаці некалькіх камбайнаў, – сорт «Кастусь». Таксама ўрадзіў. Хоць клопат з трыцікале мы мелі немалы. Пасевы дрэнна выйшлі з зімоўкі, амаль 150 гектараў загінула, перасявалі яравымі. Панеслі яшчэ якія выдаткі.
– Ураджайнасць «Нарачанскіх зораў», – нагадваю суразмоўцу інфармацыю сельгасупраўлення, – найвышэйшая ў раёне: больш 43 цэнтнераў. Задаволены?
– Як тут сказаць? Калі шчыра, дык не вельмі. Усе тэхналагічныя нормы захоўвалі пад 55.
– Гэта той выпадак, калі карэктывы ўсё ж ўнесла надвор’е?
– Безумоўна. Калі зерне налівалася, рэзка наступіла спёка. Натура яго атрымалася працэнтаў на дваццаць меньшая… Спадзяюся, трыцікале дапаможа выправіць агульную лічбу намалоту.
Падумалася, што гэта незадаволенасць – у стылі «Нарачанскіх зораў». І сапраўды: толькі акрэсліўшы перад сабой мэту, можна спадзявацца на яе дасягненне.
Так робіць і камбайнавы экіпаж Мікалая Гарэліка. Яго «Лексіён», хоць і працуе ўжо дзявяты сезон – баяздольны камбайн.
– Як і мы, – усміхаецца Мікалай, ківаючы ў бок свайго маладога напарніка– Аляксандра.– Гэта мой сын, – раскрывае інтрыгу старэйшы Гарэлік. Другі сезон мы з ім на адным камбайне.
Саша сёлета падаў дакументы ў Гродзенскі ўніверсітэт, на інжынерна-будаўнічы факультэт. Прайшоў тэставанне і цяпер з надзеяй чакае выніку. Хоць спецыяльнасць хлопец ужо мае, бо ў Маладзечне скончыў каледж. З бацькам у іх выдатны тандэм атрымаўся. Жніво толькі пачалося, а за іх экіпажам ужо лічацца 400 тон намалоту. Такую інфармацыю выдае сын.
– Не чатырыста, а васемсот, – папраўляе бацька. Столькі ж намалочана рапса.
Рупліўцам і надвор’е спрыяе. Хваля дажджоў, што пракацілася па раёну на мінулым тыдні, ледзь зачапіла «Нарачанскія зоры». “Адзін дзень толькі прастаялі”, – канстатуе Мікалай Гарэлік. А сёння экіпаж прастойваць не хоча. Не выкарыстаўшы нават законную гадзіну абеду, камбайнеры падымаюцца ў кабіну.
Іх прыклад пераймаюць Руслан Садоўскі і Аляксей Драчылоўскі. Руслан – студэнт агратэхнічнага ўніверсітэта. Спецыялізуецца на сельгастэхніцы. Вучыцца, кажа, цікава. Асабліва цяпер, калі пайшлі прафесійныя прадметы. Як амаль дыпламаваны спецыяліст, хлопец і ўзначаліў камбайнавы экіпаж. Побач з ім на палетку працуюць бацька Андрэй Садоўскі і брат Павел, таксама студэнт. Толькі займаецца ён у ВНУ іншага профілю – тэхналагічным універсітэце. Рыхтуецца быць праграмістам. Заслужаны камбайнер гаспадаркі, вядомы ў раёне чалавек, вывеў на збожжавую ніву абодвух сыноў. І не хавае бацькоўскага гонару. Бо галоўную навуку на свеце – шанаваць набытак рук чалавечых – ён прывіў ім спаўна, выканаўшы свой важнейшы абавязак перад грамадствам.
Чакаючы, калі запоўніцца чарговы бункер, бавіць час Уладзімір Вараўка, вадзіцель «МАЗа». Гэта яшчэ адзін нарачанец, які прыгадзіўся там, дзе нарадзіўся. Побач – Рускае Сяло. Тут была некалі яго родная хата. Бацькі пакінулі гэты свет. Уладзімір ім таксама ўдзячны. За тую самую хлебаробскую навуку. Яе ён спасцігаў на прыкладзе маці, сціплай калгаснай паляводкі. А бацька быў яго першым інструктарам па кіраванню аўтамабілем. І, напэўна, самым паспяховым. Трыццаць шэсць год ужо Уладзімір круціць баранку. І мае толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы.
…Абганяем гружаныя зернем, з прыкрытымі плёнкай кузавамі, аўтамабілі. Іх курс – на зернеток. Сушыльная гаспадарка «Нарачанскіх зораў» арыентавана на прагнозную ўраджайнасць. Практычна ўсё намалочанае за дзень збожжа праходзіць праз КЗС-ы, – дае інфармацыю Віктар Драчылоўскі. Ён таксама не настроены на доўгія размовы. Дачакаўся свайго часу Хлеб. І водарам жытніх зярнят настоены ваколіцы.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара







