Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дык мала пра мяне, ужо і ў асабістае жыццё маіх дзяцей умешваюцца, пускаюць пра іх розныя небыліцы…

Віляйчанку Таццяну Іванаўну (назавём яе так) у рэдакцыю прывяла даволі распаўсюджаная праблема – няпростыя ўзаемаадносіны з суседзямі. За гады працы ў газеце мне даводзілася нярэдка выслухоўваць пра падобнае. У памяці, як нямоглая вясковая пенсіянерка на працягу многіх гадоў вяла вайну з суседзямі за паўметра нібыта адабранай у яе зямлі; як адзін вясковец паставіў калодзеж не там, дзе хацелася суседу – і пачаліся шматгадовыя скаргі-высвятленні; як у жанчыны прапала дарагая рэч і пацярпелая беспадстаўна (а гэта ў рэшце рэшт высветлілася) абвінавачвала ў крадзяжы суседа-пенсіянера…

Усіх тых людзей, хто звяртаўся ў рэдакцыю, звязвала адно – кожны з іх хацеў разабрацца з суседам-нядобразычліўцам рукамі журналістаў. Маўляў, прапясочце вы яго, назавіце прозвішча, усё «грахі» – няхай людзі ведаюць… І кожнаму з іх, пакрыўджаных, даводзілася тлумачыць, што падобнай зброяй для высвятлення двухбаковых адносін рэдакцыя не будзе. Чаму журналіст павінен паверыць незнаёмаму чалавеку? Дзе гарантыя, што ён не ачарняе свайго суседа? Урэшце, калі справа зайшла ўжо вельмі далёка, то ёсць органы, у кампетэнцыі якіх разабрацца і нават пакараць вінаватага.
Пра ўсё гэта я сказала і Таццяне Іванаўне. Жанчына са мной пагадзілася і папрасіла толькі аб адным: «Не трэба прозвішчаў – майго і суседзяў, напішыце проста, што ёсць такая праблема». І расказала сваю гісторыю.
У Вілейку прыехала гадоў з дваццаць пяць назад – выйшла замуж за мясцовага хлопца. Жылі і цяпер жывуць у прыватным доме. Непаразуменні з суседзямі пачаліся адразу ж: то яны, цікуючы праз плот, заўважылі, што маладая нявестка не так, як ім здаецца, даглядае градкі – і пайшлі чуткі, што хлопец узяў у жонкі гультайку; то, убачыўшы маладзіцу ў агародзе ў купальніку, навесілі на яе ярлык жанчыны лёгкіх паводзін; то цюлі на вокнах маладой сям’і падаліся суседзям не зусім чыстымі – і пайшло па людзях, што маладая жонка няўмека…
– Спачатку я плакала, моцна перажывала, – падзялілася жанчына. – З гадамі пачала разумець, што не варта на ўсё гэта звяртаць увагу – ніякіх нерваў не хопіць. А яны ўсё не супакойваюцца… Вось ужо і чараўніцай мяне зрабілі, маўляў, вочы дрэнныя, наводжу ўсялякае на людзей. Дык мала пра мяне, ужо і ў асабістае жыццё маіх дзяцей умешваюцца, пускаюць пра іх розныя небыліцы.
Такая вось жыццёвая гісторыя. Даволі распаўсюджаная, многім знаёмая. Здавалася б, дробязь, махнуць на ўсё гэта рукой і жыць, не звяртаючы ўвагі на такіх усёбачачых і ўсёведаючых суседзяў, не апускаючыся да іх узроўню. Ды вось для нашай чытачкі гэта, відаць, не дробязь, калі прыйшла са сваёй праблемай у рэдакцыю. Канешне ж, можна ўявіць, як гэта няпроста, сустрэўшыся з суседзямі, моўчкі праходзіць міма, схаваўшы прыветнае «дзень добры» недзе глыбока-глыбока. А можа, падумалася, і не хаваць яго, а наадварот, прыпыніцца ля суседзяў і спакойна, без крыкаў і абвінавачванняў, задаць хвалюючае пытанне: што вам, паважаныя, патрэбна ад маёй сям’і? Можа,адкажуць, а, магчыма, і задумаюцца, асэнсуюць ды зробяць вывад. А калі не? Што ж, у народзе кажуць, што гарбатага выправіць толькі самі ведаеце што. Застаецца не звяртаць на іх увагі і проста жыць, радуючыся кожнаму дню. Не было б большай бяды, як тыя беспадстаўныя чуткі. Жывіце сумленна, будзьце сабой – і ўсё пустое, выдуманае адпадзе ад вас само. На злосць тым, на чый рот не накінеш хусцінку.
Ірына БУДЗЬКО

Visited 9 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 226 queries