Сялібу Лабецкіх, што жывуць у горадзе па вуліцы Касмадзям’янскай, пераблытаць з чыёйсьці немагчыма. Думаю, што кожны, хто праходзіць па вуліцы ўпершыню, нават прыпыніцца, загледзеўшыся на тварэнне рук дбайных гаспадароў. А паглядзець і сапраўды ёсць на што. На падворку ў шэсць сотак тут умясцілася вельмі многае: і агарод, зроблены сваімі рукамі дом з бусламі над дахам; «врамяначка», аздобленая разнымі дзвярыма і абвітая кветкамі; альтанка, дзе дружная сям’я любіць адпачываць; камін і барбекю… І сярод усяго гэтага – мноства выразаных з дрэва казачных фігур, арыгінальных падставак пад кветкі, клумбаў… Прызнаюся шчыра, такое я ўбачыла ўпершыню, хоць даводзілася сустракацца з многімі ўмельцамі. Нездарма, падумалася, падвор’е Лабецкіх летась стала пераможцам у раённым конкурсе.
З трымя мілымі жанчынамі – гаспадыняй Валянцінай Леанідаўнай, яе малодшай дачушкай Вікторыяй і мамай Аленай Пятроўнай – гутарым у альтанцы пры доме. Валянціна сціпла расказвае пра сваё, па яе словах, звычайнае жыццё, мужа, якога, без перабольшвання, ёй паслаў Усявышні, і дзяцей – чатырох дачушак Наталлю, Лілію, Вольгу і Віку. У жніўні Лабецкія будуць адзначаць трыццацігоддзе сумеснага жыцця, і на гэтую ўрачыстасць старэйшыя дочкі прыедуць ужо са сваімі сем’ямі, з мужамі і дзецьмі. І ажыве тады падворак ад дзіцячых галасоў. А калі гаспадар яшчэ і баян у рукі возьме ці прыгадае маладосць і стане да «Ямахі», то і ўвогуле будзе сапраўднае сямейнае свята.
А сустрэліся яны, Валянціна і Эдуард, выпадкова. Урэшце, як часта выпадковасць бывае лёсавызначальнай… Дзяўчына нарадзілася на Вілейшчыне, у вёсачцы Адамаўшчына, а хлопец родам з Лагойскага раёна. Прыехаў да сястры ў Вілейку, дзе і сустрэў сімпатычную бландзінку. Ды і сам ён, усміхаецца Валянціна, адразу ж спадабаўся: чарнявы, з многімі музычнымі інструментамі на «ты». А неўзабаве і вяселле згулялі, узялі ўчастак у Воўкаўшчыне, пачалі будавацца. Паступова прыходзіла да Эдуарда цяга да творчасці.
– А пачалося з таго, што я папрасіла яго зрабіць мне падстаўку для пакаёвых кветак, – расказвае Валянціна Леанідаўна. – Муж згадзіўся, знайшоў у лесе патрэбны матэрыял, узяўся за работу. Памятаю, сядзіць вечарамі ды ўсё нешта чаруе над гэтым дрэвам. Некаторыя з мужчын толькі плячыма паціскалі, маўляў, навошта гэтым глупствам займацца. А ён зрабіў задуманае. Гэта падстаўка для кветак у выглядзе дрэва і сёння ўпрыгожвае двор.
Далей – болей. Зімовымі вечарамі, калі болей вольнага часу, Эдуард выразаў фігуры звяроў, казачных персанажаў – гэта для падвор’я. Ды і ў доме ўсё болей і болей з’яўлялася, не пабаюся гэтага слова, яго твораў. Твораў адметных, арыгінальных. Рамы для карцін, полачкі, вешалкі, дзверы і нават шафы – на ўсім гэтым зараз бачна рука майстра. А ў дадатак да ўсяго – камін-прыгажун уласнай работы.
– Печкі ён таксама навучыўся рабіць сам, – з гонарам гаворыць пра зяця Алена Пятроўна. –Паглядзеў неяк, як і што робіцца,і ўсё. Першую зрабіў у сябе дома – удалася. А тады і мне ў вёсцы такую добрую зрабіў, і цёткам… Наш Эдзік такі чалавек – калі што захоча асвоіць, то абавязкова навучыцца і зробіць.
У доме Лабецкіх заўсёды людна. Акрамя гаспадароў і іх дзяцей, тут пятнаццаць гадоў, аж да смерці, жыла маці Эдуарда Эдуардавіча. Цяпер жа на месца адной мамы прыехала другая, якая ў свой час засталася адна ў вясковай хаце.
– Заўсёды з мамамі ўжываліся? – пацікавілася ў Валянціны Леанідаўны.
– Заўсёды, – усміхнулася яна. – Свякроў, бывала, дачкой мяне звала, радавалася, што ў сям’і парадак і лад. Думаю, што было ёй у нас добра. Мая мама таксама не ў крыўдзе, нават паправілася ў нас…
Алена Пятроўна задаволена ўсміхнулася, пацвярджаючы словы дачкі. І сапраўды, як ёй не цешыцца тым, што бачыць штодня. А для маці шчасце дачкі – галоўнае ў жыцці.
І ўсё ж, падумалася, нават працавітым ды гаспадарлівым нялёгка, калі ў сям’і падрастаюць чатыры дачкі. Гэта ж толькі на ўборы колькі трэба!
– Канешне ж, няпроста, – пагадзілася са мной Валянціна Леанідаўна, – ды пры нашых не вельмі высокіх заробках. Аднак, наш тата ўзяў усе клопаты на сябе. Працуе вельмі многа, ад ранку да вечара. Вось і сёння, бачыце, яго няма, прыедзе позна.
І столькі шчасця я ўбачыла ў вачах жанчыны! Гэтае яе пачуццё перадалося і мне – стала радасна і светла на душы ад усведамлення, што пазнаёмілася з яшчэ адной сям’ёй, дзе жыве прыгажосць. У аздабленні свайго жылля і ў пачуццях.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара















