Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

400-годдзе прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе

Завяршыліся ўрачыстасці ў Будслаўскім касцёле, прысвечаныя 400-годдзю прабывання там абраза Маці Божай. Але розгалас іх яшчэ доўга будзе гучаць над мястэчкам, рэха шчырай малітвы вернікаў на гэты раз дойдзе да Ватыкана, дзякуючы прысутнасці на свяце спецыяльнага легата святога Айца, старшыні Папскай рады па міжрэлігійнаму дыялогу кардынала Жана-Луі Тарана. Візіту высокай духоўнай асобы ў Будслаў папярэднічалі яго сустрэча з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, дыялог у кантэксце разумення, які прадэманстраваў волю свецкай і царкоўнай улады да супрацоўніцтва. Апошняе стала магчымым у выніку мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне, дзе ў пашане духоўнасць і мараль, дзе храм, якой бы канфесіі ён ні належаў, служыць цэнтрам яднання людзей вакол ідэй любові, справядлівасці і гуманізму.

Пад сутарэннямі Будслаўскага касцёла Маці Божая збірае сваіх дзяцей, каб нагадаць ім, што светам кіруе ісціна сапраўднай веры. Менавіта яна выключае эгаізм асобы і эгаізм самаўзвышэння, супраць якіх два тысячагоддзі таму перасцерагаў сваіх паслядоўнікаў Езус Хрыстус. Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай – гэта месца яе сапраўднай тут прысутнасці. Ласка нябесная разліта над алтаром з выяваю каранаваных дзіцяткі і Маці, аўра разумення і даравання пануе над спавядніцамі, дзе апантаныя прагаю ачышчэння вернікі адчыняюць перад святарамі боль сваіх пакутных душ. Не адно пакаленне людзей, якія за прайшоўшыя стагоддзі нарадзіліся на будслаўскай зямлі і сыйшлі з яе ў вечнасць, прыгарнула да свайго сэрца Маці Божая. Яна вылечвала і збаўляла ад болі дзетак, адгукаючыся на шчырыя просьбы зямных маці, дапамагала чалавеку годна несці наканаваны яму лёсам крыж. З цягам часу касцёл сталі наведваць пілігрымы з розных месцаў краіны, кола іх шырылася. Святыня стала цэнтрам каталіцкага жыцця Беларусі. У гэтым змаглі пераканацца госці юбілейнай будслаўскай урачыстасці, вітаючы дзясяткі тысяч пілігрымаў, над шарэнгамі якіх развяваліся харугві з назвамі самых розных населеных пунктаў і парафій краіны.
…Перад мастом цераз абмялелую рэчку Зуйку (так яе называюць мясцовыя жыхары) абганяем пешых пілігрымаў з Баранавіч. Узнёслых і радасных, без стомы на тварах, хоць за спіной – не адзін дзясятак кіламетраў, іх вітае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён правёў да храма толькі што прыбыўшую пілігрымку і паспяшаўся назад, на сустрэчу з чарговай, якая ўжо на падходзе. Мітрапаліт не грэбуе традыцыйным метадам перасоўвання. Асядлаўшы веласіпед, хутка дасягае месца часовага прыпынку пілігрымаў. Гучаць прывітальныя словы, смех і нават жарты. Сёння каталіцкі касцёл прыняў у сваё ўлонне тысячы юных вернікаў і ў кантактах з імі ўлічвае іх малады тэмперамент, актыўнасць, схільнасць да імправізацыі. Маладыя дамінуюць сярод пілігрымаў сваёй пераважнай большасцю. І ўсё ж позірк не-не ды і выхапіць з натоўпу сталы, засяроджаны твар, з адбіткам перанесенай фізічнай нагрузкі. Але пры падыходзе да касцёла стома спакваля сціраецца – і перад абразом Маці Божай схіляецца ў шчырай малітве нібыта абмыты радасцю гэтай сустрэчы, абноўлены духам і целам, поўны надзеі чалавек.
Кардынал Жан-Луі Таран узначаліў святочную літургію ў храме, якая распачалася 6 ліпеня. У ёй удзельнічалі высокія духоўныя асобы каталіцкай царквы, прадстаўнікі іншых веравызнанняў і дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій. Прывітальнае слова Прэзідэнта Беларусі агучыў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка.
«Марыя ведае нашы патрэбы, ведае, з чаго складаецца наша жыццё і «заўсёды будзе з намі…» Марыя «вучыць нас маліцца», а маліцца – значыць «дазволіць Богу завалодаць нашым сэрцам», – зазначыў легат Папы, Кардынал Жан-Луі Таран. Згодна яго слоў, Маці Божая «сабрала ўсе слёзы беларускага народа, пралітыя на працягу ўсёй яго трагічнай гісторыі… – Яна «адчыніла перад касцёлам у Беларусі новыя далягляды… і паказвае мэты, якія нам неабходна дасягнуць»…
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі. Адбылася цырымонія гашэння маркі, выдадзенай з нагоды Будслаўскага юбілею. А на заканчэнне літургіі прагучалі звароты старшыні Мінаблвыканкама Барыса Батуры, прадстаўніка Мітрапаліта Філарэта пратаіерэя Аляксандра Шымбалёва і Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
Афіцыйная цырымонія яшчэ раз акцэнтавала ўвагу на тых вечных каштоўнасцях, наяўнасць якіх дазваляе свету развівацца па законах любові і міласэрнасці. Аб іх не прачытаеш ні ў адным заканадаўчым акце, ні ў адным кодэксе, які рэгламентуе паводзіны і ўчынкі кожнага з нас. Але жыла б паміж бліжнімі любоў, якую нясе свету хрысціянская вера, і не спатрэбіліся б нам ні законы, ні кодэксы… Такую выснову выносіш з маштабнай дзеі святкавання юбілею абраза, гонар мець які мае наша беларуская зямля.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара і з сайта www.catholic.by

Visited 7 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 233 queries