У гэты дзень тут, у скверы па вуліцы Камарова, было нязвыкла ўрачыста. Сюды сцякаліся людзі, каб стаць сведкамі вельмі важнай падзеі – адкрыцця памятнага знака ў гонар паэта, настаўніка і цудоўнага чалавека Івана Лашуткі. Лёгкі ветрык далёка разносіў узмоцненыя мікрафонам словы паэта, якія чыталі вядучыя, і нават бярозкі, звычайна гаварлівыя, прыціхлі, суцішылі сваю неўгамонную лістоту.
Тут, у суседнім доме, паэт жыў. А гэты скверык пасаджаны з яго непасрэдным удзелам. Раслі-падымаліся дрэўцы, і радавалася сэрца Івана Іосіфавіча, і нараджаліся да глыбіні душы кранаючыя радкі пра родную Вілейку, мілы сэрцу верасовы край, землякоў. Сялянскі сын, ён усім сваім вялікім сэрцам любіў зямлю, вёску і ўслаўляў прыгажосць роднай прыроды, нялёгкую, але высакародную працу. «Быць тваім сувязным на зямлі – найвялікшы гонар у свеце. …Цеплыню вясновай раллі перадаць я спяшаюся дзецям», – напісаў у адным са сваіх вершаў Іван Лашутка, звяртаючыся да шчодрай нівы паэзіі. І да свайго апошняга дня быў верны гэтаму высакароднаму шляху.
«Я слову аддаю пашану, іду са словам да людзей…» – гэтыя радкі паэта сталі назвай мерапрыемства, якое праводзілася ў рамках праекта «Незабыўныя імёны Вілейшчыны». Упэўнена крочыць ён па нашай зямлі, абуджаючы ў нашых сэрцах удзячную памяць пра славутых землякоў. Іван Лашутка – яркі прадстаўнік гэтай кагорты.
– Сімвал творчасці і паэтычнага дару паэта ў скверы ля яго дома будзе нагадваць усім нам, што жыццё нам дадзена, каб тварыць, – сказала, вітаючы віляйчан на адкрыцці памятнага знака, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга.
Камень і пяро, што імкнецца ўвысь – такім убачыўся стваральнікам помнік. Здавалася б, рэчы несумяшчальныя. Аднак… Як падзяліліся архітэктар Анатоль Капцюг, аўтар кампазіцыі, і аднакласнік Івана Лашуткі Станіслаў Ляшковіч, у тым і арыгінальнасць. Думаючы чалавек адразу «расшыфруе» тое, што хацелі данесці стваральнікі: камень – гэта аснова, усё тое, што характарызуе паэта як чалавека, а пяро – яго вялікі дар, што даецца Усявышнім толькі адзінкам.
Цёпла і паважліва ўзгадаў пра Івана Лашутку акцёр і рэжысёр Беларускай тэлерадыёкампаніі Алег Вінярскі, якога з паэтам звязвалі доўгія гады знаёмства. «Жыць сумленна, высока, па-хрысціянску вучыў нас Іван Іосіфавіч, – сказаў Алег Аляксандравіч. – Ён кінуў зярняткі ў вілейскую зямлю, і яны дадуць дружныя ўзыходы. Будуць тут новыя паэты, яго прадаўжальнікі, якія панясуць далей факел, запалены Лашуткам».
Не толькі як паэта, але і як цудоўнага чалавека і педагога ведаў Івана Іосіфавіча дырэктар трэцяй гарадской школы Мікалай Гіро. Памяць паэта, адзначыў ён, будзе ўшанавана і ў школе, дзе Лашутка працаваў многа гадоў, – тут будзе адкрыты літаратурны клас, своеасаблівы музей яго творчасці.
А затым да мікрафонаў падышлі тыя, дзеля каго паэт тварыў і працаваў – дзеці, вучаніцы гімназіі №2, класным кіраўніком у якіх – дачка паэта Лілія Іванаўна. Яе выхаванцы прачыталі верш «Хлапчукам вуліцы Камарова», а сама Лілія Іванаўна са светлым сумам узгадала пра бацьку. Пякучы боль ад незваротнай страты не прайшоў, сказала яна, ён ператварыўся ў светлы ўспамін. Паэт не пайшоў, ён жыве ў сваіх цудоўных вершах, песнях, у добрых справах, у гэтай бярозавай алейцы…
Міжволі зірнула на партрэт-банэр паэта, што з вышыні суседняга дома назірае за ўсім, што тут адбываецца. Мне падалося, што позірк Івана Іосіфавіча, удумліва-заклапочаны і, разам з тым, светла-цёплы, стаў яшчэ больш цёплым ад гэтых слоў дачкі…
Многа цёплых слоў за гэты дзень было сказана пра чалавека, які гэты праект – «Незабыўныя імёны Вілейшчыны» – вынес, вобразна кажучы, на сваіх плячах. Гэта дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання, надзвычайна творчая і неабыякавая жанчына Таццяна Захарыч. Да яе высакароднай справы далучыліся многія віляйчане. Вось і памятны знак у гонар Івана Лашуткі ствараўся многімі. Падчас мерапрыемства ўсе яны ўзгадваліся цёплымі падзячнымі словамі: і працоўныя калектывы «Памяці» і «Зеніт БелОМА», і стваральнікі праекта, і мясцовая ўлада.
Адкрыццём памятнага знака і ўскладаннем да яго кветак мерапрыемства не закончылася – яно працягнулася ў Палацы культуры. Тут гучалі вершы Івана Лашуткі, песні на яго словы. Таццяна Захарыч, Алег Вінярскі, Аляксандр і Алеся Высоцкія, Віктар Кажура, Аляксандра Лапацкая, Валянціна Цітовіч, Аксана Жук, Уладзімір Лапцік, Уладзімір Цанунін… Яны і многія іншыя, хто ведаў, сябраваў з паэтам, у гэты дзень гаварылі пра яго і з ім – веру, што чыстая душа паэта была сведкай усяго, што адбывалася…
Закончылася праграма сустрэчай з яшчэ адным нашым знакамітым земляком –кампазітарам Леанідам Левашкевічам, ураджэнцам Куранца, які сёння жыве ў Санкт-Пецярбургу і ўзначальвае творчую садружнасць «Маэстра». У сакавіку гэтага года Леанід Валянцінавіч ужо прыязджаў у Вілейку разам з лаўрэатам міжнародных конкурсаў Андрэем Бараненкам. І ў гэты раз творы вядомых рускіх кампазітараў і Леаніда Левашкевіча выконваў гэты ж музыкант-віртуоз. Наўрад ці можна перадаць словамі тыя ўражанні, якія я адчувала – гэта трэба было бачыць і чуць.
Закончылася яшчэ адно запамінальнае мерапрыемства. Аднак цікавыя праекты будуць працягвацца, і яшчэ многа-многа старонак пра славутых землякоў адкрыецца нам. Незабыўныя імёны Вілейшчыны… Яны ў нашай памяці.
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара















