Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Да 80-годдзя з дня нараджэння Івана Лашуткі будзе прымеркавана літаратурна-музычная кампазіцыя «Я вершу свой лёс давяраю»

Да 80-годдзя з дня нараджэння  Івана Лашуткі   будзе прымеркавана літаратурна-музычная кампазіцыя «Я вершу свой лёс давяраю», якая пачнецца 1 ліпеня а 17 гадзіне. Сімвалічна, што адкрыццё малой скульптурнай формы – дэкаратыўнага элемента клумбы ў выглядзе пяра белай гусі пройдзе там, дзе жыў паэт – па адрасе Камарова, 5. Аўтар праекта скульптурнай формы – архітэктар Анатоль Капцюг. Месца выбрана не дарэмна – у далейшым турыстычныя маршруты будуць праходзіць не толькі па цэнтральных вуліцах горада, але і па такіх як гэта – аддаленых, але не менш цікавых.
Названае мерапрыемства – адно з шэрагу ў рамках праекту «Незабыўныя імёны Вілейшчыны», які распачаўся канцэртам-прэзентацыяй дыска «Іду са словам да людзей». У той жа дзень у 18.30 у Палацы культуры на вершы Івана Лашуткі прагучаць песні ў выкананні нашых артыстаў, вядучым мерапрыемства стане ўжо вядомы вілейскаму гледачу Алег Вінярскі, артыст Беларускага радыё, адзін з аўтараў праекта. Праграму працягне сустрэча з кампазітарам Леанідам Левашкевічам і калектывам «Віртуозы Пецярбурга».
Ушанаванне памяці земляка, яго творчасці, папулярызацыя беларускага слова і гісторыка-культурных традыцый Вілейшчыны – галоўная мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары. І запрашаюць выпускнікоў, чытачоў, калег, гасцей горада, усіх жадаючых. Уваход – па запрашальных білетах, якія можна атрымаць ў Палацы культуры. Даведкі па тэлефонах: 5-44-90 і 5-43-72.
– Вельмі прыемна, – заўважыла падчас нашай размовы дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч – што на Вілейшчыне шануюць талент сваіх землякоў і памяць пра іх. «Незабыўныя імёны Вілейшчыны» і «Славутыя землякі” – абодва гэтыя праекты не проста функцыянуюць – жывуць. Дзякуючы людзям неабыякавым праходзяць вечарыны памяці, чытанні, іншыя мерапрыемствы. Радуе таксама, што падтрымліваюць іх раённыя ўлады.
Яшчэ адно пацвярджэнне сказанаму – у сярэдняй школе №3, дзе настаўнічаў Іван Іосіфавіч, да 80-годдзя з дня яго нараджэння мяркуецца адкрыць літаратурны клас.
Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 168 queries