Сёмуху ў некаторых мясцінах Вілейшчыны называюць яшчэ зялёным святам. А сімвал яго – бярозавая галінка. Мо таму, што яна першай вылузгвае са сваіх клейкіх пупышак зялёнае лісце. Такое далікатнае, цнатлівае, водарнае – сімвал надыходзячага лета. Зялёнае святло ў мінулую нядзелю адлюстроўвалі вуліцы аграгарадка Сцешыцы, дзе ладзілася раённае свята Сёмуха. Патрэбна сказаць, што ў мерапрыемстваў падобнага кшталту – заўсёды адметны каларыт. Ён – у захаванні сцэнарыстамі народных традыцый і абраднасці, якія ненавязліва пераплецены з рэаліямі сучаснасці.
Як бы імпэтна не раскручвалася спіраль развіцця, напаўняючы жыццё вёскі новымі з’явамі і тэрмінамі, заўсёды ў гумарыстычных дасціпных дыялогах будуць дэманстраваць сваё красамоўства непадражальныя насельнікі сельскіх сядзіб. І будуць дасціпныя сутычкі, лёгкія кпіны, якія аднак ніколі не пераходзяць мяжу прыстойнасці. Тэкля, Гэлька, Яўхім прыйшлі на сустрэчу са сцешыцкай публікай. І не толькі з ёю. Дачуўшы пра свята, сюды заспяшаліся жыхары акаляючых вёсак, у якіх таксама жывуць свае Яўхімы і Гэлькі і дзе таксама шануюць песні даўніны, з вуснаў у вусны перадаючы немудрагелістыя радкі і мелодыю: «Бяроза мая бярозанька, бяроза мая белая… стаіш ты, бярозанька, пасярод даліначкі». Задушэўна спяваюць удзельнікі вакальнага гурта «Вечарына». Пад песню ладзіцца карагод. Лёгкае, амаль бязважкае кола з дзявочых постацей, пераадолеўшы час і прастору, нібыта вяртае нас да вытокаў. Тых, што на ўзроўні геннай памяці занатавала наша свядомасць. «Мы саўем вяночкі на гады добрыя, на жыта густое, на ячмень каласісты…» Абрад кумлення ў выкананні дзяўчат з Куранецкага сельскага Дома культуры імгненна адгортвае старонкі памяці, узнаўляючы адвечнае жаданне хлебароба мець добры плён ад урадлівай нівы, ад клопату сваіх рук, якім ён лашчыць зямлю-карміцельку. Так было спакон веку і так будзе. Бо разносіць ўжо ў наваколлі вятрыска свежы пах загорнутага ў колас зярняці. І са святочнай урачыстасцю квітнеюць на абмежках рамонкі.
Ах, колькі талентаў выпеставала на сваім улонні вілейская зямля! Колькі галасоў, срэбных, як гоман крынічны, выплеснуліся сёння на прастору сцешыцкіх вуліц, каб уславіць свята, што цесна звязала, бы тыя стужкі на бярозавым голлі, вытокі абраднасці і вытокі веры. Веры сапраўднай, ненадуманай, якую нясе ў сабе святая Троіца. Яна сімвалізуе сашэсце на апосталаў Святога Духа, якое абяцаў ім Ісус Хрыстос перад тым, як узняцца на нябёсы. І праваслаўная царква, адзначаючы свята Троіцы, услаўляла ў гэты дзень ачышчэнне чалавека, яго ўнутранай сутнасці і збаўленне нас ад панавання цёмных сіл і вечных пякельных мук.
І дзея, што адбывалася ў Сцешыцах, ніколькі не супярэчыла хрысціянскаму накірунку нашага духоўнага аднаўлення. Вакальныя гурты «Куранчанка» (Куранецкі СДК), «Медуніца» (Ільянскі), «Жаваранкі» (Лыцавіцкі) радавалі песняй – то шчымлівай, да душэўнага болю, то бадзёра радаснай, ад якой хацелася пусціцца ў скокі… Дарэчы, так яно і надарылася тым часам. Спакваля пераадолелася мяжа паміж выступоўцамі і гледачамі, усё закружылася, загаманіла, загуло ў адзіным імпэтным карагодзе свята.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота прадастаўлена аддзелам культуры
райвыканкама
Па традыцыі, на свяце Сёмухі, былі падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнай творчасці. На гэты раз ён праходзіў пад знакам лепшай пастаноўкі работы сельскіх клубных устаноў «Наш клуб – талентаў кузня». Дыпломамі за першае, другое і трэцяе месца ўзнагароджаны адпаведна Людвіноўскі і Нарачанскі сельскія Дамы культуры, Селішчанскі сельскі клуб.








