У рэспубліканскім аглядзе-конкурсе па ахове працы «Нарачанскія зоры» выйшлі на трэцяе месца
Якія асацыяцыі выклікае ў вас слова «прафсаюз»? Не ведаю, як у каго, а ў мяне – цікавыя паездкі, аздараўленне, спаборніцтвы прафмайстэрства, віншаванні са святамі, юбілеямі… Карацей, прыгадваецца многа прыемнага, што сведчыць пра клопат аб працаўніках, абарону іх інтарэсаў.
Урэшце, менавіта гэта і павінна быць першачарговым у дзейнасці прафесіянальных саюзаў.
На цікавае і, безумоўна, вельмі важнае мерапрыемства запрасіў нядаўна старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ігар Шавялёў – выпала магчымасць папрысутнічаць на ўручэнні заслужаных узнагарод калектыву СВК «Нарачанскія зоры». І выконвалі гэтую місію старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Андрэй Някрэвіч і галоўны тэхнічны інспектар гэтага прафсаюза Аляксандр Мотуз.
– Нагода наведацца ў гэту гаспадарку прыемная, – падзяліўся Аляксандр Васільевіч. – Па выніках штогадовага рэспубліканскага агляду-конкурсу па ахове працы «Нарачанскія зоры» выйшлі на трэцяе месца. Гэта высокае дасягненне.
Што тут скажаш, прыемна, вядома, атрымаць і адпаведны дыплом, і прэмію ў сто базавых велічынь, і відэакамеру ў падарунак. Але ж, падумалася, усё гэта заслужана, бо за ўзнагародамі хаваецца столькі працы ўсяго калектыву СВК! Дбаюць пра людзей ў гаспадарцы і на справе даказваюць гэта інспектар па ахове працы і тэхніцы бяспекі Ірына Гулецкая, старшыня прафсаюзнага камітэта Валерый Тонкавіч, намеснік старшыні гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Віталь Бандарык і Мар’ян Садоўскі, кіраўнік сельгаскааператыва. Ім не трэба тлумачыць, што галоўнае багацце на любой вытворчасці – людзі, шчырыя працаўнікі, праца якіх павінна быць бяспечнай і дастойна ацэненай.
Акрамя вышэйузгаданых падарункаў, прадстаўнікі абласнога райкама прафсаюза прывезлі ў гаспадарку і яшчэ два – ад сябе, якія адрасаваліся лепшым працаўнікам гаспадаркі.
– Мы вырашылі, што адзнакі сваёй сціплай працы заслужыла аграном-насеннявод Юлія Путырская, – выказаў сваю думку Віталь Бандарык. – Ад працы гэтага спецыяліста залежыць, якім будзе ўраджай. А, між тым, знаходзіцца аграном-насеннявод заўсёды неяк у цяні, не заўсёды бачная, на першы погляд, яго праца.
Думаецца, прыемна было Юліі Юльянаўне пачуць гэтыя словы ды і падарунак ад абласнога прафсаюза – камплект пасцельнай бялізны – заўсёды прыгадзіцца любой гаспадыні.
Яшчэ аднаго лепшага працаўніка – механізатара Юрыя Капцюга – мы віншавалі на рабочым месцы, бо ён, як і належыць сапраўднаму вяскоўцу, не дазваляе сабе расхалоджвацца ў гэтыя вясновыя дні. Нягледзячы на спорны дожджык, ён на сваім магутным «FENDT» шчыраваў на полі. Прытармазіў свой складаны агрэгат Юрый толькі на хвілінку. А падарунку ад абласнога прафсаюза – набору інструментаў – механізатар Юрый быў рады, у гаспадарцы, маўляў, прыгадзіцца.
Не застаўся ў баку ад прыемнага і райкам прафсаюза. У дзень нашага наведвання гаспадаркі адзначала свой юбілей казначэй Ларыса Гакуць, якую і павіншаваў з адметнай датай Ігар Шавялёў.
Клопат пра людзей працы. Ён павінен быць заўсёды. У выглядзе падарунка ці граматы, канверціка з грашыма ці проста ўдзячнага слова – як атрымаецца. Галоўнае, каб сумленны працаўнік ведаў, што яго працу бачаць і дастойна ацэньваюць. А гэта – найлепшы стымул працаваць яшчэ лепш.
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: падарунак механізатару Юрыю Капцюгу ўручае старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Андрэй Някрэвіч
Фота аўтара







