– Ну вось, такі пласт пакінулі, – Пётр Вяжэвіч падняў з сенажаці ладнае бярэмя падвяленай травы і кінуў яго на суседні пакос. На яго яшчэ вернецца кормаўборачны агрэгат, які здзяйсняе чарговы круг па травяным палетку, здрабняючы зялёную масу, што ўжо добра падкапцілася на сонцы. КСК-80 «Палессе» адкрытае акцыянернае таварыства «Новая Любанія» набыла сёлета, менавіта да корманарыхтовак. Юрый Русак – механізатар, якому даверана новая тэхніка, гэтаму бясконца рады. Разумеючы, што менавіта ад яго залежыць ход маштабнай дзеі, разгорнутай на меліярацыйных землях у ваколіцах Цынцавіч, час на размовы не траціць. Усміхнуўшыся ў аб’ектыў фотакамеры, ён пакідае капітанскі мосцік, зачыніўшы за сабою дзверцы кабіны. Тым больш, што ўжо ўшчыльную падруліў да «Палесся», дакладна манеўруючы паміж пакосаў, спрытны, з нарошчанымі бартамі, «Беларус».
Пётр Вяжэвіч, намеснік начальніка райсельгасхарчу, узяў на сябе абавязкі кіраўніка акцыянернага таварыства, замяніўшы часова адсутнічаючага дырэктара. Па тэмпах корманарыхтовак сельгаспрадпрыемства пакуль бачна адстае ад відавочных лідараў. І нават сярэднякоў. Але з’ява гэта часовая, лічыць Пётр Леанідавіч. Проста былі праблемы з гатоўнасцю да кампаніі машына-трактарнага парку. Аптымізму майго суразмоўцы можна верыць, паколькі літаральна ўражвае сваім напалам працоўны рытм сённяшняга дня.
На вялізнай карце меліяраванай зямлі, зрэзанай цёмнымі, у рамонкавых суквеццях, ніцямі каналаў, буяюць травы. Частка іх ужо скошана і здрабняецца на сянаж. «Тыя, што засталіся, пакінулі на сена, – раскрывае свае тактычныя захады Пётр Леанідавіч. – Учора ўжо закрылі яму ў Більцавічах. На дзве з паловаю тоны. Гэтую, – ківае на бугрыстую зялёную масу, якую рассоўвае і ўшчыльняе «Амкадор»,– завершым сёння». У сказаным спецыялістам можна не сумнявацца. На сянаж працуюць два кормаатрады . У кожным – кормаўборачны агрэгат і замацаваная за ім тэхніка для адвозкі здробленай масы.
– Ад Апанасёнка еду! – на хвіліну тармазнуўшы каля ўчотчыцы, інфармуе вадзіцель «МАЗа” Мікалай Хаткевіч. Раіса Дурэйка вядзе ўлік рэйсаў, бо ад гэтага напрамую залежыць дзённы заробак механізатараў і вадзіцеляў. Аб ім заўтра праінфармуе ўдзельнікаў кормаатрада бухгалтар акцыянернага таварыства. Звычайна гэта робіцца падчас абедзенных перапынкаў і абедаў, якія для корманарыхтоўшчыкаў ладзяцца прама на сенажаці. Збітае з дошак збудаванне, плошчаю падлогі ў два квадраты, без вокнаў, але з дзвярным праёмам, якое я ў думках называю хаткаю на курыных ножках, між тым надзейна ахоўвае ўчотчыка ад непагадзі. А на сценах яго ўтрымліваецца ўся неабходная ў дадзеным выпадку нагляднасць: умовы спаборніцтва на корманарыхтоўках, састаў уборачных атрадаў, расцэнкі і вынікі… Хатка мабільная і перамяшчаецца па сенажацях следам за кормаатрадамі.
Падмінае пад сябе высыпаныя з кузаваў і прычэпаў зялёныя валы дробленай масы «Амкадор» Івана Сухарэўскага. Сваім нязвыклым для тутэйшых мясцін прозвішчам ён абавязаны Смаргоншчыне. Там нарадзіўся, працаваў і па асабістых абставінах пераехаў на Вілейшчыну.
– Хто за грашыма ідзе, а ў каго і іншы інтарэс маецца, – загадкава ўсміхаецца Іван Іванавіч. Па ўсім бачна, яго такое не кардынальнае перамяшчэнне ўнутры рэгіёна не расчаравала. Хоць настальгічнага суму па бацькоўскім доме, краявідах роднай зямлі так і не пазбавілася душа.
Амаль сорак год аддаў працы ў «Новай Любаніі» вадзіцель Васілій Бешанцаў. Яго «МАЗ» толькі што разгрузіўся, рассыпаўшы вакол кузава ізумрудныя пырскі. «На маім вяку дзесяць кіраўнікоў змянілася ў Любані. Нават з Мірановічам пашчасціла працаваць», – успамінае Васіль Мікалаевіч. З кім лягчэй было, хто напружваў? «Людзі ўсе розныя, – разважае мой суразмоўца. – Як ты сябе з імі павядзеш, так і яны з табой…» – у словах вясковага чалавека – простая жыццёвая мудрасць. Сапраўды, канфлікты пачынаюцца там, дзе ўсходзяцца амбіцыі і заканчваецца ўзаемаразуменне. А камфорт людскіх адносін грунтуецца на глебе адкрытасці і чалавечнасці. І тым, і другім жыццё яго не абдзяліла, – лічыць Васіль Мікалаевіч.
…Уздоўж кабіны гэтага «МАЗа” цягнецца гірлянда дамскіх партрэцікаў, пазначаных ненавязлівай аголенасцю, якую дазваляюць адкрытыя купальныя касцюмы.
– А на зваротным баку – гербы і сцягі гарадоў і краін, – перахапіўшы мой усмешлівы позірк, заўважае вадзіцель Сяргей Аўгусціновіч. Мяркуючы па маладому ўзросту, Сяргею наўрад ці давялося пабываць хоць у адной з іх. Хлопец пацвярджае мае здагадкі, але лічыць, што жыццё толькі пачынаецца. І ў будучым яму можа «свяціць» і Егіпет, і Парыж. Яны – у коле яго найпершых турысцкіх інтарэсаў. Сяргей пераехаў у Любань з Добравіч. Пайшоў услед за Юрыем Дуброўскім, сённяшнім кіраўніком «Новай Любаніі», колішнім галоўным спецыялістам «Першага Беларускага». І не расчараваўся. Хлопец пастаянна ўзначальвае маладзёжны камбайнавы экіпаж, які неаднойчы лідзіраваў і ў раённым спаборніцтве. Тысячны намалот за сезон жніва – яго найпершы рубеж. Расказвае, што бацькі жывуць у Добравічах і кожную вольную хвілінку ён наведвае родныя куткі.
Сенакосны час – напружаны для вяскоўца. Але, як і жніўны, ён надае нейкі асаблівы, урачысты каларыт яго будзённым клопатам. Яго адчуваеш, назіраючы, як уразвалку сноўдаюць па сенажаці гружаныя вяленай масай «МАЗы» і «Беларусы». Як струменіць са здрабляльніка «Палесся» аэразольны туман, напаўняючы ваколіцы водарам набрынялай сонечным цяплом травы.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара
У «Новай Любаніі» набірае тэмп першы укос
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов








