Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дэпо «Даўгінава», дзе Бураціна з кнігай

Жыць можна па-рознаму. Таму так і жывуць: адны, седзячы на лаўцы, усё скардзяцца на мізэрныя заробкі, жыццёвыя праблемы, беспрасветнасць быцця; іншыя ж, наадварот, поўныя энтузіязму, цікавых задумак, ім удаецца, здавалася б, неверагоднае – ствараць вакол сябе прыгажосць, дарыць акружаючым людзям добры настрой. І ўсё гэта – пры такой жа невысокай зарплаце, пры аднолькавых рэаліях. Як ні круці, а зноў і зноў пераконваешся, што кожны чалавек – тварэц свайго жыцця.
Нядаўна сустрэла сваю даўнюю знаёмую. Некалькі гадоў не бачыліся. Разгаварыліся пра жыццё, дзяцей.
– Малодшая мая заканчвае ўніверсітэт, – расказала жанчына. – Добра вучыцца, таму спадзяёмся на лепшае размеркаванне. А сыну не пашанцавала – застаўся жыць у вёсцы. Бедалага…
І столькі шкадавання было ў гэтых словах! Хоць, як сама ж жанчына сказала, малады чалавек ніколечкі не перажывае, што застаўся ў мясцовай гаспадарцы: працуе механізатарам, ажаніўся, атрымаў асобнае жыллё, ужо стаў бацькам – і шчаслівы. Толькі маці ніяк не губляе думкі бачыць яго гараджанінам.

Бываючы ў населеных пунктах нашага раёна, заўсёды з вялікім задавальненнем знаёмішся з маладымі сем’ямі. Усведамляеш, што менавіта яны – гаспадары і непасрэдныя будаўнікі сельскагаспадарчай галіны, таму яе, а значыць і наш, заўтрашні дзень залежыць ад іх.
Падчас нядаўняй паездкі на даўгінаўскую зямлю звярнула ўвагу на адно падвор’е ў аграгарадку. Шчыра прызнаюся, была ўражана дагледжанасцю сядзібы, разнастайнасцю прыгожых клумбаў, вырабленых з падручнага матэрыялу фігурак, па-мастацку выкананых малюнкаў нават на гаспадарчых пабудовах…
– Маладая сям’я тут жыве, – адказаў на маё пытанне аб творчых гаспадарах старшыня Даўгінаўскага сельсавета Аляксандр Маліноўскі. – Уладзімір і Вольга Седыя, якія выхоўваюць траіх дзетак. Цікавыя людзі, неабыякавыя. Бывае, праязджаеш ля іх сядзібы і бачыш, што Вольга старанна зафарбоўвае ранейшыя малюнкі. Пытаешся, навошта. А яна ў адказ: «Яшчэ прыгажэйшы ўбачыла ў часопісе, паспрабую намаляваць».
У той дзень не выпала сустрэцца з гаспадарамі, а вось з фотаздымкамі іх прыгожага падвор’я, дзе з задавальненнем гуляюць Седыя-малодшыя – Мікіта, Дзіяна і Кірыл – з радасцю пазнаёмлю нашых чытачоў. А крыху пазней была тэлефонная размова з мамай сямейства, дваццацішасцігадовай Вольгай. Шчырай, цёплай была тая гутарка, пасля якой у мяне засталіся надзіва светлыя ўражанні.
Яны, Вольга і Уладзімір, раслі ў адной вёсцы – у Язнях. Ды вось з-за трынаццацігадовай розніцы ва ўзросце напачатку нават і не былі знаёмыя. Яно і зразумела, хіба мог звярнуць увагу спачатку падлетак, а затым ужо і юнак на нейкую там малечу… Пазнаёміліся ўжо значна пазней, калі Уладзімір, нямала паездзіўшы і пабачыўшы, сустрэў юную Вольгу. І нібыта новымі вачыма яе ўбачыў.
– Не ведаю, што думалі пра наш шлюб бацькі, – гаворыць Вольга.– Магчыма, і сумняваліся ў яго трываласці, маўляў, такая маладая жонка, як усё складзецца. Між тым, дзесяць гадоў ужо жывём, трое дзетак гадуем і ўсё больш упэўніваемся ў правільнасці свайго выбару.
На першым часе маладая сям’я жыла ў бацькоў, а затым мясцовая гаспадарка, дзе Уладзімір працуе і цяпер, выдзеліла Седым дом. Наколькі хапіла сродкаў, зрабілі рамонт, усяліліся. Сваімі сіламі пачалі будаваць гаспадарчыя пабудовы, распрацавалі вялікія агароды. Гады два, пакуль уладкаваліся, жылі, што называецца, па-гарадскому – без гаспадаркі. Ды не па іх такое, таму зараз маюць на падворку і кабанчыкаў, і курэй. І сад маладыя гаспадары пасадзілі, а гэта яшчэ раз пацвердзіла, што назаўсёды пусцілі тут свае карані. Усё гэта – гаспадарка, агароды – характэрнае для усіх дбайных вяскоўцаў. А ў Седых ёсць свая адметнасць – яны стараюцца, каб іх падворак быў прыгожым, ствараў добры настрой. І ў іх гэта ўжо атрымалася. Арыгінальны мядзведзік з колаў, прыгожы цягнічок з надпісам «Дэпо «Даўгінава»», Бураціна з кнігай, яркі папугай з шынаў, арыгінальныя ліхтары – усё гэта ўжо стала неад’емнай часткай падворка. Не лічачы, вядома, шматлікіх клумбаў з яркімі кветкамі, размаляваных рознымі фарбамі каменьчыкаў, вядзерцаў ды іншага непатрэбнага посуду, якому творчыя гаспадары даюць другое жыццё. І такое прыгожае!
Калі шчыра прызнацца, гэты матэрыял мне захацелася напісаць не толькі для таго, каб паказаць працавітых, творчых людзей, сапраўдных гаспадароў, але і падкрэсліць іх уменне будаваць свае адносіны. А Седыя – муж і жонка з дзесяцігадовым стажам – гэта ўмеюць. Галоўнае іх правіла – заўсёды быць разам. Тут няма таго, каб яны паасобку хадзілі на нейкія мерапрыемствы, у госці. Такія вольныя сямейныя адносіны, лічыць Вольга, нярэдка прыводзяць да непрыемнасцей. А ўвогуле, у сям’і Седых такія прынцыпы: быць спагадлівымі і цярплівымі, умеру строгімі і клапатлівымі, адказнымі і любячымі. Умець змаўчаць, дараваць – гэта таксама важна. Як і выхаванне дзетак клапатлівымі і працавітымі. Ды і ўвогуле, за дзесяць гадоў сумеснага жыцця Уладзімір і Вольга змаглі зрабіць сваё сямейнае гняздзечка, дзе кожнаму цёпла, утульна, камфортна. Не без праблем, вядома ж, у жыцці мнагадзетнай сям’і, ды хіба складана з імі спраўляцца разам? Так і жывуць, поўныя планаў, цікавых задумак, творчых ідэй. Упэўнена, што яны справяцца з усім, і гадоў праз колькі дагледжаная сядзіба Седых зноў прыемна ўразіць нечым новым, падорыць радасць, створыць настрой.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Галінай Ханашчак

Visited 7 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 230 queries