Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Последний звонок в Стешицах

– Я буду паступаць у індустрыяльна-педагагічны каледж.
– А я – у будаўнічы…
Гэты бліц-дыялог адбыўся прама ў калідоры Сцешыцкай сярэдняй школы, якая сёння сабрала сваіх вучняў на свята апошняга званка. Дзяўчаткі – выпускніцы, напэўна, у апошні раз упрыгожылі свае пышныя, густыя валасы раскошнымі бантамі. Яны – той каларытны атрыбут дзяцінства, які зыходзіць ва ўспамін разам са школьным званком.
У сучаснай школе шмат навацый. Развіваецца грамадства – у нагу з ім крочаць усе яго структуры, у тым ліку, і сацыяльныя. Але традыцыі захоўваюцца. Адна з іх – свята апошняга званка. Радасна-трывожнае, з налётам светлага суму. Трывога і сум – ад няпэўнасці будучага. У ім трэба вызначыцца, самастойна, без дапамогі дарослых, расставіць акцэнты. Пра гэта гаворыць, звяртаючыся да выпускнікоў, дырэктар школы Наталля Язінская.
– Сёння – ваш дзень. І ён адметны ўзнагародамі, – зазначае Наталля Віктараўна, уручаючы юнакам і дзяўчатам пахвальныя лісты, граматы і іншыя заахвочванні ад дырэктара школы, раённага аддзела адукацыі. За актыўны ўдзел у алімпіядах рознага ўзроўню, спартыўныя дасягненні. А сцешыцкія выпускнікі сябруюць са спортам. Любімы занятак юнакоў – футбол. І дзяўчынкі паказваюць уражальныя вынікі, адзначаныя граматамі, на валейбольнай пляцоўцы.
Дырэктар мясцовай гаспадаркі – акцыянернага таварыства «Сцешыцы» – Віктар Каляда выказвае спадзяванне, што выпырхнуўшы з роднага гнязда, птушкі не доўга будуць лунаць у паднябессі. А вернуцца да бацькоўскіх сяліб, набраўшыся ведаў і жыццёвых сіл. На гэта разлічвае і старшыня Сцешыцкага сельвыканкама Уладзімір Іваноў. Кіраўнік мясцовай улады таксама прыйшоў павіншаваць маладых з адметнай падзеяй у іх жыцці. Візіт гэты, з яго слоў, ужо нейкім чынам юбілейны. У 25-ы раз ён наведвае школьную лінейку з выпадку развітальнага званка.
Першая настаўніца. Класныя кіраўнікі, іх наказы, што гучаць сёння па-бацькоўску хвалююча і запомняцца юным на доўгія гады.
И теперь, хоть поздновато,
Вас за всё благодарим,
Если в чём-то виноваты –
Нас простят, и мы простим.

Мелодыяй развітання з дзяцінствам гучыць апошні школьны званок. І калі застанецца яна ў юных сэрцах – значыць усё гэта было нездарма. Не толькі веды, але і дружбу, рамантыку школьных гадоў возьмуць з сабой маладыя. З імі, самым каштоўным багажом, набытым у гэтых сценах, выйдуць яны на шырокі жыццёвы прастор.
Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара






Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries