Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У суседстве з фламінга, пальмамі і… рабчыкам імператарскім

Адчыніла веснічкі, ступіла на падворак – і нібыта ў казцы апынулася. Прыгожая альтанка, у якой уваходзячых сустракае шчырай усмешкай дзіўны столік, два грацыёзныя фламінга, алень, чырвонагаловыя грыбкі, рознакаляровыя матылькі, пальмы і многае іншае – усё гэта створана з падручных матэрыялаў гаспадарамі гэтага дома ў Журыхах – Людмілай і Аляксандрам Якубоўскімі.
Пакуль аглядала ўсю гэту прыгажосць, з хаты выйшла гаспадыня з маленькай дачушкай на руках. Сафія – так завуць малодшанькую Якубоўскіх – хуценька патэпала да альтанкі, спрытна забегла ўнутр і з цікавасцю пазірала ўжо адтуль.
Любуючыся падвор’ем, я ўявіла, якая тут будзе прыгажосць, калі зацвітуць кветкі. А іх у Людмілы Станіславаўны вунь колькі: і ружы, і ліліі, і петуніі, і самыя раннія, якія ўжо адышлі, і нават рабчык імператарскі, якога я не ўяўляю і пра які з такім захапленнем расказвала жанчына… А далей – чысценькія, без адзінай травінкі, радочкі клубніц, ужо даволі лапушыстыя для гэтай пары кусцікі бульбы («А мы яе папярэдне прарасцілі, вось і пайшла ў рост», – растлумачыла гаспадыня). Непадалёк – прыгожыя арэлі, пясочніца, дзе любіць бавіць час Сафія. І гэта ўсё – таксама гаспадарова работа. Як толькі, падумалася, знаходзіць на ўсё час!
Сям’і Якубоўскіх дзесяць гадоў. Аляксандр – мясцовы, з вёскі Тураўшчына, а Людміла нарадзілася і вырасла на Гродзеншчыне. Лёс звёў іх выпадкова – дзяўчына прыехала ў Вілейку, тут уладкавалася на працу і здымала пакойчык у радні Аляксандра. А можа, гэта і не выпадкова, можа, іх вёў лёс…Так ці інакш, а маладыя сустрэліся, і, як прызналася Людміла, хлопец адразу ж ёй спадабаўся сваёй разважлівасцю, спакойным характарам. Было бачна, што чалавек надзейны, які заўсёды дапаможа, падтрымае, захіне ад любой бяды.
Маладая сям’я вырашыла жыць у вёсцы. І гэтаму было некалькі прычын. З іх, напэўна, галоўная – што працаўнікам мясцовай гаспадаркі прадастаўлялася жыллё. Таму Людміла, бухгалтар па прафесіі, пайшла працаваць загадчыцай фермы ў райаграсэрвісе. Усяліліся ў дом і паступова пачалі даводзіць яго да таго выгляду, які ён мае цяпер.
– Усё гэта, – Людміла паказвае на прыгажосць у іх двары, – робім у асноўным зімой, калі вальней. Улетку не да пальмаў ды альтанак, тут вунь колькі клопату з агародамі ды гаспадаркай.
Карова, свінні, куры – як і ўсе дбайныя гаспадары, маюць гэту жыўнасць і Якубоўскія. Нялёгка? Безумоўна, але не наракаюць на цяжкасці Людміла і Аляксандр, бо абое не з беларучак, з дзяцінства знаёмыя з вясковымі клопатамі.
– Як устанеш у шэсць гадзін, так і да позняга вечара ўсё заняты, – дзеліцца жанчына. – Муж вельмі рана ідзе на працу, ён у нас механізатар у «Новай Любаніі», таму з вясны ў яго пачалася гарачая пара. Гаспадарка ў асноўным на мне. І дзеці таксама. Артур, старэйшы, заканчвае трэці клас Любанскай школы. Раніцой школьны аўтобус забірае вучняў, а пасля заняткаў прывозіць. Управіцца сын з урокамі, а тады ўжо гуляе з сястрычкай, пакуль я займаюся па гаспадарцы. Вучыцца наш школьнік добра, за гэта не сорамна, а вось дысцыпліну, як і многія іншыя хлапчукі, іншы раз парушае. Што ж тут зробіш, дзіця…
Загаварылі пра гаспадарку, карову, з якой столькі клопату. Людміла з гэтым пагадзілася, аднак тут жа выказалася:
– Але ж і без каровы ў вёсцы цяжка… Як ні круці, а малако – гэта не толькі прадукт харчавання для сваёй сям’і, але і адчувальная падтрымка сямейнага бюджэта. І няхай сабе ў гэта ўкладваецца столькі сіл і працы, але ж яны сябе апраўдваюць. Жыць у вёсцы без каровы, мне здаецца, не зусім правільна.
Побач з маладой сям’ёй жывуць і бацькі Людмілы, якія прыехалі сюды з Гродзеншчыны. Ды і сёстры яе абралі месцам жыхарства Міншчыну: адна – у сталіцы, другая – на Вілейшчыне. Нярэдка збіраюцца ўсе разам, а гэта так важна для кожнага – ведаць, што ты не адзін, што побач блізкія людзі.
З асаблівай любоўю і ўдзячнасцю гаворыць Людміла пра Аляксандра. Спакойны, спагадлівы, клапатлівы муж і бацька. Не бывае такога ў сям’і, каб ён недзе затрымліваўся пасля працы, раўнадушны да спіртнога і да тытуню. Дбайны гаспадар і клапатлівы сем’янін, ён увесь вольны час (а яго і не так многа) прысвячае свайму прыгожаму хобі – стварэнню прыгажосці ля дома.
Нарыхтоўкі ўсіх гэтых кампазіцый звычайна з’яўляюцца зімой, калі ў мужа і жонкі больш часу, а з надыходам вясны казачныя персанажы, дзіковінныя жывёлы і дрэвы перасяляюцца на падворак, ствараючы тут непаўторную атмасферу. Прыгожа!
Развітаўшыся з гаспадынькамі – дарослай і маленькай – гэтага дома па вуліцы Цэнтральнай, я яшчэ доўга адчувала цеплыню на сэрцы. Узрушыла гэта сустрэча з маладымі вяскоўцамі, якія не цураюцца працы, любяць бацькаўшчыну, пускаюць тут свае карані і ствараюць вакол сябе прыгажосць. Берагчы, шанаваць і дапамагаць трэба такім. Бо менавіта яны – будучыня нашай вёскі. Будучыня працавітая, цвярозая і нераўнадушная.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара





Visited 6 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 230 queries