Самая маладая школа Вілейкі – сярэдняя школа №5 – займела свой музей. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося напярэдадні прафесійнага свята музейшчыкаў — міжнароднага Дню музеяў, што адзначаецца ў гэтым годзе 18 мая.
Па словах дырэктара школы Наталлі Занкавіч, да гэтай падзеі педагагічны калектыў школы планамерна рухаўся некалькі год: распрацоўвалася канцэпцыя музея, збіраліся экспанаты, ствараўся інтэр’ер, рыхтаваліся экскурсаводы. “Школа павінна не толькі вучыць, але і выхоўваць, — падкрэсліла яна падчас сваёй прамовы. – Вельмі разлічваю на тое, што музей стане дапамогай нам у выхаванні сапраўднага грамадзяніна любай Беларусі”.
“Стварэннем музея ў школьных сценах мы бы далучаемся да корпусу музейшчыкаў, а таму і прафессійнае свята іх адзначым. 18 мая ўвесь дзень музей будзе адчынены для жадаючых”, — зазначыла Наталля Мікалаеўна. Мы гатовы праводзіць экскурсіі для зацікаўленых і з іншых школ, а не толькі для сваіх вучняў, таму – звяртайцеся, заходзьце, запрасіла яна.
Абраны профіль музею – этнаграфічны, а называецца ён “Музей народнай культуры Вілейшчыны”. Дзякуючы намаганням нераўнадушных людзей, падтрымцы вілейскага краязнаўчага музею фонд музейных прадметаў на момант адкрыцця складае каля двухсот экзэмпляраў. Па словах кіраўніка музею Надзеі Рогач, сярод найбольш каштоўных экспанатаў – рэканструяваны вілейскі жаночы строй сярэдзіны ХІХ- пачатку ХХ стагоддзяў, сапраўдныя кросны, што яшчэ помняць цеплыню руплівых рук, старажытная драўляная саха, прадметы мэблі сялянскай хаты. Асобная частка экспазіцыі прысвечана радаводу Ігната Ходзькі, яго жыццю і творчасці.
“Мы задумвалі частку выставы зрабіць з элементамі інтэрактыўнасці , дзеля магчымасці выкарыстоўваць яе як пляцоўку для правядзення ўрокаў роднай гісторыі і літаратуры, вечарын і іншых мерапрыемстваў. Таму і аформілі інтэр’ер сялянскай хаты”, — расказала Надзея Аляксандраўна.
Супрацоўнікі краязнаўчага музею, спецыялісты раённага аддзела адукацыі павіншавалі новаствораны музей з адкрыццем, пажадалі далейшага развіцця музейных фондаў, цікавых мерапрыемстваў у экспазіцыйнай прасторы. Безумоўна, не абышлося і без памятных падарункаў.
Нельга не адзначыць і выдатны канцэрт, складзены з беларускага фальклору ды сучасных яго апрацовак, якім навучэнцы школы №5 віталі гасцей.
Ірына ТРУБАЧ.
На здымку: сваю першую экскурсію праводзіць Аляксандра Стрэж.
Фота аўтара.





