23 мая ў гарадскім Палацы культуры адбудзецца канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца, датасаваны да юбілею маэстра. У праграме — выступленні папулярных салістаў беларускай эстрады Пятра Ялфімава, Наталлі Салавай, Марыны Васілеўскай і іншых вядомых выканаўцаў. Пачатак — у 18 гадзін.
Міхаіл Казінец, народны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і Вілейшчыны, носьбіт іншых высокіх рэгалій, уладальнік шматлікіх узнагарод, кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя Жыновіча, адзначае свой 75-гадовы юбілей. Раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў, удзячныя землякі віншуюць маэстра з гэтай адметнай датай, зычаць здароўя, творчых дасягненняў на карысць Радзімы, якой ён верна служыць. Як Артыст, Чалавек, Грамадзянін.
На ўсё жыццё малітвай стаць павінна,
Дзе б ты ні жыў і што б ты ні рабіў:
Не разлюбі жанчыну і Айчыну,
І род свой, і народ не разлюбі.
Гэтыя паэтычныя радкі сталі свайго роду жыццёвым крэда маэстра. Народжаны ў сялянскай сям’і, пад страхой вясковай хаты, Міхаіл Казінец стаў таленавітым самародкам, як людзі кажуць, музыкантам ад Бога. Ім ганарыцца яго родная вёска Цынцавічы, тым і славутая, што ўзгадавала такога знакамітага сына. Імя яго гучыць і ў краіне, і далёка за яе межамі. Узгадаваны на народных песенных традыцыях, элітнай музычнай культуры, акумуляваўшы іх у сабе, Міхаіл Антонавіч стаў прафесіяналам высокага ўзроўню. Уся яго творчая дзейнасць непарыўна звязана з развіццём аркестравага выканаўства на народных інструментах. Як мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча, Міхаіл Казінец быў першым выканаўцам і прапагандыстам многіх твораў айчынных кампазітараў. Ён доўгі час працаваў рэктарам беларускай Акадэміі музыкі. Але кар’ера адміністратара ніколі не перашкаджала яго канцэртнай дзейнасці. Хоць Міхаіл Казінец – шырока вядомы інтэрпрэтатар сімфанічнай музыкі, працуе ў розных музычных жанрах і стылях, самай блізкай для сябе ён лічыць народную песню. Тую самую «Зязюленьку», якую спявала некалі маці. У ёй – тое адчуванне мелодыі роднай зямлі, што і сілкуе творчыя карані маэстра.
Марыя КУЗАЎКІНА








