Паток імклівага весняга цвіцення магутным цунамі абрушыўся на зямлю ў Дзень Перамогі. І гэта з’ява – як найвялікшы дарунак прыроды чалавечай памяці. Памяці, афарбаванай выключна ў белы колер. Светлы, як нашыя згадкі пра тых, хто святой крывёй сваёй акрапіў нашу незалежнасць. Памяці, што наканавала нам жыць і несці нашчадкам праўду аб сусветнай трагедыі і яе наступствах.
…Запаўняюць плошчу Свабоды святочныя калоны. Тут, ля помніка загінуўшым віляйчанам, па традыцыі праходзіць мітынг, прысвечаны Дню Перамогі. Вялікай – такое азначэнне датасавана цяпер народам да гэтай векапомнай даты. Гірлянда з вечназялёных яловых галін, перавітая чырвонаю стужкай, ускладзена да падножжа пастаменту. Ваеннаслужачыя вайсковай часці Расійскай Федэрацыі, што дыслацыруецца на Вілейшчыне, аддаюць такім чынам даніну павагі паўшым. У агульнай еднасці народаў, перамогшых фашызм, існавала адна гуртуючая ўсіх назва – савецкі народ. Водгук яе і сёння не страчаны на прасторах некалі вялікай краіны, дзе зноў пачынаюць дзейнічаць цэнтраімклівыя сілы яднання.
У гэтыя ўрачыста сумныя дні, ахопленыя повяззю радасці і смутку, мы пасылаем кліч Небу. У шчырай малітве просім ва Усявышняга міласці да душаў воінаў, загінуўшых у вялікай бітве святла і цемры. Малебен памяці гучыць над плошчаю. А ў словах Благачыннага вілейскай акругі пратаіерэя Сімяона Мацюха і Дэкана Вілейскага дэканата ксяндза Аляксандра Барылы – зварот да ісціны, на якой грунтуецца хрысціянская вера: у Бога няма памерлых.
Матыў вечнай памяці працягвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла, аб’яўляючы хвіліну маўчання. За тыя шэсцьдзесят кароткіх імгненняў, што адлічвае метраном, можна многае ўбачыць у полымі вечнага агню. Успомніць твары блізкіх, стаўшых ахвярамі той страшнай вайны. Перагарнуць старонкі франтавых трохкутнікаў. Аднавіць генную памяць, ад якой ніколі не пазбыцца нашчадкам…
«А жывыя ветэраны, – гэта жывая гісторыя, – працягвае Яўген Сініла. – Яшчэ можна зазірнуць ім у вочы, што бачылі вайну, паціснуць рукі, што кавалі перамогу, пачуць іх галасы… Жывіце доўга-доўга, родныя нашы! Вы так патрэбны ўсім нам».
Старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Ганна Шэпелева шчырымі і пранікнёнымі словамі віншуе ўсіх прысутных з вялікім святам і ўручае пасведчанні аб званні «Ганаровы ветэран». Сёння іх атрымоўваюць Валянціна Аляксандраўна Валынец, Соф’я Іванаўна Саўчыц, Валянціна Андрэеўна Аляксеева, Аляксандр Канстанцінавіч Маліноўскі. Публічнае ўшанаванне – гэта прызнанне, гэта як паклон пакалення, нізкі, зямны, тым, хто выстаяў, гатоў быў ахвяраваць жыццём і толькі воляй нябёсаў застаўся жыць. Каб перадаць нашчадкам эстафету подзвігу і патрыятызму. А што яна трапіла ў надзейныя рукі – можна не сумнявацца. Гэта пацвярджаюць выступленні Юрыя Савічава, камандзіра расійскай вайсковай часці, і Юрыя Ганчыеўскага, камісара раённага ваеннага камісарыята. Гарантыя міру – у ваеннай магутнасці краіны, патрыятызме тых, хто па абавязку службы і закліку сэрца гатовы стаць на абарону яе граніц. Іх і ветэранаў Вялікай Айчыннай вітае навучэнец вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжу Уладзімір Высоцкі.
Кранальны момант – песня «Запаліце свечкі» ў выкананні Наталлі Блізнюк. Раскошны голас спявачкі заклікае кожнага з нас узнавіць святую памяць у алтары сваёй душы. Матыў доўга разносіць рэха над раптоўна ўзніклым сумам сцішанага горада, над белым вэлюмам квітнеючых садоў. Так цнатліва і чыста квітнее май толькі ў нашай Айчыне, квітнее нязбытнымі светлымі марамі шматлікіх ахвяр той страшнай вайны.
А пасля на цэнтральнай плошчы адбыўся мітынг, прысвечаны Дню Дзяржаўнага Герба і Сцяга. Пачэснае права ўзняць Сцяг краіны атрымалі на гэты раз ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Іванавіч Шмырко, настаўнік гімназіі №1 «Логас» Алена Іванаўна Мількота, дырэктар мэблевай фабрыкі Мікалай Аляксеевіч Піскуноў і Таццяна Нікалаевіч, вучаніца гімназіі «Логас».
Прыбраная сцэна дэманстравала прысутным таленты зямлі вілейскай. Водгукам Вялікай Перамогі крочыла свята сярод зялёнага полымя майскіх бяроз.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара і Сяргея БЯДРЫЦКАГА
img class=»alignnone size-full wp-image-24908″ src=»https://www.peramoga.by/wp-content/uploads/2013/05/IMG_0694.jpg» alt=»» width=»200″ height=»300″ /
























