Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Каму сняцца вясковыя сны?

Учора мне прыснілася родная вёска. Не бязлюдная, якой яна стала цяпер, а ранейшая – шматгалосая, жывая, калі кожны дзень быў напоўнены нейкімі падзеямі. І аднавяскоўцы прысніліся. Нават тыя, каго ўжо няма на гэтым свеце… На жоўтым ад дзьмухаўцоў полі сабраліся, штосьці гаварылі.
Чаму такі сон? Мусіць, прадчуванне Вялікадня, Радаўніцы абудзіла тое патаемнае, што глыбока-глыбока ў сэрцы. А можа паўплывала выпадкова пачутая размова незнаёмых мне жанчын. Мяркуючы па знешняму выгляду, гарадскія пенсіянеркі. Гаварылі пра Вялікдзень, прыгадвалі, як святкавалі яго ў далёкім сваім вясковым дзяцінстве.
– Як бы бедна справа ні была, а да свята заўсёды мама нам з сястрой па новай сукеначцы спраўляла, – з лёгкім сумам у голасе гаварыла адна.
– А як чакалі свянцонкі! – настальгія ў голасе другой жанчыны. – Спярша, памятаю, чырвонае яйка клалі ў ваду, якой мы, дзяўчаты, мылі твар – каб быць прыгожымі…
– Бывала, як возьмемся гуляць у біткі, дык такі азарт! – усміхнулася яе суразмоўца. – Траплялі іншы раз вельмі моцныя яйкі. Брат мой старэйшы неяк змайстраваў і пафарбаваў яйка з дрэва. Усіх перамог, пакуль разабраліся…
– Цікава было, – уздыхнула адна з жанчын. – А цяпер… Унучка патэлефанавала неяк, а я запрасіла, маўляў, прыязджай свянцонку есці. Дык і не зразумела спачатку, пра што кажу…
У беларускага паэта Алеся Пісьмянкова ёсць такія радкі: «Спавядацца бяжым да прыроды, ачышчацца бяжым ад маны, мы апошнія з нашага роду, каму сняцца вясковыя сны». Маім дзецям гэтыя сны яшчэ могуць прысніцца – часта бывалі ў бабулі з дзядулем і ведаюць, адкуль бярэцца хлеб і да яго, якія святы і калі святкуюцца. А вось тая дзяўчынка, якая не ведае, што такое свянцонка… Мне яна ўяўляецца лістком, што без пары адарваўся ад галінкі і падае-ляціць у невядомасць. Урэшце, ці яе віна ў той адарванасці… Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 43 queries