У красавіку адзначаўся міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Па тэлебачанні і радыё было шмат рэпартажаў і сюжэтаў, прысвечаных да гэтай даты. А колькі помнікаў у нашым раёне, наколькі яны каштоўныя, у якім стане знаходзяцца, і што мы можам зрабіць, каб захаваць гісторыка-культурную спадчыну? Пра гэта і не толькі мы гутарым з дырэктарам краязнаўчага музея Сяргеем Ганчаром.
– На 1 студзеня на тэрыторыі Вілейскага раёна толькі на ўліку знаходзілася 314 помнікаў гісторыі і культуры. Але тое, што мы змаглі ўзяць на ўлік, і тое, што існуе ў рэальнасці, – розныя лічбы. Думаю, можна смела дабаўляць як мінімум сотню. Асабліва гэта адносіцца да археалагічных помнікаў, тых курганоў, якія або слаба вывучаны, або наогул не выяўлены, знаходзяцца недзе ў глыбіні лясоў і мы да іх яшчэ не змаглі дайсці. Аднак тое, што ўжо на ўліку знаходзіцца толькі ў раённым спісе помнікаў 314 адзінак, гаворыць аб тым, што Вілейшчына вельмі багатая на разнастайныя помнікі зямля. Гэта датычыцца і вайсковых, і архітэктурных, і археалагічных. Трэба сказаць, ёсць цікавыя асаблівасці – сярод іншых рэгіёнаў Беларусі Вілейскі раён адрозніваецца тым, што на нашай тэрыторыі захавалася шмат слядоў яшчэ язычніцкіх курганоў і гарадзішчаў. Нават той факт, што да васьмідзясятых гадоў на дарозе Вілейка – Даўгінава стаяў язычніцкі ідал – каменная баба – сведчыць аб тым, што вельмі разнастайныя нашы помнікі.
– Цікава, адкуль такія даведкі пра язычніцкі ідал? Гэта ўстаноўлены факт? Калі так, то дзе ён цяпер?
– Каменная баба існуе і зараз. Але, на жаль, у 80-я гады, калі пачалі ствараць музей пад адкрытым небам, без дазволу мясцовай улады з вёскі Каралеўцы забралі круглую капліцу-ратонду – адзіную драўляную капліцу, якая захавалася ў Беларусі, з Вязынскага сельсавета была перавезена драўляная школа. Прыкладна ў гэты ж час пачалі ствараць музей валуноў у Мінску, туды і перавезлі каменную бабу. Але да 2006 года яна лічылася ў нашым раённым спісе помнікаў. Так сярод 500 камянёў з усёй краіны аказаўся і вілейскі валун. Ён прадстаўляе сабой жанчыну, у якой распрасцёртыя рукі, а на грудзях – вобраз дзіцяці. Многія вучоныя лічаць, што гэта правобраз маці-прарадзіцельніцы, якой пакланяліся ў язычніцкія часы, некаторыя выказваюць меркаванне, нібы ён вельмі падобны да язычніцкай багіні Мары. Розныя меркаванні, але сам факт той, што яна захавалася да нашых дзён і зараз яе можна ўбачыць.
– Толькі шкада, што, каб убачыць вілейскі помнік, трэба ехаць у Мінск…
– Магчыма, калі-небудзь мы зможам вярнуць камень, але адразу скажу, зрабіць гэта вельмі праблематычна. Ёсць і іншая задума. У другой палове мая на тэрыторыі нашага раёна будзе праходзіць скульптурны пленэр Акадэміі мастацтваў, дзе студэнты зробяць некалькі фігур, скульптурных кампазіцый рознай тэматыкі. У тым ліку мы прапанавалі, каб яны зрабілі зменшаную копію гэтай бабы. Яе мы мяркуем размясціць у новай экспазіцыі музея. У гэтым годзе музей зачыняецца на капітальны рамонт, плануем праз некалькі год стварыць новую, больш сучасную экспазіцыю. Там копія каменнай бабы змагла б заняць даволі пачэснае месца.
– Гэта каменная баба нібы разынка сярод нашых вілейскіх помнікаў. Але ў нас шмат і архітэктурных, напрыклад. Якія з іх маюць найбольшую каштоўнасць і занесены ў Дзяржаўны спіс?
– З Вілейскага раёна ў Дзяржаўны спіс унесена 26 помнікаў. Сярод іх дзве драўляныя царквы, якія адносяцца да драўлянага беларускага дойлідства другой паловы 18 стагоддзя. Гэта царква ў вёсцы Кастыкі, пабудаваная ў 1756 годзе, і Латыгальская, пабудаваная ў 1771 годзе. Яны захаваліся амаль што ў нязменным выглядзе, асабліва Латыгальская, на скрыжаваннях якой размешчаны летапіс, які быў не так даўно знойдзены настаяцелем. У летапісе падрабязна апісаны падзеі 1812 года, калі адступаў Напалеон.
– Гэтыя дзве царквы добра захаваліся і зараз працуюць, а ў якім стане астатнія помнікі?
– У Дзяржаўны спіс унесены і каталіцкія збудаванні. Гэта, канешне, і наш Вілейскі касцёл, які ў гэтым годзе адзначае сваё 100-годдзе, і касцёл ў Касцяневічах, якому спаўняецца 250 год. Таксама Альковіцкі – адзін з самых стромкіх, высокіх, прыгожых касцёлаў Вілейшчыны. Плануецца, што ў хуткім часе мы ў гэты спіс уключым Даўгінаўскі, ён таксама вельмі адметны і сваёй архітэктурай, і гісторыяй. Ну а што датычыцца стану астатніх помнікаў, то супрацоўніцтва з рознымі ўстановамі і прадпрыемствамі, якія з’яўляюцца іх уладальнікамі, даволі плённае. Мы стараемся ў вырашэнні нейкіх праблем дапамагчы ўладальнікам з прыцягненнем мясцовай улады, або нават далучэннем кампетэнтных спецыялістаў вобласці і рэспублікі. Большасць архітэктурных помнікаў знаходзяцца ў прывабным стане, але ёсць, канешне, праблемы, без іх не існуе ні адна сфера, тым больш, такая складаная, як захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.
– Вы, напэўна, маеце на ўвазе рэшткі маёнткаў, якія былі разбураны часткова за савецкім часам, часткова ў гады вайны, а сёння прыйшлі ў спусташэнне?
– Так, да нашага часу яны дайшлі ў дрэнным стане. Але і тут ёсць пэўныя рухі наперад. Напрыклад, маёнтак у Стайках, які, дарэчы, таксама ўнесены ў Дзяржаўны спіс помнікаў. Маёнтак быў перададзены індывідуальным прадпрымальнікам, якія на цяперашні час ужо амаль прайшлі этап вырабу поўнай дакументацыі. Ідзе рэстаўрацыя бровара, а ў будучым плануецца ўзвесці нешта накшталт былой панскай рэзідэнцыі, у якой будзе размяшчацца гатэль і ўся інфраструктура. Там вельмі прывабны вялікі парк, які таксама патрабуе вялікіх намаганняў, каб прывесці яго ў належны стан. Але хачу сказаць, што гэты маёнтак не адзіны ў нашым раёне. На Вілейшчыне засталося каля пятнаццаці панскіх маёнткаў, гэта і Абадоўцы, і Асцюковічы, і іншыя месцы. Патрэбны вялікія намаганні, каб усё ж такі перадаць іх новым уладальнікам. Ні сваімі сіламі, ні сіламі раённага ці абласнога бюджэту мы гэта зрабіць не зможам. Таму разумна ідзе дзяржава на тое, каб перадаваць іх індывідуальным прадпрымальнікам, якія маюць сродкі і жаданне даць новае жыццё гэтым збудаванням і мясцінам. У будучым, думаю, так і будзе. Вось, напрыклад, засталіся будынак панскага маёнтка ў Старынках, былыя панскія бровары ў Сэрвачы і Абадоўцах, спадзяюся,яны набудуць новае жыццё. Бо гэта адметныя ва ўсіх планах збудаванні – і ў архітэктурным, і ў мастацкім. Да таго ж, яны змогуць прыносіць нам пэўныя дывідэнды ў выглядзе турыстаў. Але гэта справа не аднаго дня, і мы шукаем тых, хто можа прывесці гэтыя збудаванні ў належны стан.
– Набліжаецца свята 9 мая, і канешне, напярэдадні Дня Перамогі хацелася б узгадаць і вайсковыя помнікі.
– Да такіх помнікаў адносяцца абеліскі, захаванні, іншыя помнікі, якія стаяць на месцы баёў, пахаванняў салдат Першай і Другой сусветных войнаў, а таксама ўзброенных паўстанняў. У гэтым годзе адзначаецца 150-годдзе паўстання 1863 года, на Вілейшчыне ёсць шэраг помнікаў і мясцін, прысвечаных гэтай падзеі – наш раён быў у цэнтры падзей таго часу. Вялікі ўклад у гэту справу ўносіць Таварыства па ахове помнікаў, аддзяленне якога існуе ў Вілейцы, узначальвае яго Дзяніс Канецкі. Таварыства робіць вялікі ўнёсак у аднаўленне і папулярызацыю гэтых помнікаў, што таксама дапамагае нам у гэтай дзейнасці. Наогул, ёсць у раёне і каардынацыйны савет, які за круглымі сталамі абмяркоўвае новыя помнікі: якімі яны павінны быць, хто мог бы распрацаваць эскізныя праекты. Гэта таксама вялікая справа, зараз умовы дзяржаўнага рэгулявання аб устаноўцы новых помнікаў даволі жорсткія: кожны помнік павінен адпавядаць і эстэтычнаму, і гістарычнаму аспекту свайго існавання. Усё гэта патрабуе вельмі скрупулёзнага абгрунтавання. Створана і раённая праграма па зберажэнню, захаванню і папулярызацыі помнікаў гісторыі і культуры. Трэба сказаць, што пытанне аховы і зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны пастаянна знаходзіцца на кантролі дзяржавы. Гэтым пытаннем займаюцца нават пракурорскія работнікі, яны правяраюць стан помнікаў, як адносяцца да іх захавання непасрэдныя ўласнікі, тыя структуры, якія за іх адказваюць. Работа вядзецца вялікая, і гэта, згадзіцеся, бачна.
– Згодна з вамі, але вы вышэй сказалі, што ні адна сфера не можа існаваць без праблем, нейкіх хібаў. Напэўна, і перад вамі стаяць пэўныя задачы, якія неабходна выконваць, але з якімі не ўсё проста і адназначна?
– Канешне. Напрыклад, унікальны былы маёнтак Ганута ў вёсцы Ручыца, ад якога засталіся толькі дзве, але вельмі ўнікальныя капліцы. Яны патрабуюць неадкладнай рэстаўрацыі. Хаця былі выкананы першапачатковыя намаганні па кансервацыі гэтых помнікаў, але гэтага недастаткова. Трэба шукаць грошы на іх аднаўленне, але не заўжды лёгка і хутка гэта зрабіць. Наш раённы бюджэт пацягнуць не зможа, у вобласці і рэспублікі ёсць першапачатковыя планы, якія павінны выконвацца на нашых адметных мясцінах, напрыклад, замках Беларусі. Большасць фінансавання ўліваецца менавіта ў тую сферу. Але думаю, з цягам часу намаганнямі зацікаўленых людзей, у тым ліку нашага раённага кіраўніцтва, мы здолеем аднавіць гэтыя ўнікальныя аб’екты. Праблем, канешне, хапае, але я заўжды кажу, што самае галоўнае – чалавек, ён можа зрабіць свой невялічкі ўклад у справу захавання помнікаў. Ад нас вельмі шмат залежыць, калі будзем папулярызаваць, пэўным чынам хаця б цікавіцца гэтымі помнікамі, то яны не знікнуць. Зараз у нас вялікія планы па будаўніцтву брамы-капліцы на могілках па вуліцы 1 Мая. Гэты помнік мы абавязкова павінны ўсталяваць да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, бо гэтыя могілкі якраз і ўзніклі ў 1915 годзе падчас значнага бою за Вілейку. Мы павінны адзначыць усіх тых людзей, абараняўшых наш горад, імёны якіх, на жаль, з цягам часу аказаліся ў забыцці. Наш святы абавязак зрабіць усё, каб гэты помнік існаваў. Аб’яўлены і раённы суботнік, падчас якога кожнае прадпрыемства можа зрабіць пэўны фінансавы ўклад у гэту справу. Існуе вельмі шмат прыкладаў адданай працы па стварэнню новых помнікаў. Заўважу, адна толькі праектная дакументацыя абыходзіцца прыкладна ў 70 мільёнаў рублёў, а яе выконваюць людзі, якія за сваю працу не бяруць нават тысячы. Яны таксама пранікаюцца гэтай тэмай, ідэяй увекавечання памяці воінаў Першай сусветнай. Вялікую ролю мае і падзвіжніцкая праца Барыса Цітовіча, ён вельмі актыўна займаецца гэтым пытаннем. Вось і ўсе мы павінны далучацца да справы ўзвядзення капліцы, каб воіны-абаронцы Вілейкі былі пачэсна вернуты ў памяць народа. Усё, што вакол нас, справа рук чалавека,і ўсё ў нашых руках.
– Дзякуй, Сяргей Мікалаевіч, за вялікае, адкрытае і, спадзяюся, цікавае нашым чытачам інтэрв’ю. І няхай як мага больш людзей знойдзе ў ім не толькі пэўную інфармацыю, але і прачытае між радкоў ваш заклік захаваць духоўна-культурную спадчыну, каб, сапраўды, было што перадаць дзецям і ўнукам.
Падрыхтавала Марына ПУЦЭЙКА,
фота аўтара