Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В Вилейке прошёл республиканский субботник (ФОТО)

Раніцай было пахмурна, і падумалася, што вось-вось можа пайсці дождж. А яго ў гэты дзень не чакалі – віляйчане настроіліся на суботнік, на навядзенне парадку. Снег сышоў, падсохла – і стала бачна ўсё непатрэбнае, што назбіралася на вуліцах, дварах за зіму. Таму вельмі не хацелася, каб працы перашкодзіў дождж…
І нябесная канцылярыя дала «дабро» на патрэбную справу: спачатку праз хмары нясмела прабіліся першыя праменьчыкі, а потым сонца смела стала ўладарыць на небе, з цікавасцю пазіраючы на занятых справай людзей.
На Цэнтральнай плошчы знайшлася справа будаўнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яны старанна фарбавалі лаўкі.
– Працуем ударна, – усміхнуўся брыгадзір Дзмітрый Трасцянка. – Самім жа прыемней, калі прыгожа і акуратна…
Маладыя будаўнікі Вікторыя Баслык і Дзяніс Багдзевіч згодна кіўнулі, пагадзіліся з брыгадзірам.
Кіпела работа і ў парку, на прыбярэжнай тэрыторыі ракі. Там з граблямі і венікамі шчыравалі супрацоўнікі райвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, дзяржстраху, падатковай інспекцыі, раённай бібліятэкі, музычнай школы. Зграбалася мінулагодняе лісце, збіралася голле і смецце. Неўзабаве зазелянее вызваленая ад непатрэбшчыны зямля, пакліча на адпачынак віляйчан і гасцей горада. Хочацца верыць, што не пакінуць яны пасля сябе смецце, а пастараюцца захаваць чысціню і парадак.
– Суботнік ёсць суботнік, – гэта ўжо гутару з працаўніцамі сталовай «Вяснянка», якія калдуюць над клумбай на сваёй тэрыторыі. – У іншыя дні сваёй работы хапае, таму гэты дзень прысвяцім навядзенню парадку на тэрыторыі. Клумбу спарадкавалі, кветкі пасеялі, вокны памылі…
Акінуўшы вокам тэрыторыю, я пагадзілася з жанчынамі – і сапраўды чысціня.
Мы тут жывём, тут растуць нашы дзеці, тут наша зямля. Значыць, нам клапаціцца пра яе чысціню і парадак. Практычна кожны, з кім сустракалася на суботніку, гаварыў гэта. Высокія словы? Не, данасць, якая павінна вызначаць лад жыцця.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: гараджане працуюць на суботніку.
Фота аўтара





Visited 6 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 232 queries