На днях я пабывала на двух мерапрыемствах, прысвечаных Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў: у дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Надзея-ХХІ стагоддзе» і ў сярэдняй школе №3 Вілейкі. У Будзішчы сустрэча атрымалася міжнароднай, на ёй прысутнічалі не толькі беларусы, але і немцы, прадстаўнікі маладога пакалення той краіны, якая ў тыя ўжо далёкія гады па-варварску напала на Савецкі Саюз. Канешне ж, няма віны іх, сённяшніх немцаў, што так было. Аднак яны, як прызналася Сабіна Хофман, валанцёр з Дрэздэна, усё роўна яе адчуваюць. Таму і стараюцца, каб сёння нашы адносіны былі сяброўскімі, добрасуседскімі. А пра былое мы памятаем. І мы, і яны.
Гэта мерапрыемства ў цэнтры «Надзея-ХХІ стагоддзе» ўжо стала традыцыйным. І кожны год сюды прыязджаюць людзі, якія вельмі многае робяць для таго, каб жыла памяць пра перажытае і каб падобная трагедыя ніколі не паўтарылася. Вось і ў гэты раз праграму сустрэчы падрыхтаваў і правёў дырэктар Гістарычнай майстэрні ў Мінску Кузьма Козак. Майстэрня размяшчаецца на тэрыторыі былога Мінскага гетта і прадстаўляе ідэальную магчымасць для навучання непасрэдна на гістарычным месцы. Яна – месца сустрэч розных пакаленняў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Вольга Рэнш, кіраўнік рэспубліканскага аб’яднання былых вязняў фашысцкіх канцлагераў «Рэха вайны» Уладзімір Шакуцін, прадстаўнікі аб’яднанняў былых вязняў з Мінска і раёнаў сталічнай вобласці, іншыя госці. Ад імя адміністрацыі цэнтра іх вітала намеснік дырэктара Вера Толсцікава. Пра вялікую работу ў нашым раёне з былымі вязнямі і з іх непасрэдным удзелам і пра сам раён расказалі дырэктар ДУ «Вілейскі ТЦСАН» Людміла Сляпцова, старшы навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Коласава, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Шэпелева. Цёпла вітала гасцей Алена Наркевіч, якая на сабе ў дзяцінстве зведала жахі рабства. Былі ўспаміны, цёплыя пажаданні і былі цудоўныя музычна-літаратурныя падарункі, якія прысутным уручылі супрацоўнікі цэнтра пад кіраўніцтвам Людмілы Ластачкінай і госці мерапрыемства – курсанты-сувораўцы. За тое, што сустрэча атрымалася, прысутныя шчыра дзякавалі і гасцям з Мінска, і віляйчанам – кіраўніку цэнтра Вячаславу Макушынскаму, намесніку старшыні райвыканкама Святлане Дзяруга, кіраўнікам тых вілейскіх устаноў і арганізацый, хто дапамагае пацярпелым у ваеннай віхуры.
Надзвычайна хвалюючай і цёплай атрымалася сустрэча ў трэцяй школе. У гэтай установе створаны музей, дзе вялікае месца адведзена матэрыялам пра непаўналетніх вязняў, таму гэта тэма для вучняў школы далёка не адкрыццё. Дарэчы, яшчэ і таму, што ў гэтай навучальнай установе ў свой час працавалі два непаўналетнія вязні – колішні дырэктар школы Антаніна Гарчакова і настаўніца пачатковых класаў Антаніна Бурак.
У зале шматлюдна: вучні, настаўнікі і яны, убеленыя сівізной жанчыны і мужчыны, якія маленькімі спазналі рабства, здзекі, голад і холад. Насуперак усяму, лёс падарыў ім жыццё. І сёння яны прыйшлі, каб у чарговы раз сустрэцца, успомніць, расказаць дзецям пра перажытае. Каб ведалі, памяталі, шанавалі і цанілі мір. Да слёз усхвалявала літаратурна-музычная кампазіцыя, падрыхтаваная вучнямі, нікога не пакінулі раўнадушнымі словы вядучай праграмы Іны Крышкоўскай, а кульмінацыяй, як мне здаецца, стала хвіліна маўчання ў памяць аб тых, хто загінуў у фашысцкіх засценках…
У раёне пражываюць 102 непаўналетнія і 20 паўналетніх вязняў, адзначыла дырэктар ДУ «Вілейскі ТЦСАН» Людміла Сляпцова, падзякаваўшы гэтым людзям за актыўную жыццёвую пазіцыю, чалавечнасць і нераўнадушша. Гэта яны, забыўшыся на свае балячкі, наведваюць тых, хто з-за хвароб абмежаваны ў руху, дапамагаюць цёплым словам, парадай, падтрымкай. А яшчэ гэтыя многае перажыўшыя людзі актыўна ўдзельнічаюць у культурна-масавых мерапрыемствах горада і раёна. У 2010 годзе быў створаны клуб «Дзеці вайны», членамі якога сталі былыя малалетнія вязні. Пазней члены клуба арганізавалі вакальную групу «Надзея», якая цяпер актыўна выступае, выязджае нават у аддаленыя вёсачкі. Вось і гэту сустрэчу вельмі ажывіла выступленне цудоўных спявачак, якія сваёй актыўнасцю, усім сваім жыццём паказваюць, што, нягледзячы ні на што, яны жывуць, працуюць, падтрымліваюць іншых. У іх многа планаў на будучае, і наперадзе ў клуба вялікая работа. Цікавая і важная, запэўніла Людміла Сляпцова, і падзялілася прыемнай навіной: у бягучым годзе атрыманы чарговы грант на развіццё. Значыць, будзе работа, будуць праекты.
Ад імя ўсіх вязняў слова ўзяла Антаніна Гарчакова. У віры крывавай вайны, сказала яна, загінула 13 мільёнаў малых. У «Азарычах» абарваліся жыцці 40 тысяч дзяцей, у «Асвенціме» – 22 тысяч, на прымусовыя работы ў Германію было вывезена 24 тысячы дзяцей, у тым ліку 175 – з Вілейшчыны. Іх білі, зневажалі, марылі голадам… У іх бралі кроў, часта да апошняй кропелькі, да смерці… Колькі светлых дзіцячых душаў і сёння недзе адтуль, з вышыні, глядзяць на нас. Хочацца верыць, што глядзяць з падзякай за памяць пра іх…
Зрабіўшы экскурсію па школьным музеі, дзеці вайны сабраліся за салодкім сталом. Было па-сямейнаму ўтульна, цёпла, за што ўсе шчыра падзякавалі дырэктару школы Мікалаю Гіро, настаўнікам і вучням. І яшчэ доўга працягвалася размова пра былое, дзень сённяшні і будучы.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара
К Международному дню освобождения узников в Вилейке прошли мероприятия
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ






