Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На фестивали «Чароўны куфэрак» Вилейщину представил детский образцовый театр «Ялінка» (Нарочанский Дом культуры)

На працягу больш за два дзясяткі гадоў на Любаншчыне збіраюцца юныя тэатралы Міншчыны на адкрытым абласным фестывалі дзіцячай тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак». Напачатку ён задумваўся з мэтай прапаганды лепшых духоўных традыцый беларускага народа – адсюль і куфэрак, у якім, як вядома, здаўна захоўваліся самыя лепшыя, дарагія сэрцу рэчы. А чаму ён чароўны? Мусіць, таму, што невычарпальны. Як наша мова, культура, талент…

І адпачынкам, і вучобай, і эстэтычным задавальненнем, і сродкам самасцвярджэння, і выхаваннем назваў фестываль яго дырэктар Васіль Каткавец. Ён адзначыў, што фестываль не носіць ярка выражанага конкурснага характару, ён – свята, свята творчасці, сяброўскіх узаемаадносін. І нават кампетэнтнае журы пад старшынствам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, дэкана тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесара Уладзіміра Мішчанчука, – мудрыя дарадцы, а не суддзі. А глядацкае журы, якое ўзначальвала рэжысёр узорнага тэатра «ТэСт» з Маладзечна Таццяна Бабей, – проста старэйшыя сябры, вясёлыя і добрыя.
Сёлета гонар прадставіць Вілейшчыну на фестывалі выпаў дзіцячаму ўзорнаму тэатру «Ялінка» Нарачанскага сельскага Дома культуры. Кіруе калектывам Лілія Вахрушава. Юныя артысты падрыхтавалі казку сучаснага беларускага драматурга Сяргея Кавалёва «Хохлік». У ёй – пра братоў-гномаў, добрага і злога. Урэшце, гэта адвечная тэма – барацьба дабра са злом. І як важна ўбачыць тую дабрыню, часам глыбока схаваную за непрыкметнай знешнасцю… А як важна не памыліцца, не прыняць за светлае і чыстае знешні лоск, пад якім – анічога, акрамя пустаты, раўнадушша і нават злосці. Навучыць юных гледачоў разбірацца ў добрым і дрэнным, у людзях – вось галоўная мэта і аўтара казкі, і юных артыстаў «Ялінкі» Веранікі Балгарскай, Лізаветы Іларыёнавай, Надзеі Тумаш і Юланты Гайковіч, якія ігралі ў казцы. І ў іх усё атрымалася – дамоў юныя артысты і іх кіраўнік Лілія Вахрушава вярнуліся з цудоўным настроем, з планамі на будучае і з двума Дыпломамі – «За ўдзел у фестывалі» і «За самы добры спектакль» ад глядацкага журы.
– Мы ўпершыню ўдзельнічалі ў фестывалі, – адзначыла Лілія Вахрушава, – і выступілі даволі паспяхова. Таму ёсць стымул тварыць, імкнуцца да новых дасягненняў. І мы будзем гэта рабіць.
Што ж, поспехаў табе, «Ялінка»! Расці!
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 128 queries