Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзяўчына піша вершы, якія да гэтага часу нікому не паказвала

Віляйчанка Вольга Грыневіч – мнагадзетная мама, яны з мужам выхоўваюць траіх дзетак.  Яна патэлефанавала з падзякай урачам-педыятрам, да якіх, як і любой маме, даводзіцца нярэдка звяртацца.
– Вось і зусім нядаўна захварэла мая малодшанькая, – расказала Вольга Анатольеўна. – І як жа тут без урача? Як і заўсёды, прыйшла на дапамогу Ірына Пятроўна Гіро, вопытны ўрач, прафесіянал і проста чулая і мудрая жанчына. І ў гімназіі, дзе вучацца мае старэйшыя, працуе дзіцячы ўрач, якому таксама хачу адрасаваць толькі падзячныя словы, гэта – Таццяна Уладзіміраўна Альфер. А зусім недалёка ад нас жыве педыятр Тамара Уладзіміраўна Гакуць, якая таксама заўсёды, у любы час сутак, прыходзіць на дапамогу. Гэта цудоўныя ўрачы, якія не толькі лечуць, але і добрым словам, шчырай парадай падтрымліваюць. Дзякуй ім вялікі ад усяго сэрца і поспехаў у высакароднай справе.
З падзякай і шчырымі пажаданнямі найлепшага звярнулася ў рэдакцыю Таццяна Лукошка з аграгарадка Ерхі Касцяневіцкага сельсавета. Як і належыць мясцоваму дэпутату, яна напісала ў рэдакцыю не толькі ад сябе, але і ад жыхароў сваёй і навакольных вёсак. А іх шчырыя словы адрасаваны настаяцелю Рэчкаўскай царквы айцу Валянціну Пяшко. «Яшчэ зусім маладым, толькі пасля духоўнай семінарыі, поўным велізарнага жадання несці людзям Божае слова, прыехаў ён у Рэчкі. Гэта быў той час, калі пасля адмаўлення царквы людзі пачыналі разумець, што з іх жыцця пайшло нешта важнае, што немагчыма ацаніць матэрыяльна, без чаго так цяжка ў жыцці… За гады службы айца Валянціна царква непазнавальна змянілася. Яго намаганнямі і з дапамогай прыхажан праводзяцца рамонты, у належным стане ўтрымліваецца тэрыторыя. Абноўлены іканастас і царскія вароты. Літаральна ва ўсім, што зроблена – непасрэдны ўдзел святара. Ён заўсёды прыйдзе на дапамогу любому чалавеку, параіць, падтрымае ў цяжкую хвіліну. І ад гэтага становіцца лягчэй, з’яўляецца адчуванне, што ты не адзін у бядзе, што справішся з усімі цяжкасцямі. Мы, прыхажане, удзячны айцу Валянціну за тое, што ён робіць для нас».
Прыйшоў ліст ад нашай юнай чытачкі – навучэнкі Ільянскага аграрнага каледжа Паліны Дзевятнікавай. Дзяўчына піша вершы, якія да гэтага часу нікому не паказвала. У іх – пра каханне, прыгажосць роднага краю.
Прошу об одном –
Обняться в последний день,
И, может, сердце покинет тень,
Прошу об одном –
Я буду любить тебя,
Ты мой единственный навсегда.
Каму ў юнацтве не хацелася сказаць нешта падобнае любімаму чалавеку! Ах, юнацтва, незваротная пара… А наконт таго, пісаць ці не пісаць, можна параіць Паліне прыслухоўвацца да свайго сэрца. І няхай кладуцца на паперу нераўнадушныя радкі. Хто ведае, магчыма, некалі ты прачытаеш іх і са светлым сумам усміхнешся. А можа, гэта пачатак шляху ў паэзію…
Нядаўна на электронны адрас у рэдакцыю прыйшло кароценькае пісьмо. Вось яно: «Падкажыце, калі ласка, як мне даведацца, дзе пахаваны мой родны дзядуля Субач Васіль Фёдаравіч, які жыў у вёсцы Гліннае Вілейскага раёна. Ён з’яўляецца родным братам героя-падрыўніка Андрэя Субача. З павагай, унук Сяргей».
Такі вось ліст. Магчыма, нехта валодае інфармацыяй пра дзядулю Сяргея. Калі так, то тэлефануйце, пішыце ў рэдакцыю.
Ірына БУДЗЬКО

Visited 9 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 226 queries