Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

20-21 красавіка ў Беларусі адбудзецца «Фэст экскурсаводаў»

20-21 красавіка ў Беларусі адбудзецца чарговы «Фэст экскурсаводаў», прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў, які адзначаецца ва ўсім свеце 18 красавіка па ініцыятыве ЮНЭСКА вось ужо 30 год.

“Фэст экскурсаводаў” узнік у 2009 годзе з мэтай пазнаёміць жыхароў канкрэтных рэгіёнаў, гарадоў, вёсак, раёнаў і нават вуліц з тымі помнікамі, побач з якімі яны жывуць і ходзяць кожны дзень. У свядомасці чалавека часта жыве ўпэўненасць, што жывучы на адным месцы досыць доўга ўсё пра яго ведаеш і нічога цікавага побач няма. І менавіта ў гэтым хаваецца прычына занядбанасці шматлікіх гістарычных будынкаў. “Адкрыць вочы” мясцовым жыхарам – вось што можа паспрыяць захаванню і адраджэнню таго ці іншага помніка!
«Фэст экскурсаводаў» – гэта шэраг бясплатных экскурсій па найцікавейшых мясцінах, па небанальных маршрутах і тэмах, якія будуць праведзеныя на працягу двух дзён па розных кутках Беларусі. Кожны год мы спрабуем данесці інфармацыю пра бясплатныя экскурсіі менавіта да жыхароў тых раёнаў і вуліц, дзе яна будзе адбывацца.
«Фэст экскурсаводаў» – гэта адкрытая акцыя. Мы звяртаемся да краязнаўцаў і экскурсаводаў: прапануйце свае цікавыя пешаходныя маршруты! Падрыхтуйце тэму, якую вам даўно карцела раскрыць, але не было на яе камерцыйнага заказу. Ахвяруйце некалькімі гадзінамі, каб падзяліцца сваімі ведамі з тымі, хто хацеў бы больш даведацца пра родныя мясціны.
Мы шукаем актыўных людзей у абласных і раённых цэнтрах, мястэчках і вёсках для дапамогі ў арганізацыі сваіх міні- (а можа і не міні-) Фэстаў у рэгіёнах. У Мінску за два дні праводзіцца больш за 30 экскурсій. Нам бы хацелася, каб іншыя мясціны Беларусі не адставалі ў гэтай справе. Калі Вы займаецеся даследваннем гісторыі свайго горада, мястэчка, падзяліцеся ёй з тымі, хто жыве побач з Вамі!
Патэлефануйце ці напішыце нам – паведамце пра сваё жаданне арганізаваць ці правесці экскурсію – і мы апублікуем яе ў агульным спісе экскурсій “Фэста экскурсаводаў”, які будзе размешчаны на буйнейшых інтэрнэт-парталах і ў друкаваных СМІ!
Будзем радыя бачыць сярод удзельнікаў Фэста і турыстычныя прадпрыемствы. Дадайце ў агульны спіс сваю бясплатную экскурсію! Гэта дазволіць большай колькасці людзей даведацца больш пра сваю малую Радзіму, а вам зробіць неблагую рэкламу.
У гэтым годзе ў межах Фэста будуць распрацаваныя і праведзеныя экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Мінску. Мы паспрабуем раскрыць тэму, якую ў якасці «гадавой» прапанаваў міжнародны камітэт ICOMOS – ахова помнікаў адукацыі.Правядзём некалькі экскурсій для маленькіх дзетак, распрацуем адмысловыя маршруты для веласіпедных экскурсій, арганізуем гістарычныя вандроўкі па самых старых храмах. Дый шмат чаго яшчэ цікавага…
Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і чакаем новых удзельнікаў з цікавымі ідэямі!
Пішыце нам на адрас: fest@icomos.by
Тэлефоны для даведак:
+375295571124 (Цімох)
+375333413612 (Яўгенія)
+375298969785 (Валянціна)
Аргкамітэт «Фэста экскурсаводаў 2013»: ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС», ГА «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», краязнаўчы клуб «Дыярыуш» (БДПУ імя М. Танка), інтэрнэт-партал «Holiday.by», турыстычная фірма «ТандэмТур».
Яўгенія БЫЦ,
удзельнік арганізацыйнага камітэту акцыі

Яўгенія БЫЦ,

Visited 10 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 226 queries