Штогод напрыканцы лютага ў Ільянскай школе традыцыйна праводзіцца спартландыя, прысвечаная Дню абаронцаў Айчыны. Гэты год не стаў выключэннем. На мерапрыемства былі запрошаны вучні 5-11 класаў і іх бацькі. Усе сабраліся ў спартыўнай зале. Ганаровае месца занялі члены журы, настаўнікі нашай школы.
Пад гукі марша ў зале з’явіліся каманды будучых абаронцаў: каманда жоўтых і каманда белых.
Першы конкурс — “Баскетбол”. Удзельнікі павінны як мага хутчэй правесці баскетбольны мяч вакол перашкод. Каманды на старце. Раздаецца свісток – і адразу ж уперад вырываецца каманда жоўтых, але і белыя не губляюць надзеі і імкнуцца дагнаць сапернікаў. Усё ж такі спрытнейшай аказалася каманда жоўтых. Пасля на арэну выйшлі гіравікі. Першым зыходную пазіцыю заняў прадстаўнік каманды белых — Вараўка Філіп. Патрэбна адзначыць, што яго фізічнай падрыхтоўцы можа пазайздросціць, напэўна, кожны вучань нашай школы, бо ён падняў гіру аж 38 разоў. А яшчэ ўдзельнікам спартландыі давялося пераадолець паласу перашкод, пасапернічаць у перацягванні каната і нават пастраляць.
Урэшце журы аб’явіла вынікі: агульны лік 12:12. Атмасфера ў зале стала вельмі напружанай, асабліва хваляваліся ўдзельнікі каманд. Бо наступны быў вельмі незвычайны: конкурс класных кіраўнікоў каманд. Пакуль журы падводзіла вынікі спартландыі, у выкананні вучаніц 9”Б” класа прагучала песня ”Сто дней до приказа”.
У заключным слове дырэктар школы Юшко Ігар Аляксандравіч сказаў: ”Каманды паказалі выдатную гульню і даказалі, што яны дастойны насіць ганаровае званне абаронца Айчыны.” А перамагла ў спартландыі каманда жоўтых з лікам 14:13,5. Але салодкія прызы атрымалі ўсе.
Ксенія БАЖЭЛКА, вучаніца 9”А” класа
Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця





