Штогод у калядныя дні, асветленыя радасцю свята Божага Нараджэння, у нашай краіне праходзіць цырымонія ўручэння прэміяў «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэміяў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Гэтая падзея заўсёды выклікае жывы інтарэс ва ўсіх жыхароў нашай краіны. Сёлетняе ўручэнне для нас стала асаблівым, бо спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта была ўзнагароджана наша зямлячка Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Алена Раманаўна нарадзілася ў вёсцы Сасноўшчына Даўгінаўскага сельсавета, дзе зараз жывуць яе бацькі, працавітыя і адукаваныя людзі Раман Юльянавіч і Юзэфа Іосіфаўна Ляшковічы. Тут Алену Ляшковіч добра памятаюць, радуюцца яе поспехам, чакаюць сустрэч. У свой час Алена Раманаўна з’яўлялася чытачкай нашай сельскай бібліятэкі, зараз паслугамі бібліятэкі карыстаюцца яе бацькі.
А нядаўна наша бібліятэка атрымала падарунак ад сваёй слыннай зямлячкі. З фондаў музея нам перадалі энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» і фотаздымак удзельнікаў навукова-літаратурнага гуртка пры Пецярбургскім універсітэце (на здымку). Здымак зроблены 9 лютага 1913 года пасля першай пастаноўкі камедыі «Паўлінка».
Фотаздымак для нас, даўгінаўцаў, дарагі яшчэ і тым, што сярод удзельнікаў гуртка на фота і ўражэнец Даўгінава, сябар Янкі Купалы, выканаўца ролі Яўхіма Сарокі ў камедыі «Паўлінка» Леанард Заяц з жонкай Кларай Эпімах-Шыпіла. Многім беларусам Леанард Заяц вядомы як відны палітычны і культурны дзеяч маладой беларускай рэспублікі, жыццё якога абарвалася ў 1937 годзе ў сталінскіх турмах.
Мы і чытачы нашай бібліятэкі ўдзячны Алене Ляшковіч за дарунак, спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва і сустрэчы.
Ала ЮРКЕВІЧ, Кацярына ВАЛУЕВА, работнікі Даўгінаўскай бібліятэкі