Добра сказаў наш Прэзідэнт: «Беларусы і ў ХХI стагоддзі застануцца беларусамі…» І мы можам дадаць сабе: беларусамі працалюбівымі, спрытнымі, умелымі, кемлівымі, знаходлівымі. Харошымі!
У дадзены момант, пішучы гэтыя словы, гэту падзяку, я маю на ўвазе двух цудоўных хлапцоў. Міхаіл Мордас і Сяргей Бекіш – пажарныя Карпавіцкага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста. Яны маладыя, і я рада, што ў Карпавічах ёсць людзі, якія так годна памнажаюць працоўныя традыцыі сваіх продкаў.
Нядаўна мне прыйшлося звярнуцца да іх паслугаў, і я патэлефанавала ў Вілейскі райаддзел па надзвычайных сітуацыях. Трэба было зняць небяспечнае гняздо шэршняў, што завяліся высока пад страхой маёй роднай бацькоўскай хаты.
У той дзень было кепскае надвор’е, слізгата, завіруха. Нават не проста было ўсталяваць лесвіцу. Аднак мне не прыйшлося доўга разважаць пра цяжкасці, таму што трэба было толькі здзіўляцца ды назіраць за работай гэтых віртуозаў. Нягледзячы на малады ўзрост, Міхаіл Мордас і Сяргей Бекіш дасканала валодаюць тэхнікай сваёй справы. Акрамя таго, відаць па ўсім, гэта вельмі прыстойныя людзі: сціплыя, ветлівыя і паважлівыя, з цвярозым розумам, сур’ёзныя. Сапраўдныя беларусы ў найлепшым значэнні гэтага слова.
Ад шчырага сэрца выказваю падзяку Міхаілу Мордасу і Сяргею Бекішу. Была б вельмі рада, калі б мая падзяка была агучана ў калектыве, дзе гэтыя людзі працуюць.
Галіна МЫЦЫК, г. Мінск







