Святло Божага Нараджэння, здаецца, ліецца бясконцым патокам з нябёсаў у гэтыя калядныя дні. Выпраменьваюць яго і сэрцы чалавечыя, памкненнямі якіх кіруюць дабрыня, любоў і міласэрнасць – жыццёвыя прынцыпы, уласцівыя маральным устаноўкам кожнага хрысціяніна. Святло гэта нябачнымі промнямі, адзначанымі аднак людской свядомасцю, знітоўвала ў адно цэлае сцэну і глядзельную залу падчас каляднага канцэрта, што прайшоў у мінулую пятніцу ў гарадскім Палацы культуры.
Мерапрыемства стала ўжо традыцыйным. Штогод удзельнічае ў ім хор храма Марыі Егіпецкай (рэгент Мікалай Шкет). Мы прывыклі бачыць на сцэне ў якасці вядучых артыста Беларускага радыё Алега Вінярскага і дырэктара Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяну Захарыч. Гэты цудоўны па сіле мастацкага ўздзеяння на гледачоў дуэт вымушае залу адгукацца на кожную сцэнічную дзею. То бурнымі воплескамі, то стоеным маўчаннем, за якім – вялікая праца душы. Меладычныя гукі царкоўных званоў рассыпаліся па прыціхлых радах запоўненай залы, нібыта пялёсткі майскіх суквеццяў, ускалыхнутыя ветрам. Гэта дэманстравалі сваё майстэрства званары Беларускай Праваслаўнай царквы. Як у храме звон стварае духоўны фон шчырай малітвы, так і ў Палацы культуры ён стаў пралогам да ўражальнай сцэнічнай дзеі.
– Жыццё зноў аднаўляецца благадаццю Хрыста, – нагадваюць яе магістральны накірунак вядучыя. А благачынны вілейскіх прыходаў айцец Сімяон, звяртаючыся да прысутных са сцэны, акцэнтуе іх увагу на бясконцым пошуку ісціны, якім заўсёды заклапочаны чалавек. А яна – у святой веры, у запаведзях хрысціянства, што ўжо колькі стагоддзяў валадараць розумам і ўчынкамі людзей, раскрываючы ім сэнс іх зямнога быцця.
Сённяшні вечар, нагадвае благачынны, кагосьці верне ў яго маладосць, а ўсіх – у тыя такія далёкія і адначасова такія блізкія кожнаму хрысціяніну дні, калі нарадзіўся Хрыстос. «Радасна, што мы кожны год па міласці Божай збіраемся ў гэтым Палацы», – заўважыў айцец Сімяон, пажадаўшы, каб кожнаму з прысутных гэты вечар прынёс духоўную радасць. І збылося пажаданне благачыннага. Шматгалоссе хору царквы Марыі Егіпецкай, прафесійна адшліфаванае, падмацаванае высокай патэтыкай мелодыі, сапраўды паланяла, зачароўвала, вымушаючы звяртацца да анельскіх спеваў, што некалі, 2000 год таму, услаўлялі нараджэнне Збавіцеля. Для некаторых прысутных адкрыццём стаў яшчэ адзін вакальны калектыў – хор царквы Сабору Беларускіх Святых, размешчанай у аграгарадку Любань. Прыязна прынялі віляйчане і гасцей з Маладзечна, начале з благачынным Маладзечанскай акругі айцом Віталіем. Хор храма Покрыва Прасвятой Багародзіцы таксама ўразіў мастацкім выкананнем малітоўных і духоўных мелодый.
У гэты вечар адбыўся дэбют студыі «Домісолька» Цэнтра эстэтычнага выхавання. Дзеці падрыхтавалі да святочнага канцэрта літаратурную кампазіцыю па біблейскіх матывах, прысвечаную Нараджэнню Хрыста. Як заўсёды зачараваў цудоўным вакалам хор старэйшых класаў вілейскай дзіцячай школы мастацтваў. Былі сярод самадзейных артыстаў і яшчэ адны дэбютанты – вучні нядзельнай школы храма Марыі Егіпецкай. Пранікнёна гучалі ў дзіцячых вуснах вершаваныя радкі пра Бога і веру, пра адносіны да святынь, спрадвеку дарагіх сэрцу кожнага сапраўднага хрысціяніна. Хочацца верыць, што такіх сапраўдных і сабрала ў мінулую пятніцу глядзельная зала нашага Палаца культуры. Гарманічныя рухі дзяўчынак з ансамбля танца «Карагод» гімназіі №2, з іх лёгкім, амаль бязважкім лунаннем над сцэнічнай пляцоўкай… Мастацкае чытанне Валянціны Цітовіч, дзе ўсе інтанацыі і акцэнты закліканы ўздзейнічаць на розумы і сэрцы слухачоў, выклікаючы пачуцці адпаведнага кшталту… Еднасць сцэны і залы. Яе падкрэсліла, здзейсніўшы завяршальны акорд святочнага вечара, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга:
«Кожны з нас, здзяйсняючы добрыя справы, здольны змяніць хоць бы ў малой меры акаляючую рэчаіснасць да лепшага. Толькі так мы разам станем мацней», – працытавала Святлана Міхайлаўна радкі з каляднага паслання Свяцейшага Патрыярха Кірыла. Зал дружнымі воплескамі выказаў згоду да дабрачыннасці, яднання ў духу хрысціянскіх традыцый, звязваючым момантам якіх з’яўляецца абвешчаная Збавіцелем Любоў.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
Во Дворце культуры состоялся концерт “Свет Рождества Христова”
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ







