Упэўнена: у наш дынамічны час сельскі Дом культуры павінен прапаноўваць кожны раз нешта якасна новае, пастаянна ўзнімаць планку асабістай адказнасці, выхоўваць такім чынам густы публікі… Нам трэба натхняць людзей. А чалавек, натхнёны і адухоўлены, зможа будаваць, сеяць, вучыць, плённа працаваць і не спыняецца на дасягнутым.
Міхаіл Аўрамавіч родам з вёскі Клін Хоцімскага раёна, што на Магілёўшчыне. Ужо ў восемнадцаць год, не маючы спецыяльнай адукацыі, ён працаваў загадчыкам Клінскага сельскага клуба. Потым служба ў радах Узброеных сіл СССР, вучоба ў Мінскім педагагічным вучылішчы на аддзяленні харавога дырыжыравання. Па волі лёсу трапіў у наш, Вілейскі раён, і вось ужо 35 год працуе дырэктарам Нарачанскага сельскага Дома культуры. Зразумела, не ўсё давалася лёгка, аднак уменне арганізаваць справу, павесці за сабой аднадумцаў хутка прынесла свой плён. Жаданне і настойлівасць прывялі да здзяйснення цікавых ідэй у рабоце сельскага Дома культуры: у 70-ыя гады знакаміты вакальна-інструментальны ансамбль «Раніца», дзе спяваў і граў на клавішах Міхаіл Кавалёў, у 80-е – цудоўны дзіцячы тэатр «Ялінка», гурт народнай песні «Крыніца», студыя саломапляцення «Лучынка», далей – студыя эстраднай песні.
Міхаіл Аўрамавіч заўсёды працаваў і працуе ў гістарычна цікавым месцы, цудоўнай вёсцы, перадавым калгасе, лепшым сельска-гаспадарчым комплексе і ў раёне, і ў вобласці, першым аграгарадку, таму заўсёды неабходна было быць лепшым і ў культурным абслугоўванні насельніцтва, прымаць высокіх гасцей, нарады, семінары.
Прафесійныя артысты бываюць тут найчасцей, але жыхары аграгарадка перапаўняюць утульную глядзельную залу на мерапрыемствах, якія ладзіцца таленавітым калектывам Дома культуры, пад кіраўніцтвам цудоўнага чалавек, творчага культработніка, абаяльнага чалавека, умелага кіраўніка Міхаіла Аўрамавіча Кавалёва.
Калі гартаем працоўную кніжку Міхаіла Аўрамавіча Кавалёва, то ў раздзеле «Сведкі аб рабоце» чытаем толькі адзін запіс: 03.01.1974 прыняты на работу дырэктарам Нарачанскага СДК, а вось у раздзеле «Звесткі аб заахвочваннях і ўзнагародах» іх шмат. Пачынаючы з 1979 года, за добрасумленную працу ён неаднаразова атрымліваў падзякі за развіццё мастацкай самадзейнасці, за работу па эстэтычнаму выхаванню, прэміі за перамогу ў раённых аглядах-конкурсах «Як жывеш, глыбінка?», узнагароджваўся ганаровымі граматамі Вілейскага райвыканкама, аддзела культуры, быў занесены на Дошку Гонару адзела культуры.
Кажуць, што кожны чалавек нараджаецца пад сваёй зоркай. Ды толькі якой будзе твая зорка – яркай ці бляклай – залежыць ад самога чалавека. Зорка Міхаіла Кавалёва не толькі ярка свеціць, але і дорыць людзям радасць, сагравае душы.
Толькі ведаючы спецыфіку работы кіраўніка сельскай клубнай установы, можна па заслугах ацаніць творчую дзейнасць дырэктара Нарачанскага СДК прызнанага лепшай установай культуры па выніках 2009 года.
Міхаіл Кавалёў учора святкаваў свой 60-гадовы юбілей.
Супрацоўнікі аддзела культуры Вілейскага райвыкан-кама, метадычнай службы, клубныя работнікі шчыра віншуюць юбіляра і жадаюць моцнага здароўя і творчага натхнення яшчэ на доўгія гады прафесійнай дзейнасці.
Тэрэса ЗАКРЭЎСКАЯ,
дырэктар раённага метадычнага
цэнтра народнай творчасці


