Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

А нам застаюцца рэшткі…

Пачалося з гэтага звароту ў рэдакцыю. «У перадсвяточныя дні пра Новы год ды Каляды гаварылі і пісалі ўсюды. І як падрыхтаваць святочны стол, таксама раілі. У навагодні вечар па тэлебачанні жадаючыя глядзелі, як весела людзі сустракаюць святы, віншуюць адзін аднаго, наліваюць шампанскае… Асабіста мне, як і іншым жыхарам нашай вёскі, было неяк не па сабе ад усяго гэтага. Крыўдна ад таго, што мы, у асноўным людзі немаладыя, засталіся абыдзенымі ўвагай.
Каб падрыхтавацца да свята, трэба, канешне ж, набыць пэўныя прадукты. Мы, жыхары Шчукаў, гэта можам зрабіць толькі ў «бусіку», які два разы ў тыдзень прыязджае ў вёску. Машынка невялічкая, а ў нашы Шчукі заязджае пасля абслугоўвання каля дзясятка вёсак. Можаце ўявіць, што застаецца для нас… Вось і напярэдадні Новага года было амаль пуста ў нашага вадзіцеля. Ужо не гаворачы ні пра шампанскае, ні пра мяса, ні пра цукар. Добра, што ёсць сыны і дочкі, якія ўсё прывязуць бацькам з горада. Але ж не ва ўсіх пенсіянераў яны ёсць ды і не кожны раз прыедуць…
У свой час у нашай вёсцы быў магазін, але гады два-тры назад яго закрылі. А ўзамен далі такое вось «рэшткавае» абслугоўванне. Няўжо нельга пасылаць машыну, у якой можна было б прывезці ўсё, што людзям трэба? А то – самае элементарнае і то не заўсёды да нас даязджае».
Таццяна Аляксееўна МАНДРЫК, в. Шчукі Вязынскага сельсавета.
Праблема, узнятая нашай чытачкай, актуальная – падобныя факты назіраліся і ў іншых сальсаветах. Таццяна Аляксееўна звярнулася да старшыні Вязынскага. Патэлефанавала яму і я. Вось як пракаменціраваў сітуацыю Ігар СУДНІКОВІЧ:
– Пытанне гэта паднялі ўпершыню. Я ўжо звязваўся з раённым спажывецкім таварыствам, спадзяюся, што змены ў абслугоўванні будуць. Хоць, вядома, складанасцяў хапае ва ўсіх… Для больш поўнага забеспячэння патрэбнымі таварамі хочацца параіць вяскоўцам не забывацца рабіць папярэднія заказы. А яшчэ,думаецца, да гэтай справы можна падключаць і сацыяльных работнікаў, якія абслугоўваюць нямоглых і адзінокіх – любы тавар, які чалавеку патрэбны, яны даставяць. Увогуле ж, праблема, узнятая Таццянай Аляксееўнай, цяпер на кантролі.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 188 queries