Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жыццё ўпрыгожвае чалавечнасць

Вашы, паважаныя чытачы раёнкі, звароты, пра якія размова пойдзе ніжэй, прыйшлі ў рэдакцыю напрыканцы мінулага і ў пачатку новага 2013 года. У допісах і тэлефонных зваротах – не скаргі на цяжкасці ці праблемы, а пра тое, як упрыгожвае жыццё дабрыня. Пра чулых і спагадлівых людзей вы і напісалі ў рэдакцыю, выказаўшы ім шчыры дзякуй.
З вёскі Мацькаўцы нам патэлефанавала пенсіянерка ГУБАРАВА (на жаль, не назвала сваё імя і імя па бацьку). Жанчына шчыра дзякуе супрацоўнікам крымінальнага вышуку раённага аддзела ўнутраных спраў за тое, што дапамаглі ў пошуку яе сына Аляксандра. Чаму ён на працягу трох месяцаў не даваў пра сябе ведаць і як перажывалі ўсё гэта бацькі, гэта асобная гісторыя, і не пра яе сёння размова. Мацярынская ж падзяка міліцыянерам за тое, што знайшлі сына, далі свой мабільны тэлефон, каб патэлефанаваў бацькам і супакоіў.
Пра свайго паштальёна Марыну Герко, шчырую, спагадлівую жанчыну, расказала Ніна Антонаўна ПІСКУРОВІЧ з вёскі Касцяневічы.
– Вельмі добрая наша Марына Казіміраўна, як блізкі чалавек, – падзялілася пенсіянерка. – Не толькі пошту там дастаўляе, але і ўсё, што пажадаем: і лекі, і нейкі тавар. А галоўнае – цёплае слоўца, спагаду. І час на ўсё знаходзіць, хоць, акрамя работы, мае сям’ю, дваіх дзетак. І Марыну Казіміраўну, і начальніка Ерхаўскай пошты Людмілу Уладзіміраўну Васюціну хочацца шчыра павіншаваць з прыгожымі зімовымі святамі і пажадаць ім усяго найлепшага.
Віляйчанка Ганна Уладзіміраўна ШУТ даслала ліст з падзякай людзям, якіх… не ведае. Як гэта? Давайце прачытаем. «Дзякую добрым людзям, якія мяне падвезлі з бальніцы, – напісала Ганна Уладзіміраўна. – Да таксі я не змагла дазваніцца, падышла да незнаёмага чалавека і пацікавілася, ці ведае ён нумар таксі. «А куды вам трэба ехаць? Я вас падвязу», – пачула ў адказ. І гэты чалавек, якога, як я пачула, завуць Алегам, разам з жонкай падвёз мяне аж да дома №12 па вуліцы Гагарына».
Магчыма, Алег прачытае гэтыя радкі. Ганна Уладзіміраўна віншуе яго сям’ю са святамі і дзякуе бацькам за выхаванне такога цудоўнага сына, які з павагай адносіцца да хворых.
З Даўгінава да нас прыляцеў ліст ад Л.В. КарповІЧ (поўнага імя аўтар, на жаль, не напісаў). Вось вытрымкі з ліста: «Жыхары Даўгінава не пакрыўджаны недахопам прадуктовых магазінаў – іх у нас многа. А вось людзі з аддаленых вуліц, якія жывуць у кіламетры ад цэнтра, пакрыўджаны. Гэты далёкі пасёлак у нас завуць «саўгасам» (відаць, таму, што тут знаходзіцца кантора гаспадаркі і жывуць большасць даярак, жывёлаводаў, трактарыстаў). А паколькі яны большасць часу знаходзяцца на працы, то бегаць па магазінах, якія знаходзяцца няблізка, няма калі. Вось і ловяць аўталаўкі…. Але знайшоўся добры чалавек – Іосіф Сцяпанавіч Кавалеўскі, жыхар гэтага ж пасёлка, які вырашыў дапамагчы людзям: выкупіў у раённага спажывецкага таварыства былы магазін і пачаў даводзіць яго да ладу. Мы ўсё спадзяёмся, што да вясны Іосіф Сцяпанавіч адкрые свой магазін». Многа цёплых слоў напісана ў лісце аб працавітым чалавеку, які вырашыў укласці свае сілы і сродкі ў справу, якая патрэбна, у першую чаргу, людзям. Няхай жа ўсё будзе так, як задумана! А Кавалеўскаму аўтар ліста дасылае шчырыя словы падзякі, віншаванні са святамі і самыя найлепшыя пажаданні.
Стараста вёскі Порса Алена Сідараўна ЛаЎрыновІЧ патэлефанавала ў рэдакцыю таксама з прыемнай місіяй.
– Ад імя ўсіх старастаў сельсавета хочацца падзякаваць старшыні Любанскага сельвыканкама Чуковічу Уладзіміру Міхайлавічу, – расказала яна. – Ён павіншаваў усіх нас, а праз нас і ўсіх-усіх жыхароў Любанскага сельсавета, з Новым годам і Калядамі. Дзякуй за добрыя пажаданні, за сувеніры. А яшчэ ўсе нашы пенсіянеры, каго абслугоўвае сацыяльны работнік Надзея Гісіч, шчыра віншуюць яе і з прыгожымі зімовымі, і з прафесійным святамі. Здароўя ёй, шчасця і поспехаў!
Словы падзякі супрацоўніцы бібліятэкі Людміле Тонкавіч выказвае педагог Людміла АдамовІЧ – за дапамогу ў выданні зборніка «Спавядальны ўспамін».
Год для многіх пачаўся з прыемнага. Няхай ён і будзе такім.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries