Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В Вилейке прошло шествие Дедов Морозов

– А дзе яны жывуць, усе гэтыя Дзяды Марозы? – дапытвалася ў маці маленькая дзяўчынка. – Напэўна, ёсць такі дзедмарозаўскі горад?
– Так, ёсць такі горад, дзе і Дзяды Марозы, і Снягуркі, і ўсе гэтыя забаўныя звяркі, і нават Бабкі Ёжкі жывуць, – адказвала жанчына.
– А ён завецца Вілейка? – не супакойвалася дзіця.
– Так, Вілейка, – дала адказ маці і прапанавала: – А хочаш усё бачыць? Тады давай да таты на плечы!

А па вуліцы з песнямі і танцамі ў накірунку плошчы трымала курс святочнае шэсце – Дзяды Марозы са Снягуркамі, іх світы, мноства казачных персанажаў. Да іх далучыліся жадаючыя ўрачыста прайсці да імправізаванай сцэны – і атрымалася мнагалюднае звонка-святочнае шэсце.
Не адзін год даводзілася бываць на такім свяце і не памятаю, каб яно было такім масавым. Рэй вяла сама Зіма, якая, нібыта па заказу, супакоіла свае завеі і марозы і падарыла на свята спрыяльнае надвор’е. Вось і прыйшлі на плошчу людзі, узяўшы з сабою дзетак. А каб было прысутным весела і цёпла, казачныя персанажы сумаваць нікому не давалі, запрашалі танцаваць, вадзіць карагоды. Ад вясёлай музыкі, што разносілася па наваколлі, ногі самі прасіліся ў танцы. Не стрымліваліся не толькі гледачы, але і Дзядулі Марозы са Снягуркамі на сцэне. Ні цёплае футра, ні нязручны абутак не перашкаджалі ім дэманстраваць такія «па», якім пазайздросціць нават прафесіянальны танцор.
Адметная дэталь: сёлета ў свяце прынялі ўдзел многа “дзедмарозаўскіх» каманд. Кожная са святочных світ выступіла са сваёй праграмай, прадэманстраваўшы столькі талентаў і ўмельства! Было многа жывой музыкі (Дзяды Марозы, як высветлілася, адмысловыя баяністы і гарманісты), танцаў, гульняў і жартаў. Вось і паспрабуй тут выдзелі ў агульным свяце талентаў самых-самых! Хтосьці з гледачоў аддаваў пальму першынства камандзе службы сацыяльнай абароны, нехта ў дзве рукі галасаваў за «Зеніт», а яшчэ хтось называў лепшай каманду гімназіі №2… Урэшце, кожнаму бачыўся свой пераможца, і гэта толькі пацвярджала, што ўсе каманды былі дастойнымі. Калі ж на сцэну падняліся ўсе Дзяды Марозы і ад душы станцавалі, то лепшымі з іх былі названы касцяневіцкі «Дзядуля», яго «калегі» з гімназіі «Логас» і «Зеніта». Ім былі ўручаны прызы.
Увогуле ж сёлета ў святочным шэсці прынялі ўдзел вельмі многія калектывы: школы №1, №3, гімназіі «Логас», №2, пачатковая школа №6, цэнтр дадатковай адукацыі, дзяржаўны прафтэхкаледж, цэнтр эстэтычнага выхавання, «Зеніт», мэблевая фабрыка, рамонтны завод, лясгас, завод буддэталяў, жыллёва-камунальная гаспадарка, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Нарачанскі, Касцяневіцкі, Сцешыцкі, Любанскі сельсаветы, каманды райвыканкама і Палаца культуры. Хочацца спадзявацца, што ў наступным годзе спіс толькі папоўніцца.
Пад музыку і спевы віравала жыццё і на катку, ля самой прыгажуні ёлкі. Напрыканцы свята ўсе прысутныя сабраліся ў вялізны карагод і вёрткай змейкай (на парозе ж год Змяі!) скіраваліся да галоўнай елкі горада. І яна неўзабаве заззяла рознакаляровымі агеньчыкамі! І свята працягвалася…
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: моманты свята.
Фота аўтара










Visited 13 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 232 queries