Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На конкурс «Чалавек года 2012»

«Размову з вераснем вяду» – так называецца новая кніга нашага паэта Міколы Кутаса. Прачытаўшы кнігу, не ўстрымаўся, каб не сказаць колькі добрых слоў пра яе і пра аўтара.
Лічу, што існуе неабходнасць з дапамогай шаноўнай газеты звярнуць увагу на новае выданне, якое толькі што пабачыла свет і справядліва прагне адчуць наша захапленне.
«Размову з вераснем вяду» – гэта кніга лірычных вершаў, пародый, трапных прыпевак. У ёй шмат пранікнёных радкоў аб родным краі, прыродзе, каханні, – так адзначана ў кароткай кніжнай анатацыі.

Кніга запрашае чытача да шчырай размовы, да глыбокага роздуму.
Матывы высокага грамадзянскага гучання захопліваюць чытача адразу, распавядаючы аб адданасці лепшых сыноў бацькаўшчыны ў вершах, прысвечаных Адаму Гурыновічу, Міхаілу Казінцу, Максіму Багдановічу, Адаму Грымацю. Абагульнены пагляд выразна паказвае, як

павінен ставіцца чалавек да роднай краіны, да сваіх родных мясцін, праслаўляць іх і зберагаць.
Паэт-грамадзянін славіць нашу родную беларускую зямлю ў вершах «Беларуская зямля», «Толькі б вярнуцца дамоў», «Ілья дарагая». Яго вершы ўражваюць, зачароўваюць, пераконваюць. Яны вельмі пазітыўныя, праўдзівыя, а яшчэ аптымістычныя і светлыя, і чытаюцца з вялікай асалодай.
Яны нясуць дабрыню людзям. У гэтым іх моц і значнасць.
Паэт знаходзіць трапныя выразы, дакладныя параўнанні. І жывая вобразнасць безупынна віруе ў вершах самых розных: патрыятычных і лірычных, у пародыях і прыпеўках, напісаных на беларускай мове ці па-руску.
Дарэчы, вершы, абазначаныя ў рускай мове, у раздзеле «Перекличка», на мой погляд, ёсць добры пасілак, дасканалае дабро, якое паказвае, што паэт мае высокую ступень валодання рускай мовай, што адчыняе яму новую творчую перспектыву. Але вядома ж у першую чаргу трэба шанаваць сваю родную беларускую мову, якая займае пачэснае месца ў свеце і носьбітам якой заўсёды быў і застаецца мудры беларускі народ, нягледзячы ні на якія перашкоды.
Мікола Кутас – беларускі паэт усёй сваёй сутнасцю. І калі нагадаеш жыццёвы шлях паэта, то разумееш: а па-другому і быць не можа. Ён нарадзіўся ў вёсцы Дзярэнчыцы на Стаўбцоўшчыне ў 1945 годзе. Хлопчык рана застаўся без маці і спазнаў у поўнай меры розныя нягоды. Быў пастушком у сем’ях родзічаў мачахі, даглядаў кароўку. Бацькава «ласка», як і мачахі, была строгай, і спагнанні з’яўляліся безупынна. Гады вучобы ў школе праходзілі спачатку ў Нававёскаўскай пачатковай школе, а потым у Нясвіжы ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. Там Мікола сур’ёзна ставіўся да вучобы, настройваўся на рамантычны лад, чаму вельмі садзейнічаў асяродак Нясвіжа з яго багатымі палацамі і краявідамі. Там хлопец пеставаў свае юначыя мары, шмат чытаў, атрымліваў на ўроках добрыя адзнакі.
Пасля 11 класаў паступіў у Мінскі педінстытут імя Горкага на філалагічны факультэт. Уваходзіў у склад творчага літаратурнага аб’яднання, дзе развіваў свой талент, пісаў вершы і там прыйшло да яго тонкае адчуванне слова і на ўсё жыццё пасябраваў з літаратурай.
А Жэня Янішчыц – выдатная наша паэтка – у тыя гады была яго сябрам і слушным дарадцам.
Сёння Мікола Кутас працуе бібліятэкарам Абадоўскай сельскай бібліятэкі і шмат увагі надае працы з моладдзю. Ён сябра Ільянскай сярэдняй школы імя Адама Грымаця і школьнага народнага музея «Вілейшчына літаратурная». Шмат піша. Піша не толькі вершы, але і аповеды пра нашыя вёскі і людзей, якія тут жылі і жывуць. Многія яго вершы сталі песнямі, цудоўныя мелодыі іх прыдумвае жонка, Галіна Віктараўна, якая стварыла студыю аўтарскай песні «Імпэт» і паспяхова кіруе ёй ужо шмат гадоў і таксама піша вершы.
«Ведай нашых!» – пад такой рубрыкай газета «Шлях перамогі»часта піша пра дасягненні віляйчан. Перакананы, што такі эмацыянальны заклік адносіцца да творчасці Міколы і Галіны Кутасаў.
У гэтыя снежаньскія дні, калі раённая камісія будзе прымаць рашэнне, каго назваць «Чалавекам года», лічу мэтазгодным прапанаваць прызнаць сям’ю Кутасаў лепшай творчай сям’ёй Вілейшчыны.

Уладзімір КАЖАМЯКА

У ТЭМУ
Мы, супрацоўнікі дзяржаўнай установы культуры «Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка», падтрымліваем ініцыятыву інтэлігенцыі з Ільі аб вылучэнні творчай сям’і Кутасаў на конкурс «Чалавек года». Прапануем надаць ім ганаровае званне «Лепшая творчая сям’я года».
У творчай капілцы ўзгаданых намінантаў у 2012 годзе наступнае:
Мікалай Сямёнавіч Кутас падрыхтаваў і выдаў зборнік вершаў пад назвай «Размову з вераснем вяду», які вызначаецца высокім мастацкім узроўнем.
Мікалай Сямёнавіч – адзін з лепшых паэтаў Вілейшчыны. У яго актыве тры зборнікі паэзіі, народжаныя тут, на нашай зямлі. Першым быў зборнік «Перазвон», другі – «Гадзіннік на ратушы» і ў гэтым годзе пабачыў свет зборнік «Размову з вераснем вяду». Аўтар услаўляе наш край і яго людзей.
Галіна Віктараўна Кутас – кіраўнік эстраднай студыі аўтарскай песні «Імпэт». Студыя ўжо 13 гадоў носіць найменне «народная». За перыяд дзейнасці студыяй падрыхтаваны і выдадзены музычныя альбомы «Не баіцца вятроў мой агонь», «Іду на твой голас, Радзіма», «Васільковы сон», «Насцеж», якія з’ядналі некалькі дзясяткаў песень.
У гэтым годзе пабачыў свет музычны альбом «Смак дзяцінства» з песнямі пра дзяцей і падлеткаў. Як піша музычны крытык Надзея Бунцэвіч у газеце «Культура» за 1 лістапада 2012 года «гэты альбом – сенсацыя ў музычным жыцці краіны».
Студыя вядзе вялікую канцэртную дзейнасць. За апошні год прыняла ўдзел у 19 канцэртах і выступленнях, з іх самастойных канцэртных праграм – 7.
У мінулым годзе Кутасы ўвайшлі ў склад фіналістаў Нацыянальнай музычнай прэміі Беларусі ў галіне эстраднага мастацтва – у намінацыі «Аўтарскі дэбют. Новае імя». Сёлета вылучылі «Смак дзяцінства» ў намінацыю «Лепшы музычны альбом».
Спадзяёмся, што па выніках года творчая дзейнасць сям’і Кутасаў атрымае належную ацэнку.
Па даручэнню калектыву дзяржаўнай установы культуры «Вілейская цэнтральная раённая бібліятэка» (86 чалавек).
Людміла ТОНКАВІЧ,
загадчыца аддзела абслугоўвання
і інфармацыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries