Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В музее прошла выставка Аллы Судникович

Скажыце, ці магчыма дотыкам пэндзля спыніць імгненне і затрымаць на палатне ўражанне? А перадаць водар ландышаў? І перанесці з заснежанай зімы ў краіну райскай птушкі? Але Судніковіч, выстава якой адкрылася на гэтым тыдні ў зале выстаў краязнаўчага музея, гэта пад сілу. Той, хто бачыў яе карціны, мяне зразумее. Ужо немалы тэрмін Ала Расціславаўна працуе ў цэнтры эстэтычнага выхавання – дапамагае наведвальнікам студыі «Маляванка» бачыць хараство ва ўсім, што знаходзіцца вакол іх. І не проста бачыць, але і адчуваць душой, каб потым ажывіць – і захаваць яго з дапамогай пэндзля і фарбаў.

«Цвяток Радзімы васілька…» – так называецца выстава. І кветкі – простыя і адначасова дзіўныя, знаёмыя – і такія непазнавальныя – буяюць на карцінах Алы Судніковіч. Яны нагадваюць традыцыйныя беларускія арнаменты і ўзоры, і ў гэтым – пераемнасць традыцыйнага і сучаснага мастацтва. Бо менавіта ў народным мастацтве карані мастацтва сучаснага. Першымі з лекцыяй выступілі госці – Рыгор Шаура, загадчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, член Саюза мастакоў Беларусі, і Аляксандра Шляхава, доктар педагагічных навук, прафесар Даўгаўпілскага інстытута мастацтваў і дызайну. Дырэктар краязнаўчага музея Сяргей Ганчар заўважыў, што ў работах Алы Расціславаўны і яе вучняў – водгукі традыцый роспісу куфраў, маляваных дываноў, роспісу па шкле і шмат чаго іншага.
Таццяна Захарыч, дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання, адзначыла, што ў Алы Судніковіч – свой, адметны свет, які яна стварае ў работах. І гэта пачуццё прыгожага Ала Расціславаўна перадае сваім выхаванцам. На адкрыццё выставы прыйшла яе сям’я – мама, Тамара Яўстаф’еўна Тонкавіч, сястра Таццяна, свёкар, Мікалай Арсеньевіч Судніковіч, і муж Уладзімір з дачкой Вольгай – павіншаваць і падтрымаць у такі хвалюючы момант. Віншаванні ў той вечар гучалі ад калег, гасцей і пераемнікаў таленту Алы Расціславаўны – яе вучняў. Гучала музыка – і запіс незабыўнай песні на словы Максіма Багдановіча «Цвяток Радзімы васілька…», і цымбалы (на іх граў народны музыка Іван Валынец), і нават саксафон (такі сюрпрыз падрыхтаваў Мікалай Гуркін). Менавіта з гучаннем апошняга інструмента, з матывамі джазу, расказала Марына Жыльцова, кіраўнік гісторыка-краязнаўчай студыі «Спадчына», асацыіруецца ў яе Ала Судніковіч. І, працягваючы прэзентацыю выставы, яна правяла сапраўдную экскурсію, падчас якой знайшла ў карцінах рысы імпрэсіянізму, аснова якога – уражанне. Марына Жыльцова падрабязна расказала пра кожную з карцін. А сама Ала Расціславаўна гаварыла пра работы сваіх вучняў. У іх – яе працяг.
Талент, сям’я, Радзіма – на гэтым засноўваецца творчасць Алы Судніковіч. Сцвярджаючы гэтыя неаспрэчныя і галоўныя ісціны, сваёй творчасцю аўтар карцін жадае гэтага і нам. Прабуджаючы ў душы светлыя і добрыя пачуцці. Асабіста мне з усіх работ запомніўся «Калядны пачастунак» – ён стаў сапраўдным падарункам у гэты перадсвяточны час. Ужо хутка да нас прыйдуць Новы год і Каляды. І калі гэтымі марознымі днямі вашай душы таксама захочацца дакрануцца да чагосьці светлага і нават казачнага, знайдзіце час – зазірніце на выставу. Станоўчыя эмоцыі вам забяспечаны.
Таццяна ШАРШНЁВА. Фота аўтара










Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries