Пытанні, якія паступілі ў рэдакцыю ад чытачоў газеты, самыя розныя. Яно і зразумела, што каму баліць…
З вёскі Каловічы патэлефанавала Іна Сыракваш.
– У нас, – сказала яна, – збіраюцца зачыняць бібліятэку. Будынак, маўляў, стары, просіць рамонту, няпроста яго ацяпляць. На гэтым месцы абяцаюць пускаць машыну, што будзе вазіць кніжкі. Але ж гэта, як ні кажыце, не бібліятэка… У вёсцы многа тых, хто любіць чытаць і актыўна наведвае бібліятэку. Не вельмі рады яны такой перспектыве, якая нас чакае.
Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Мікалай Пацко вось што адказаў на пытанні, узнятыя нашай чытачкай:
– Заўсёды пахвальна, калі людзі многа чытаюць. І сапраўды, у Каловічах, дзе жыве прыкладна 150 чалавек, з бібліятэкай сябравалі многія… Аднак яны павінны разумець і тое, што сёння ўтрымліваць гэту ўстанову ў такім населеным пункце нерэнтабельна. Што датычыць актыўных чытачоў, то яны не будуць пазбаўлены магчымасці бавіць час за кнігай – уся літаратура бібліятэкі будзе перададзена ў мясцовы Дом майстроў, куды будзе прывозіцца і новая літаратура. Так што без духоўнага харчу людзі не застануцца.
Дэпутат раённага Савета дэпутатаў Мікалай Жукаў патэлефанаваў у рэдакцыю, каб расказаць пра сціплага чалавека і сумленную працаўніцу Марыю Гулецкую, дворніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
– Калі б ні ішоў, уранку ці вечарам, у будні дзень ці святам, заўсёды сустрэнеш Марыю Іванаўну на яе, як кажуць, працоўным пасту, – расказаў Мікалай Міхайлавіч. – Нават цікаўлюся ў яе іншы раз: ці адпачываеце калі? Не толькі мяце ды падграбае, але і беліць дрэўцы, абразае кусты, улетку абкошвае траву. Надзіва працавітая жанчына, якая заслугоўвае слоў падзякі ад нас, чыё жыццё яна робіць прыгожым і камфортным.
Як адзначыў Мікалай Жукаў, ён звярнуўся ў ЖКГ і выказаў падзяку Марыі Гулецкай за яе сумленную працу. А яшчэ пажадаў, каб цёплыя словы пра сціплую працаўніцу з’явіліся і ў газеце. Згодна з Мікалаем Міхайлавічам, людзі, што сумленна робяць сваю справу, гэтага заслугоўваюць.
Вельмі актуальнае пытанне закрануў дырэктар сярэдняй школы №3 Мікалай Гіро.
– Бацькі нашых вучняў нярэдка дзеляцца трывогай наконт навагодніх петардаў, – сказаў Мікалай Мікалаевіч. – Ужо і цяпер, здараецца, чуваць там-сям «выбухі». А хутка ж навагоднія святы… Хочацца заклікаць тых, хто прадае дзецям усе гэтыя «цацкі», задумацца, бо штогод даводзіцца чуць пра няшчасныя выпадкі, якія адбываюцца з дзецьмі. На шчасце, нас пакуль такія беды мінаюць, але гэта не падстава супакойвацца. Не варта рызыкаваць здароўем дзяцей.
Важны і своечасовы напамінак і дзецям, і ўсім нам, дарослым, у чыіх сілах зрабіць прыгожыя зімовыя святы цікавымі і бяспечнымі. Для ўсіх: і дзяцей, і дарослых.
Яшчэ адзін зварот у рэдакцыю – зварот-роспач, зварот-боль… Званіла дырэктар Вілейскага камбіната бытавога абслугоўвання Аляксандра Салава. Чалавек вытрыманы і цвёрды, а тут – у голасе слёзы…
Высветлілася, што нейкія зламыснікі вырвалі з карэньчыкамі маладыя дрэўцы, якія супрацоўнікі КБА пасадзілі ля свайго будынка. Прыйшлі раніцой на працу і ўбачылі тое, што натварылі злачынцы.
– Не ўяўляю, што гэта за людзі! – дзялілася Аляксандра Генадзьеўна. – Чым і каму перашкодзілі тыя дрэўцы! І што ў душах тых, хто ломіць, крышыць, псуе ўсё вакол сябе! Не ведаю… Як мне здаецца, зламаць галінку дрэва – што зламаць руку чалавеку… Заўсёды так кажу сваім маленькім унукам.
Любіць і берагчы ўсё, што знаходзіцца вакол нас, вучаць дзяцей з маленства. А вось жа засвойваюць гэта, мусіць, не ўсе. Бо адкуль тады такія вось прыклады бесчалавечнасці, дзікунства? Ёсць падстава задумацца над гэтым…
Ірына БУДЗЬКО








