Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Віртуальны музей Вілейшчыны» быў узнагароджаны Дыпломам другой ступені

Усё пачалося з музея. Дакладней, з таго, што Дзмітрыю Мандрыку (на здымку), дзясяцікласніку трэцяй гарадской школы, вельмі падабаецца бываць у гэтай установе. Сябры іншы раз яго не разумеюць, маўляў, што там можа быць цікавым…

– А мне вельмі падабаецца аказвацца ў вадавароце мінулых падзей, – расказвае хлопец, – адкрываць усё новыя і новыя старонкі гісторыі. У музеі адчуваецца подых часу.
Цікавасць Дзімы да гісторыі роднага краю яшчэ больш узмацнілася ў гісторыка-краязнаўчай студыі «Спадчына» цэнтра эстэтычнага выхавання, у якой хлопец займаецца пад кіраўніцтвам педагога Марыны Жыльцовай. Выхаванцы Марыны Мікалаеўны, дарэчы, ужо на працягу многіх гадоў займаюцца навуковай дзейнасцю. Вось і Дзмітрый – адзін з іх.
Спачатку ён пад кіраўніцтвам свайго педагога напісаў творчую работу да 30-годдзя з дня заснавання Вілейскага краязнаўчага музея. Улетку выступіў з гэтай работай падчас працы Летняй школы пры Акадэміі навук, і куратар хлопца, магістр гістарычных навук Аляксандр Сцепулёнак, прапанаваў Дзмітрыю папрацаваць над стварэннем віртуальнага музея.
– Гэта дазволіць большай колькасці людзей пазнаёміцца з экспазіцыяй музея, – расказвае Дзмітрый, – дасць магчымасць зазірнуць у фонды, якія яшчэ не экспанаваліся, убачыць рэдкія дакументы, кнігі, залатыя манеты. Для таго, каб іх прадставіць у экспазіцыі, што называецца, «ужывую», неабходны пэўныя меры бяспекі. У віртуальным жа музеі гэтага не трэба, там кожнаму жадаючаму можна ўбачыць усё самае рэдкае і самае каштоўнае.
Нядаўна Дзмітрый прыняў удзел у III Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі «Навуковыя імкненні-2012». Яго даклад «Віртуальны музей Вілейшчыны» высока ацэнены кампетэнтным журы – хлопец узнагароджаны Дыпломам другой ступені. А работа па стварэнні віртуальнага музея працягваецца, і планаў і задумак у Дзмітрыя і яго кіраўніка Марыны Мікалаеўны Жыльцовай мноства. Няхай усе яны ажыццявяцца! А мы вельмі рады будзем наведацца ў краязнаўчы музей. Новы, віртуальны.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадстаўлена Мары
най Жыльцовай

Visited 8 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 229 queries