Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Людвиновский Дом культуры принял участие в конкурсе «Клуб года»

З мэтай актывізацыі работы сельскіх клубных устаноў па забеспячэнню высокага ўзроўню і якасці арганізацыі вольнага часу насельніцтва, развіццю аматарскай мастацкай творчасці і адраджэнню традыцыйнай культуры, рэалізацыі прыярытэтных задач дзяржаўнай культурнай палітыкі, падтрымкі творчых ініцыятыў і павышэння прэстыжу сельскіх работнікаў культуры праводзіцца рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшую пастаноўку работы сельскіх клубных устаноў “Клуб года”.

Агляд-конкурс праводзіцца ў два этапы. У рамках першага – абласнога этапу – аддзелы культуры райвыканкамаў сумесна з раённымі метадычнымі службамі вызначаюць адну лепшую сельскую клубную ўстанову ў розных намінацыях. Такім чынам, па выніках першага этапу ў гэтым годзе меў гонар прадставіць сябе на ўдзел у аглядзе-конкурсе Людвіноўскі сельскі Дом культуры.
Тут працуюць чатыры творчыя чалавекі. Усе – людзі апантанныя, творчыя, улюбёныя ў сваю працу. Мастацкі кіраўнік Галіна Шупенька, культарганізатар Андрэй Шупенька, харэограф Наталля Падбярэзская. А кіруе ўстановай дырэктар Лілія Пратасава. Удзельнікамі гурткоў, клубаў па інтарэсах з’яўляюцца мясцовыя жыхары рознага ўзросту, прафесій, сацыяльнага становішча.
Шмат гадоў пры Доме культуры працуюць калектывы дарослых і дзяцей, сольных і вакальных спеваў. Удзельнікі гэтых гурткоў прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, арганізаваных на базе Дома культуры, канцэртных праграмах, народных святах, раённых аглядах-конкурсах.
Для тых, каго прываблівае акцёрская дзейнасць, ужо 15 год на базе ўстановы працуюць драматычныя гурткі “Вясёлка” і “Акцёр». У гэтых калектывах займаюцца 20 ўдзельнікаў, 10 з іх падлеткі. Інсцэніруюць ўрыўкі з класічных твораў, чытаюць байкі, ставяць спектаклі, гумарыстычныя інсцэніроўкі, удзельнічаюць у народных абрадах і тэатралізаваных пастаноўках.
Падлеткі, якія наведваюць гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Фантазія”, займаюцца бісерапляценнем, аплікацыяй, вітражным жывапісам. Яны ствараюць карціны з прыроднага матэрыялу, шыюць мяккія цацкі. Лепшыя вырабы складаюць выставы мастацкай творчасці. Аматараў спорту чакаюць у Доме культуры ў гуртку “Юны спартсмен”. У 2010 годзе адчыніў дзверы клуб для падлеткаў “Пакаленне нэкст”. У рамках дзейнасці жаночага клуба “Чараўніца” мерапрыемстваў праводзіцца шмат,і за кожным з іх – штодзённая праца ўсіх удзельніц,прыгожых і таленавітых жанчын.
12 лістапада адбыўся другі этап конкурсу. Рэспубліканская экспертная камісія знаёмілася непасрэдна з дзейнасцю Людвіноўскага СДК.
Ужо на прыступках ўстановы госці акунуліся ў святочную атмасферу. Першым ім сустрэўся Млынар, які расказаў гісторыю пра чароўны млын і людвіноўскага пана Козела-Паклеўскага, а затым запрасіў усіх прайсці ў сам Дом культуры. У фае гасцей сустрэлі ўдзельнікі вакальнага гурта “Дзяўчаты” ў прыгожых уборах з пясца, што з’яўляецца візітнай карткай Людвінова. Яны сустрэлі камісію песняй. Пасля эстафету ўзялі ўдзельнікі дзіцячага тэатральнага гуртка “Вясёлка”, якія праводзілі тэатралізаваную экскурсію па выставе лепшых работ мясцовых майстроў і ўдзельнікаў гурткоў. Кульмінацыяй імпрэзы стала канцэртная праграма, падрыхтаваная ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці, якая нікога не пакінула абыякавым.
Ірына ВЕРАМЕЙ, дырэктар раённага метадычнага цэнтра


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries