Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В райисполкоме прошло мероприятие, посвящённое 340-летию со дня рождения Пилипа Орлика

У гэты дзень у малой зале райвыканкама было людна. На мерапрыемства, прысвечанае 340-годдзю з дня нараджэння Піліпа Орліка, славутага ўраджэнца Вілейшчыны, гетмата, аўтара першай канстытуцыі Украіны, сабраліся педагогі, бібліятэчныя і музейныя работнікі, супрацоўнікі ўстаноў культуры. На сустрэчу з імі прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, навукоўцы з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, БДУ, педуніверсітэта, прадстаўнікі Пасольства Украіны ў Беларусі, грамадскай камісіі па ўшанаванні памяці П.Орліка Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра». І пачаліся выступленні, насычаныя цікавай інфармацыяй пра жыццё нашага знакамітага земляка…

Піліп Орлік нарадзіўся ў вёсцы Касута ў 1672 годзе. Менавіта тут, на маляўнічай Вілейшчыне, прайшлі яго дзяцінства і пачатак юнацтва. А гэта перыяд, калі чалавек становіцца свядомым, прыкіпае сэрцам да роднай зямлі. Так склалася, што ў канцы васьмідзясятых гадоў XVII стагоддзя сям’я пераехала ў Украіну, дзе юнак паступіў вучыцца ў Кіеўска-Магілянскую акадэмію. Таленавіты і настойлівы ў вучобе, хлопец звярнуў на сябе ўвагу выкладчыкаў.
Сёння мы ведаем, што Орлік валодаў некалькімі мовамі, пасля акадэміі быў прыняты на пасаду генеральнага пісара гетманскай адміністрацыі Івана Мазепы, пісаў вершы. Менавіта гэты чалавек стаў аўтарам першай украінскай канстытуцыі, першай у Еўропе і на той час у Новым Свеце. Піліп Орлік прадстае сёння перад намі як высокаадукаваны інтэлігент, патрыёт, барацьбіт за незалежнасць Украіны.
Дзесяць гадоў назад па ініцыятыве заслужанага работніка культуры Украіны Галіны Калюжнай была створана грамадская камісія па ўшанаванню памяці П.Орліка Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра», якую Галіна Яфімаўна і ўзначальвае ўсе гэтыя гады. Дзякуючы актыўнай дзейнасці членаў камісіі і з удзелам супрацоўнікаў Вілейскага краязнаўчага музея, многіх іншых нераўнадушных віляйчан (і адзін з іх – наш вядомы краязнаўца Анатоль Рогач, якога сёння, на жаль, ужо няма з намі) разгарнулася работа па вяртанні імя земляка на гістарычную радзіму. Першыя гістарычныя чытанні, прысвечаныя 295-годдзю з дня прыняцця першай канстытуцыі Украіны з удзелам прадстаўнікоў Вілейшчыны; выхад кнігі «П.Орлік – гетман і аўтар першай канстытуцыі Украіны»; адкрыццё памятнага знака і мемарыяльнай дошкі Піліпу Орліку ў Касуце; назва вуліцы ў нашым горадзе яго імем; конкурсы вучнёўскіх сачыненняў і малюнкаў пра земляка – гэта толькі частка таго, што сёння зроблена і робіцца.
Пра ўсё гэта і пра вельмі многае іншае ішла размова падчас сустрэчы ў райвыканкаме. Можна з упэўненасцю сказаць, што пра Піліпа Орліка на Вілейшчыне ведаюць амаль усе. Ведаюць і ганарацца вядомым земляком. Урэшце, наш край багаты на слынных сыноў і дачок… І Орлік, патрыёт, дзяржаўны дзеяч, публіцыст, паэт, сын двух братніх народаў, – адзін з такіх.
Заканчваючы мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга зазначыла, што ў перспектыве ў нашым горадзе плануецца ўстанавіць помнік славутаму земляку. Справа гэта, вядома, няпростая, аднак пры агульных намаганнях віляйчан і сяброў-украінцаў запланаванае абавязкова рэалізуецца.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries