Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзеці бацьку зразумелі і падтрымалі…

З Людай мы былі добрымі знаёмымі ў юнацтве. Няхай сабе не дзяліліся адна з адной таямніцамі душы, аднак многае адна пра другую ведалі. Вось і прыгожая гісторыя кахання Люды з Сяргеем была ў нас, яе знаёмых, на вачах і нават выклікала светлую зайздрасць. Гэта ж трэба так кахаць! Здавалася, для Сяргея не існуе іншых дзяўчат, ён бачыў толькі яе.

Люда была яшчэ школьніцай, калі яны сустрэліся. Сяргей на той час ужо адслужыў у арміі, працаваў на заводзе. У юнай светлавалосай весялушцы ён адразу ўбачыў тое, што шукаў, і зразумеў, што менавіта з гэтай дзяўчынай хоча звязаць свой лёс. А што зусім маладзенькая… Ён згодны быў яе чакаць. Доўга, колькі будзе патрэбна. Хлопец меў чыстыя і сур’ёзныя намеры, таму літаральна пасля некалькіх сустрэч з Людай зайшоў да яе маці і запэўніў, што ёй не трэба хвалявацца за юную дачку, наадварот, пакуль Люда з ім, мама можа быць спакойнай.
– Ведаеце, Сярожка прапанаваў мне выйсці за яго замуж на выпускным вечары! – дзялілася з намі дзяўчына. І расказала, як гэта было рамантычна: Сярожа ўвесь вечар быў побач, радаваўся за яе добрыя адзнакі ў атэстаце, а пасля, калі пайшлі сустракаць світанак, падарыў палявыя кветкі і сказаў тыя важныя ў жыцці словы… Яна ўжо гатова была згадзіцца, але прыгадала маміна: «Старайся, дачушка, вучыцца – будзеш з дыпломам, лягчэй будзеш жыць». Сказала гэта Сяргею, і той не стаў пярэчыць, маўляў, паступай, вучыся, буду чакаць. І яна паступіла, пачала вучыцца на эканаміста. Студэнцкае жыццё захапіла дзяўчыну, падарыла ёй многа новых сяброў і знаёмых. А Сяргей чакаў… Іх сустрэчы сталі радзейшымі, а на трэцім курсе Люда яму напісала, каб не крыўдзіўся і не перажываў, яна знайшла новае каханне і выходзіць замуж. Аднак вяселля так і не дачакаліся – дома нават не ўбачылі Людзінага абранніка. Дзяўчына перастала прыязджаць да бацькоў, у горад усё часцей стала ездзіць маці, а пасля ўсе даведаліся, што новы каханы кінуў Людку, а ёй вось-вось раджаць…
І ў гэты цяжкі для сям’і час зноў з’явіўся Сяргей. Усё дараваў і праз некалькі месяцаў пасля нараджэння Арцёмкі зарэгістраваўся з Людкай, запісаўшы хлопчыка на сябе. Маладая мама закончыла вучобу, знайшла добрую работу. Праз некалькі гадоў нарадзіла яшчэ і дачушку.
– Я такая шчаслівая! – дзялілася іншы раз яна. – Добрыя дзеці, любячы муж, дастатак… І ўсё гэта ён, Сярожка… Ні слоўцам не папракнуў, ні нават намёкам. Толькі ў самым пачатку суцешыў, што раз аступіцца можа кожны. А так любіць Арцёма! Мне іншы раз здаецца, што болей нават за Машку.
У жыццёвай мітусні надоўга разышліся нашы з Людай шляхі. Сустрэліся нядаўна. Яна, як і ў маладосці, такая ж гаварлівая і вясёлая. Ды і прыгожая, як кажуць, адпаведна ўзросту. Расказала пра дзяцей. Арцём ужо жанаты, Маша заканчвае каледж, марыць пра далейшую вучобу.
– А як жа Сярожа? – пацікавілася пра яе палавінку.
– Ты што ж, нічога не ведаеш? – здзівілася Люда. – Пяць гадоў ужо не жывём разам.
І расказала, што некалькі гадоў таму назад на яе жыццёвым шляху зноў з’явілася вялікае «каханне» – бацька Арцёма. У другі раз паабяцаў жанчыне залатыя горы, нават слязу пусціў, што «заўсёды думаў толькі пра яе і сына, нават перастаў спаць». І сэрца Люды зноў растаяла… Сталі сустракацца тайна, аднак, як вядома, тайнае гэта некалі абавязкова перастае быць такім.
Даведаўшыся, што жонка «аступілася» зноў, Сяргей не высвятляў адносіны, не дапытваўся і не абражаў.
– Я, наіўны, думаў, што тое, у юнацтве, было выпадковасцю, – сказаў Людзе. – А гэта, аказваецца, заканамернасць.
І пайшоў, пакінуўшы ёй усё. Дзеці, адзначыла Люда, бацьку зразумелі і падтрымалі…
– Вось так атрымалася, што я засталася адна, – закончыла расказваць жанчына. – А з тым «каханнем», бацькам Арцёма, і ў другі раз не склалася – недзе прапаў, прыхапіўшы мае грошы… Шкада, што ўсё так атрымалася, Сяргея шкада. Але ж і прасіць вярнуцца сорамна – не вернецца, горды ён у нас. А можа і добра, што так атрымалася, можа, лёс у мяне такі і ўсё лепшае – наперадзе…
І ўсміхнулася. Аптымісткай была яна заўсёды і з гадамі не памянялася.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries