Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Евгений Ждан посетил Ильянскую школу

Яўген Ждан – удзельнік міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх выставаў, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, першы лаўрэат прэміі Беларусі “За духоўнае адраджэнне”, узнагароджаны медалямі Францыска Скарыны і Саюза мастакоў Беларусі “За асаблівыя заслугі ў галіне мастацтва” пабываў у Ільянскай школе.

У актавай зале ладзілася выстава работ мастакоў Рашэтнікава Аляксандра Іванавіча і Ждана Яўгена Іванавіча. Дзеці, асабліва меншыя, не адыходзілі ад гасцей. Ды і не дзіва – А.І.Рашэтнікаў у Ільянскай школе імя А.А.Грымаця не ўпершыню, а яго тры раней падараваныя карціны знаходзяцца ў экспазіцыі музея “Вілейшчына літаратурная”. На гэты раз Аляксандр Іванавіч прыехаў разам са сваім настаўнікам, вядомым мастаком Яўгенам Жданам.
Пасля экскурсіі па школе адбылася сустрэча з мастакамі. Гасцей прадставілі вучні 10 класа. Яны расказалі, што творы Яўгена Іванавіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Маскоўскім музеі Бахрушына, Беларускім тэатральным музеі, у Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі і шматлікіх прыватных калекцыях розных краін свету: Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Канады, ЗША, Польшчы, Славакіі, Францыі, Чэхіі, Японіі, безумоўна,Беларусі і Расіі.
Рыхтуючыся да сустрэчы, група вучняў, бацькоў і настаўнікаў пабывала на экскурсіі ў старажытным Нясвіжы і наведала Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. Нам дазволілі зрабіць фотаздымкі выставы Яўгена Іванавіча. Хацелася, каб больш навучэнцаў і настаўнікаў далучылася да гэтай выставы шырокага дыяпазону. Было надзвычай цікава, калі экскурсію, пададзеную ў прэзентацыі і выставе карцін, вёў сам знакаміты аўтар. Дык і слухалі юныя слухачы з затоеным дыханнем. Яўген Іванавіч распавёў пра стварэнне некаторых твораў, пра тыя розныя жанры, у якіх ён працуе, і пра сваю творчую манеру. Сэнс яе – ведаць людзей і час, якіх аўтар імкнецца занатаваць для сучаснікаў і нашчадкаў. Мастак акцэнтаваў увагу тым, што мець толькі талент – мала, творцу патрэбна руплівасць і працавітасць, як і ў кожнай справе. Мастак адкрыў новае для слухачоў пра тэатральны жывапіс і падарыў музею кнігу з лібрэта “Фауст”, дзе прадстаўлены эскізы дэкарацыі мастака Я.І.Ждана да спектакля. Яўген Іванавіч – аўтар ікон “Беларускія святыя”. За гэту серыю прац мастак атрымаў Прэмію “За духоўнае адраджэнне”, якой вельмі ганарыцца, бо ўручалі яе Прэзідэнт Рэспублікі Аляксандр Лукашэнка, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. Каляндар “Беларускія святыя” мастак таксама падараваў музею. Пабагацела наша экспазіцыя на альбом “Яўген Ждан – землякам”, навукова-папулярнае выданне “Яўген Ждан. Тэатральны жывапіс. Жывапіс. Графіка.” Літаратура, падараваная мастаком, паслужыць навучэнцам і настаўнікам не толькі на ўроках выяўленчага мастацтва, але і на ўроках мовы, літаратуры, гісторыі, у час музейных урокаў і мерапрыемстваў.
Пасля сустрэчы было ўручэнне кветак, фотаздымкі на памяць і доўгі ланцуг прыватных пытанняў і адказаў.
Роза ШЭРАЯ, кіраўнік народнага музея
Ільянскай сярэдняй школы імя А.А. Грымаця “Вілейшчына літаратурная”

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries