Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пра Зніч-гарадок і Аблокавую краіну

Лічу, што вяртанне да роднай мовы павінна быць неабходнасцю для некалькіх пакаленняў беларусаў, якіх на працягу многіх дзесяцігоддзяў настойліва прымушалі пазбаўляцца ад яе. Але ж не ўсё так сумна.
Вельмі радуе тое, што пачало выдавацца шмат кніг на беларускай мове. Вялікая колькасць з іх адрасуецца нашым дзецям. І ў нас, беларусаў, ёсць кнігі, не менш цікавыя, чым казкі пра Мумі-троляў і раманы пра Гары Потэра. Беларускія кнігі для дзетак – добрыя, дасціпныя, лёгка напісаныя. Цудадзейныя творы Васіля Віткі, Артура Вольскага, Раісы Баравіковай, казкі Алены Масла, чароўныя гісторыі Алеся Бадака – яны годна ўвайшлі ў дзіцячую беларускую літаратуру. Колькі цудоўных пісьменнікаў пішуць для маленькага чытача!
Дзецям падабаецца незвычайнае. Яны хочуць бачыць цуды і добрае чарадзейства побач з сабою. Тады трэба трапіць у казку. А як гэта можна зрабіць? Існуе некалькі спосабаў: паглядзець фільм або заснуць і прысніць казку. А можна пачытаць кнігу Хадасевіч-Лісавай К.С. «Касмічная адысея хлопчыка Стасіка» і апынуцца ў Зніч-гарадку ці Аблокавай краіне,сустрэцца з Зорнічкам-гаспадаром мікракосмасу.
Казкі патрэбны не толькі маленькім. Урэшце, усе мы – дзеці… І пераканацца ў гэтым чытачы змогуць, прачытаўшы кнігу казак для дзяцей і дарослых «Жыве на свеце шчасце» Вольгі Караткевіч. Гэтыя казкі будуць шчыра ўспрыняты і маленькімі, і дарослымі чытачамі. І Разумны Янот, і маленькі дапытлівы Вожык, і Матылёк, і Конік са Скрыпачкай, і зялёны Вусень, і наіўныя Зайчык з Мышаняткам – усе гэтыя казачныя героі В. Караткевіч увядуць чытача ў свет дзяцінства і ўзбагацяць душу шчасцем судакранання з казкай.
А ці многія, напрыклад, ведаюць, што матылькоў на зямлі існуе 140 тысяч відаў, а жукоў аж 250 тысяч? Уражвае і такі факт: на плошчы ў адзін квадратны кіламетр сушы насякомых больш, чым людзей на ўсім зямным шары! Пра гэта, і не толькі, маленькі «чамучка» зможа даведацца з кнігі Алеся Бадака «Насякомыя».
А пра якое мноства цікавых кніг яшчэ так хацелася расказаць.
Прыходзьце ў гарадскую дзіцячую бібліятэку, нашы юныя чытачы, і вы зможаце самі пераканацца ў тым, колькі цікавых, вясёлых, пазнавальных кніг напісалі для вас нашы беларускія аўтары. Ну, а мы, бібліятэкары, будзем рабіць усё магчымае для папулярызацыі беларускай мовы, беларускай кнігі ў жыцці нашых маленькіх чытачоў.
Мая МІСЮЛЬ,
бібліятэкар гарадской дзіцячай
бібліятэкі філіяла №2

Visited 3 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 226 queries