Сашка дзядулю Івану заўсёды рады. Любіць хлопчык назіраць, як той хутка і ўмела робіць розныя цікавыя рэчы: то шпакоўню зладзіць і павесіць на дрэве, то маленечкі зэдлік змайструе для бабулі, а то яму, Сашку, хуценька зробіць пілотку са старой газеты. Цікавы ён, дзядуля. А колькі ўсяго можа расказаць!
Толькі вось мама Сашкі не вельмі рада, калі дзед Іван заходзіць да іх. Пасля яго адыходу яна заўсёды бегае з анучай, зацірае нешта і вурчыць, што натаптаў у кватэры. Сашка тады заступаецца за дзеда і пераконвае маму, што той цікавы і добры…
Нядаўна Сашкава мама ўбачыла ў акно, што «другі тата» кіруецца да іх. Хуценька пачала навучаць Сашку:
– Ты ў зал з дзядулем не ідзі, я там прыбрала! На кухні пабудзьце, а можа і ў прыхожай…
Хлапчук маўчаў, але было відаць, што ён з мамай не згодны…
На званок да дзвярэй кінуўся ўнук. З радасцю ашчапіўся ля дзеда. А той, ледзь пераступіўшы парог, абрадаваў:
– А я за табой, Сашка, хачу нешта цікавае паказаць. Кураняткі ў нас маленькія, такія,забаўныя!
– Можна? – голасна выкрыкнуў хлопчык да маці і ўжо за дзвярыма супакоіў яе: – Вось бачыш, дзед Іван не пайшоў у зал…
Дзядуля моўчкі ўсміхнуўся ў вусы. Нявесела так усміхнуўся.
Ці жаданы госць у хаце?
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


