У Кацярыны – яшчэ той характар. Дакладней, не характар, а нораў. «Мне трэба, каб усё было па-мойму», – любіць паўтараць яна. Гэтым прынцыпам і кіруецца ў жыцці. Міхаіл, муж Кацярыны, спрабаваў па маладосці перавыхоўваць жонку. Ды так нічога і не атрымалася. Махнуў тады на ўсё мужчына рукой, маўляў, калі ўрадзілася цялятка з лысінкай… Так і жывуць: яна – камандзір, ён – ціхі выканаўца яе загадаў.
А вось з мужавай сястрой Верай у Кацярыны шматгадовая вайна. Спачатку былі сваркі і нават да патасоўкі даходзіла, а з цягам часу жанчыны супакоіліся і сталі проста ігнараваць адна адну. Дзіўна так – на вуліцы здарыцца сутыкнуцца, дык прасунуцца моўчкі і ўсё.
Нядаўна Кацярына з Міхаілам жанілі сына. На вяселле – хочаш ці не – цётку родную запрасіць трэба. Міхаіл запрасіў, сястра нібыта і не адмовілася. Колькі размоў было ў Кацярыны! Маўляў, сораму ў Веры няма, як гэта ісці ў хату да той, з кім усё жыццё ваюе…
– Гэта каб мне прыйшлося да яе зайсці… Ды ні за што! – распалялася перад суседкамі Кацярына. – А яна прыцягнецца, ёй хоць бы што! Дык яшчэ і на месца ганаровае будзе ціснуцца – цётка ж! Дзесяць гадоў у адной і той жа сукенцы… Сорамна толькі перад сватамі. Як думаеце, можа, адчытаць яе добра пры ўсіх, каб ведала? Лепш прамаўчаць? Не ведаю, не па-мойму гэта… Перад вяселлем і так клопатаў хапае, а тут яшчэ пра Верку думай…
Да чаго дадумалася Кацярына, невядома, бо паказваць свой нораў перад непрыяцелькай ёй не прыйшлося – тая на вяселле не прыйшла.
…А яна не прыйшла
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


