Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Хто на што вучыўся

Сярожа і Вова сябравалі з дзяцінства: разам бегалі яшчэ дашкольнікамі, затым многа гадоў сядзелі за адной партай. А пасля школы вымушаны былі разлучыцца: Сяргей, які ў класе быў адным з лепшых вучняў, паступіў у інстытут – вучыцца на інжынера, а Вова падаў дакументы ў прафтэхвучылішча, дзе вучылі на электразваршчыкаў.
– Не хацеў добра вучыцца – будзеш цяпер гнуць спіну, – дакарала маці Вову. – Сябрук твой бач які малайчына, пры гальштуку будзе хадзіць, кіраваць і грошы добрыя зарабляць. А што ж, хто на што вучыўся…
Вова не пярэчыў, маўчаў і ўпарта ўгрызаўся ў сваю няхітрую, як іншым здаецца, навуку.
Прайшлі гады. Сябры ўжо даўно сталі самастойнымі, абзавяліся сем’ямі. Па волі лёсу жывуць і працуюць у адным горадзе. Сяргей – інжынер на заводзе, Валодзя – электразваршчык на будоўлі. Сустрэнуцца іншы раз, пагамоняць пра сем’і, дзяцей і, канешне ж, пра работу і заробкі… А пасля, расказваючы маці пра гэтыя сустрэчы з сябрам, Валодзя з гонарам завяршае: «Праўду ты некалі казала: хто на што вучыўся…»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries