Развіццё аграэкатурызму – накірунак прыярытэтны. Менавіта ў гэтым рэчышчы пераплятаюцца асноўны занятак і справа па душы. Стаць гаспадаром аграсядзібы – працэдура нескладаная, яе нюансы рэгламентуе Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 372 «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь». Рэгістрацыя, пастаноўка на ўлік у падатковай інспекцыі – і працаваць і яшчэ раз працаваць. Такі від дзейнасці сёння падтрымліваецца на ўзроўні дзяржавы. На тэрыторыі нашага раёна зарэгістравана трынаццаць аграсядзіб, дзейнічаюць з іх сем.
Здавалася б, ёсць усе ўмовы для развіцця гэтай перспектыўнай галіны – маляўнічыя мясціны, дзе пакінула свой след гісторыя, каларытныя мясцовыя звычаі, адметнасць побыту, гасцінныя гаспадары. Але паток турыстаў часта так сабе. Чаму?
Каб разабрацца ў гэтым, некаторыя з аграсядзіб наведала наша мабільная група, ініцыяваная аддзелам спорту і турызму райвыканкама. Перад тым як выехаць на месца,вызначылі для сябе задачу: ацаніць стан аграсядзіб, іх адпаведнасць азначанаму статусу, убачыць, што прапаноўваюць іх гаспадары патэнцыяльным турыстам, а пасля, па выніках аб’езду, ініцыяванага аддзелам спорту і турызму, правесці семінар для гаспадароў аграсядзіб, дзе яны маглі б пазнаёміцца, падзяліцца вопытам, абмеркаваць актуальныя надзённыя пытанні і сумесна знайсці адказы на іх. Канечне, не без дапамогі адпаведных службаў.
Першым пунктам на нашым маршруце была вёска Заспорня, дзе знаходзіцца аграсядзіба «Сябрына». Гаспадар сядзібы – Леанід Шульц. Нас сустрэла гаспадыня – Алена Іванаўна. Клапатлівы адбітак рукі гэтай жанчыны – ва ўсім: у высаджаных кветках, фантанчыку і іншых цікавых элементах ландшафтнага дызайну, у парадку на падворку і ў самім доме. На першым яго паверсе – каменны камін, невялічкая куханька, спальні. Усё падабрана з густам і любоўю. Убранства другога паверха яшчэ шліфуецца, але па тым, што зараз там стаіць більярдны стол, можна меркаваць пра будучае прызначэнне памяшкання. Да лазні, наверсе якой – тэраса, праз вадаём вядзе драўляны масток, недалёка ад дома – спартыўная пляцоўка. Адсутнасць тэлефона і, як следства, інтэрнэта – вось асноўная нязручнасць. Большасць турыстаў і на адпачынку імкнецца быць усё ж «на сувязі». Пытанне асвятлення, а дакладней – яго адсутнасці, узяла сабе «на аловак» Наталія Радзевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Наступнай на нашым маршруце была вёска Красніца – там знаходзіцца сядзіба «Рачная». І сапраўды, назву сваю яна апраўдвае – з аднаго боку рэчка, па якой да таго ж праходзіць байдарачны шлях. Гаспадар сядзібы, Ігар Гвоздзеў, паказвае лазню, альтанку, якую зрабіў сам, спальні. У двухпавярховым доме – шэсць пакояў для пастаяльцаў, зусім нядаўна з’ехалі чарговыя. Тэрыторыя «Рачной», заўважылі госці, патрабуе добраўпарадкавання. Нязручнасці Ігар Гвоздзеў назваў тыя ж, пра якія мы чулі ў папярэдняй сядзібе – тэлефонная сувязь (няма стацыянарнага тэлефона і магчымасці яго правядзення) і адсутнасць асвятлення. Выйсце гаспадар знайшоў: правёў падсветку, але па кішэні-такі варыянт б’е.
Гаспадар сядзібы, што ў Навасадах, Аляксандр Шупляк у той дзень з сям’ёй капаў бульбу. Пра сядзібу мы маглі меркаваць, агледзеўшы яе толькі звонку. Але і так заўважылі, што гаспадары яе – людзі працавітыя. Кветкі, агарод – клопат гаспадыні. Печ барбекю ў форме каміна, абкладзеная каменем – справа рук гаспадара, які, заўважылі мы, такім жа прыродным каменем пачаў абкладаць і сядзібу. У нейкай ступені «Таямніца» так і засталася таямніцай.
У вёсцы Чыжэвічы мы пад’ехалі да сядзібы Валерыя Багдановіча. Два домікі – адзін з Арпы, другі з Грыгарак, расказаў Валерый Васільевіч – гаспадар даводзіць да ладу сваімі сіламі. Ёсць на падворку і лазня, цікавыя самаробныя фігуркі з падручнага матэрыялу. У адным доміку якраз былі пастаяльцы, другі яшчэ патрабуе да сябе ўвагі. Валерый Багдановіч расказаў, што будзе абшываць яго дошкамі, а ўжо потым і пра шыльду з назвай можна задумвацца.
Апошняй на маршруце аказалася сядзіба ў Асташкава. Там таксама кіпела работа. Рабочыя цэментавалі сцежкі, прамазвалі лазню. Які адпачынак ў вёсцы без лазні? – лічаць гаспадары. І плануюць на будучае дабавіць ў інтэр’ер акуратнага вясковага доміка рэчаў, якія б спалучалі сучаснае з мінулым, дадаючы ў яго аблічча народнага каларыту і непаўторнасці. Быць не проста «домікам у вёсцы», а сядзібай у першапачатковым сэнсе слова – гэтага хочацца пажадаць усім сядзібам з прыстаўкай «агра-«.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара












